Ён перакінуў рэмень ад гармоніка цераз плячо, прымерыўся вокам да ніжэйшых сукоў дрэва, што расло тут на плошчы, раптам лёгка падскочыў, падцягнуўся на руках і ўжо сядзеў на дрэве.
— Ну і лаўкач ты, Іван, — толькі і сказаў Пчалаводаў.
А Юшкоў гаварыў зверху:
— Наш Жабрэеў ужо на трыбуне. Каля камандзіра палка круціцца. Бач ты: і нейкая баба там. Нічога сабе мадама. І капітан Кукавераў, як кот, аблізваецца каля мадамы.
Кузьма выцягваў шыю, станавіўся на пальчыкі, але ўсё роўна папахі і шырокія спіны перашкаджалі бачыць, што робіцца на трыбуне. Ён толькі чуў густы і сіплы голас камандзіра палка палкоўніка Талубко:
— Мы ўсе грамадзяне вольнай Расіі, яе сыны і воіны. Вясна народаў прыйшла і ў нашы акопы. Яшчэ ўчора мы былі бяспраўныя слугі дэспатызму, а сёння мы гаворым усяму свету: руская армія ўзняла над сабой гордыя сцягі свабоды, руская армія не дазволіць нікому задушыць гэтую свабоду ў калысцы.
Салдацкі натоўп узбуджана-радасна зароў. Паляцелі ўгору папахі. Нехта стрэліў з рэвальвера. Незразумелая радасць і весялосць перадаліся і Кузьму. Хацелася крычаць нязвыклыя прыгожыя словы, якія ап'янялі, як віно, як пацалунак жанчыны. Але зверху Юшкоў запытаўся ў тых, што на трыбуне, быццам халоднай вады лінуў за каўнер.
— Калі дадому? Калі мір з германцам заключым?
— Я адкажу вам, грамадзянін салдат, — як званочак сярод глухіх удараў барабана, прарваўся раптам праз тлум мужчынскіх галасоў высокі жаночы голас, і Кузьма ўздрыгнуў: графіня! Гэта была яна. Кузьма амаль на плечы ўзлез здаравеннаму рыжавусаму акопніку, што стаяў перад ім, і ўбачыў графіню: у простым салдацкім шынялі, з чырвоным бантам у нічым не прыкрытых, ярка-чорных доўгіх валасах. Твар яе быў бледны, прыгожы, нібы яна ўжо была памёршая, але ўваскрэсла, ажыла, і з кожным словам усё ярчэй загараліся вочы, усё гусцей пунсавелі шчокі.
— Я адкажу вам, — гаварыла яна, гледзячы з трыбуны на Юшкова, што, як шпак, сядзеў на дрэве. — Я сястра міласэрдзя. Я бачыла, як паміраюць ад куль, гранат, бомбаў і снарадаў рускія салдаты. Гэта сапраўдныя героі. Не адступіўшы ні кроку назад, яны паміралі, як гапліты спартанскага цара Леаніда, як воіны Аляксандра Македонскага. За іх плячамі была святая Русь, і яны біліся за яе да канца. Хіба ж вы, іх браты, не адпомсціце за іхнюю пралітую кроў? Хіба вы зможаце спаць спакойна, калі вам прысніцца гэта кроў?
Натоўп загуў, закалыхаўся. Здавалася, крыкні цяпер гэтая прыгожая жанчына: «Ідзіце памрыце!» — і ўсе б пайшлі на смерць. Толькі Юшкоў быў на дзіва спакойны, і калі трохі прыціхла, ён — настырная душа — спытаўся ў сястры міласэрдзя:
— Няўжо вам, грамадзяначка, так хочацца нямецкай крыві?
— Ах ты сволач! — крыкнуў рыжавусы акопнік, падскочыў, ухапіў здаравеннымі рукамі Юшкова за нагу. — Зараз мы з табой расквітаемся... — Але Юшкоў лёгка ўдарыў яго ботам у твар. Рыжавусы адразу закрыў твар рукамі. На пальцах зачырванелася кроў. Тады яшчэ з дзесятак салдат, злых, рашучых, падбегла да дрэва. Здавалася, вось-вось вырвуць яго з карэннем, і ўжо не паздаровіцца Юшкову.
— Што вы робіце, хлопцы? — раскінуў перад імі рукі Пчалаводаў.
Ён быў падобны на курыцу-квактуху, што бароніць сваё занадта шустрае, неразумнае пылянятка.
А Юшкоў раптам выхапіў нешта з-за пазухі — граната! — падумаў Кузьма, — размахнуўся, страшна выкаціў чорныя вочы.
— Разыдзі-і-ісь! Мяса нараблю!
Салдаты пабялелі ад страху, спыніліся. Усе чакалі: вось-вось рэзка апусціцца ўскінутая аж за плячо рука і грымне выбух. І, як збавенне, зноў прагучаў жаночы голас.
— Грамадзяне салдаты! У свабоднай арміі не можа быць самасуду.
Усе гэтыя імгненні душа Кузьмова як бы разрывалася на дзве часткі: ён прагна, з нейкай нязвыклай, абвостранай асалодай лавіў кожнае слова прыгожай графіні і адначасова захапляўся Юшковым, ягонай смеласцю.
Юшкоў схаваў руку за пазуху, разгубленыя хмурныя салдаты глядзелі на яго з нянавісцю, але стаялі на месцы.
— Іван, — сказаў Пчалаводаў, гледзячы на Юшкова, — ты, як малое дзіця. Злазь адтуль. Пойдзем... Ну іх усіх к богу.
Юшкоў, не выцягваючы руку з-за пазухі, скокнуў на зямлю. Ноздры яго тонкага, трошкі гарбатага носа трапяталі. А з трыбуны ўжо загаварыў Жабрэеў. Гаварыў ён спакойна, роўна, быццам нічога не здарылася. Да Кузьмы мала даходзілі яго словы, ды Кузьма, па праўдзе кажучы, стараўся ў іх і не ўнікаць. Дужа многа слоў чуў ён за апошнія месяцы, слоў прыгожых, часам мудрагелістых, незразумелых, каб, як малы хлапчук, развесіць вушы, слухаючы яшчэ аднаго разумніка.
Читать дальше