«Нацярпеўся хлопец, — падумалася яму, — адзінокі, гаротны, вось і бяжыць за любым сустрэчным чалавекам, як сабачанё».
— Ты вось што, — паклаў Кузьма руку на плячук Ваську, — бяжы дамоў, а я ўжо сам дайду. І глядзі — не дурэй. Вярнуся з войска — табе салдацкую шапку прывязу.
Сеўшы ў вагон конкі, ён глядзеў, як стаіць Васька на бруку, — рукі ў кішэнях, малы, худы, з перавязаным сіняй анучай вялікім пальцам левай нагі. Было ў хлапчуку нешта ад гарадскога вераб'я, беспрытульнага, заўсёды галоднага, але з такой яраснай жыццёвай сілай, якая дазваляе спяваць, радавацца і спадзявацца на лепшае ў самыя лютыя маразы і завеі.
Зноў пачаліся доўгія турэмныя дні і ночы. Сырая восеньская халепа змянілася марозным пякучым ветрам, і зямля адразу скамянела, зазвінела, пакрылася бліскучай лускою лёду.
Вецер ужо прыносіў з халодных нябёсаў першыя сняжынкі.
Яны няўпэўнена кружыліся над турэмным дваром, быццам баяліся на яго ўпасці.
Раніцай Кабскі адмовіўся ісці на работу. Лёг на нары, закрыў галаву рукамі, застыў у здранцвенні.
— Гэй ты, чаго разлёгся? Уставай! — штурхануў яго наглядчык.
— Не ўстану. Не буду працаваць на вас, фараоны. — Голас у Кабскага дрыжаў.
— Захварэў? — здзівіўся наглядчык. Вязні, як ён лічыў, не маглі, не мелі права хварэць. Ён ужо адчуваў, як весела будзе, калі сам начальнік турмы прыйдзе «лячыць» гэтага дзівака.
— Не буду працаваць, — кароткімі пабялелымі пальцамі Кабскі ўчапіўся ў шэрую коўдру — адрывай, не адарвеш.
Прыйшоў начальнік турмы, злосна глянуў на яго, загадаў:
— У карцэр.
Але Кабскі раптам узвіўся над нарамі, тыцнуў кулаком у зубы наглядчыку, наліўся цяжкай чырванню, зароў, як звер:
— Не буду! Сіл няма! Хоць забіце!..
Яго пацягнулі па праходзе. Ён чапляўся за нары, біў наглядчыкаў нагамі, кусаўся. У ім, тоўстым і няўклюдным, прачнулася дзікая нечалавечая сіла. І тады сцяной перагарадзілі праход усе вязні.
— Не дазволім. Ён хворы, — сказаў начальніку турмы Юшкоў.
Начальнік, з перакошаным ад гневу тварам, хацеў спіхнуць яго з дарогі, але раптам быццам нешта ўбачыў упершыню, быццам аб нечым здагадаўся — вяла махнуў наглядчыкам рукой:
— Адпусціце. Хай доктар з лазарэта яго праверыць.
Згорбіўшыся, ён выйшаў з камеры, і нават у калідоры здавалася яму, што апякаюць ягоную спіну суровыя гарачыя вочы. І ён з трывогай падумаў, што ў яго чацвёра дзяцей, хворая жонка і што ў горадзе і па ўсёй краіне неспакойна: вось-вось пачнецца новая заваруха. Яму самому, як калісьці ў маленстве, захацелася захварэць, ляжаць у цёплым ложку і піць кіпень з сушанымі малінамі.
А ў камеры ўсе па-дзіцячы радаваліся сваёй перамозе. Беланогаў раздзьмухваў светлыя з іржаўчынаю вусы, гаварыў:
— Мы, хлопцы, сіла. Самі вы яшчэ не ведаеце, якая мы сіла.
Толькі Вальдэмар Кабскі ціха ляжаў на сваіх нарах. Усё яго цела ныла, балела, у вачах скакалі яркія бліскучыя іскры. Яму чамусьці хацелася плакаць.
Ноччу Юшкоў ціхенька падышоў да Кузьмы, сказаў:
— Нутром чую — нешта хутка пачнецца. Усё гатова, толькі б зброю нам у рукі. На Мінскі Савет уся надзея.
Кузьма адшукаў у цемры яго руку, паціснуў. Моцная рука была ў Юшкова.
У другой палове кастрычніка Кузьму зноў удалося вырвацца ў горад, ужо разам з Юшковым. Неба над горадам здавалася цяжкой свінцовай коўдрай, з якой сыпаўся халодны дождж. Яшчэ па дарозе яны дамовіліся з наглядчыкам, і ён адпусціў іх на дзве гадзіны.
— Толькі з вас тры пачкі папярос, — не забыўся напомніць наглядчык.
Яны адразу ж пайшлі на вуліцу Петраградскую, у Мінскі Савет. Будынак Савета стаяў якраз насупраць Каломенскай плошчы. Проста на плошчы расклалі касцёр і грэліся каля яго чорныя вусатыя коннікі ў калматых баранніх папахах, з доўгімі крывымі шаблямі, якія ажно валачыліся па зямлі.
— З Каўказскай дывізіі, — глянуў на іх Юшкоў. — Народ гарачы, але дужа ўжо афіцэрам сваім верыць.
Па каменнай лесвіцы, да бляску адшліфаванай падэшвамі, яны ўзняліся на другі паверх і пайшлі па вузкім цемнаватым калідоры. У калідоры і ў пакоях, якія штораз адчыняліся, было шмат народу; вайскоўцы, цывільныя, мужчыны і жанчыны. Усе гаваркія, узбуджаныя.
Зайшлі ў невялікі пакойчык, на ўсю сцяну якога вісела вялізная карта Расійскай імперыі. У пакойчыку нікога не было, як туман, стаяў у ім густы тытунёвы дым. На стале мясціліся старэнькі тэлефон, пішучая машынка «Ундэрвуд», вакол якой былі раскладзены стосы чыстай паперы. Адразу ж, следам за імі, у пакой увайшоў высокі сівагаловы чалавек у сінім клятчастым паліто. Нешта дужа знаёмае было ў ягоным твары. Щ
Читать дальше