— А яны былі ў вас?
— Не! — цвёрда, мо толькі занадта хутка адказаў Шахрай.— Што, не задаволены маім адказам? Хацеў пачуць нешта іншае?.. Нічым не здольны табе дапамагчы. А паўтарыць, Мацвей, не збаюся: не, пакуль я — я. А калі буду ўжо толькі «ён», то ў таго, у «яго», памылкі, канечне, могуць быць.
— А я не пасаромеюся сказаць «так».
— Гэтае «так» ужо тваё асабістае «так». I мяне яно не хвалюе і не тычыцца.
— Я не хачу, каб мяне перасоўвалі з месца на месца, як тую шахматную фігуру.
— Хацець ці не хацець у тваім становішчы яшчэ нічога не значыць, не дзеўка ж ты, хаця я цябе і ашчаджаю.
— Ад каго?
Вось іменна, ад каго ці ад чаго? Ад меліярацыі, калі, мякка гаварыць, ты ўжо стаміўся. Не зразумею толькі, дзе і калі праглядзеў я гэта, калі гэта адбылося. Вадасховішча? Голая баба?
— Якая яшчэ голая баба?
— Як, ужо і не памятаеш: голая баба мыецца, у Талстога Льва Мікалаевіча.
Мацвей успомніў і ўсміхнуўся. Усміхнуўся нарэшце і Шахрай, і яны амаль што як сябры пакінулі Палац культуры, дзе праходзіў пленум. Дзіўным было гэтае іх сяброўства, і не зразумець, чаго болей было ў ім — насцярожанай цікаўнасці адзін да аднаго, варожасці ці глыбока прыхаванай сімпатыі. Сам Мацвей не вельмі цяміў у гэтай іх дружбе. Шахрай прыцягваў яго да сябе таму, што, нягледзячы ні на што, былі ў ім нейкая пэўнасць, грунтоўнасць, вера ў тое, чым ён займаўся, што рабіў, дзеля чаго жыў. У самім жа сабе Мацвей такой веры не знаходзіў. Само сабой, ён, канечне, верыў у справу, якой займаўся, але трымаўся і стаяў пры гэтым не па бетоне, як Шахрай, а на нечым іншым, што безупынна калыхалася і хісталася, і цяжка было яму трымаць раўнавагу, увесь час трэба было недарэчна махаць рукамі, мяняць баланс. I гэтая адсутнасць раўнавагі і балансу прыгнятала яго, заўсёды неабходны быў нейкі перапынак ці допінг, каб набыць устойлівасць, устояцца, каб той маятнік, што быў замацаваны ў ім, пачаў рухацца раўнамерна і з адной і той жа амплітудаю. Шахрай жа не ведаў ці не прызнаваў такіх хістанняў, а калі і выпадаў збой, як кошка, імгненна, з якой бы вышыні яго ні кідалі, зноў трывала стаяў на нагах, зноў быў ураўнаважаны і не мітусіўся, не размахваў рукамі. Вось гэтага якраз і не хапала яму, Мацвею, і адсутнасць гэтага прыцягвала яго да Шахрая, таму ён не толькі не пакрыўдзіўся на яго за гэтае новае пазначэнне і за тое, як яно адбылося, але і адзначыў разам з Шахраем гэтую падзею. Ён быў удзячны Шахраю за тое, што той пазбавіў яго ад меліярацыі, забываючы, што таму ж Шахраю трэба дзякаваць і за прычашчэнне да меліярацыі. Мацвей ужо сапраўды стаміўся сушыць, карчаваць, стаміўся аднолькава руйнаваць і будаваць. Зямля, балоты і рэкі ўжо не ўпарціліся і не супраціўляліся, як раней, нібы ён на самым пачатку, не прыкмеціўшы таго і сам, наступіў у Княжборы на нешта стрыжнявое, сярэдзіннае, ухапіў нешта адразу за сэрца, прыдушыў, скруціў яго. За гэтым усё пакацілася ўжо як пад гару, а сам ён, здаецца, пачаў глухнуць, маўчаў, не азываўся там, дзе некалі мімаволі ўскрыкваў. Ён нібы падышоў і ўступіў у тую пору, калі чалавек ужо цягне свой воз толькі дзеля добрай пенсіі, калі галоўнае — утрымацца і ўтрымаць сябе з год ці месяц, які доўжыцца, што год, даклыпаць, дабрысці да ганаровых праводзін, да ўсёдаравальнага яму з атрыманнем пенсіённай кніжкі рытуалу вызвалення, за якім ужо нічога няма, за якім пуста ўжо. I ўсё гэта выказаў Мацвею Шахрай у нумары гасцініцы, у якім яны замкнуліся пасля пленума.
— А як жа мне, калі гэта так, разумець маё старшынства? — спытаў Мацвей Шахрая.— Да гэтага ж і вы прыклалі руку?
— Прыклаў, так і разумей,— адказаў Шахрай.— Сам будаваў, сам стварай і вядзі гаспадарку. I, самае галоўнае, памятай, што за табою сочыць цяпер ох колькі вачэй. Памятай аб гэтым.
Ён вёў і памятаў, рыхтаваўся да ўборкі, прыкідваў, дзе і што будзе замінаць, ці хопіць тэхнікі, людзей. Абышоў усе хаты, папрасіў, каб выйшлі на поле і на ток не толькі старыя, але і дзеці, і студэнты з адпускнікамі дапамаглі, пакланіўся нават Ваську Барздыку. Васька яшчэ падлеткам рабіў на камбайне штурвальным, пагадзіўся і зараз пайсці штурвальным, а калі трэба — то і камбайнерам на другую змену. Асабліва ўгаворваць нікога но давялося, Княжбор цану хлебу ведаў. Здаецца, усё было прадугледжана, але самага галоўнага ён не ўлічыў: не ўлічыў хлебнага багацця. I ў самы разгар уборачнай пайшлі дажджы, закружылі ветры, пшаніцу палажыла. Камбайны і машыны гразлі ў полі, закапваліся па ступіцы, але гэта была яшчэ не бяда. Іх выносілі з поля, лічы, па руках. выдзіралі трактарамі — усё гэта было яшчэ ў руках чалавечых, толькі б жаданне. А жаданне было. Бабы і мужчыны на чале з рэдактарам раённай газеты, які адказваў за ўборку ў Княжборы, на чале з самім Мацвеем, а часам і з першым сакратаром райкома партыі амаль што літаральна насілі тую калгасную тэхніку на руках. Перажылі, выстаялі ў нягоду. А калі спыніліся дажджы і зноў засвяціла сонейка, адладжаная, змацаваная агульнаю бядой машына зламалася. Зерне не паспявалі адвозіць ад камбайнаў, яго не было куды ссыпаць, не хапала такоў, павецяў, яго не паспявалі лапаціць і сушыць на сушылках, сушылак таксама не хапала, а да ўсяго, у раёне ўжо, захлынуўся і элеватар. I зранку на першых машынах са збожжам паехаў у раён, каб неяк прапіхнуць гэтае збожжа, рэдактар газеты.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу