— Легіён у вёсцы! Палякі, — глытаючы словы, сказаў Аркадзь.
У ягоных вачах, як сіні лёд, застыў страх.
Аказалася, недзе пасля снедання ў вёску ўварвалася конная польская часць.
— Чалавек сто будзе, — хуценька гаварыў Аркадзь. — На рагатых шапках белыя арлы, на рукавах нейкія нашыўкі. І ва ўсіх штаны з чырвонай палосай...
Палякі адразу пабеглі па дварах, пачалі страляць свіней і курэй, адбіраць у людзей цёплае адзенне. Аркадзь у гэты час спаў у флігелі — учора позна гуляў у карты. Калі пачуў стрэлы, з перапуду скокнуў у акно і сюды — у лес.
— Вось руку сабе шклом парэзаў, — разгублена ўсміхаючыся, паказаў Аркадзь кроў. — Мне яшчэ пашанцавала... Я ўцёк. А Бацюта з гэтым казаком, з Гаршковым, зачыніліся ў флігелі і страляюць праз вокны.
Зноў усе прыслухаліся. Ад вёскі далятала рэдкая страляніна: адзіночныя, няйначай, прыцэльныя стрэлы тых, што адбіваліся з засады.
— Палякі флігель падпаліць хочуць, — нервова пацепаючыся, растлумачыў Аркадзь. — Салому хочуць з тарпяка ўзяць, што ля канюшні. А Бацюта не падпускае да тарпяка.
Навіны, якія прынёс Пісаронак, аглушылі ўсіх. Кузьма бачыў наўкола сябе бледныя разгубленыя твары. Ён і сам разгубіўся, і не хаваў гэта ні ад кога. Там жа ў флігелі Сяргейка. Што, калі легіянеры прарвуцца да тарпяка? Можа, ужо хапаюць сухую жоўтую салому, абкладаюць ёю драўляныя сцены. Кузьма заплюшчыў вочы, нібы ў твар яму шуганулі чырвоныя траскучыя касмылі полымя. Ён страсянуў галавой, расплюшчыў вочы і ўбачыў вялікія, сінія ад марозу рукі Чыжэвіча, якія развязвалі вяровачку на сцягу. І гэта вярнула спакой і рашучасць.
— За мной, хлопцы, — сказаў ён.
Прыгінаючыся амаль да самай зямлі, спатыкаючыся, выбеглі з лесу ў густы нізенькі алешнік, які вёў да самых прыгуменняў. Па алешніку цёк ручаёк, што каля маёнтка ўпадаў у Гразёўку. Пайшлі па ручайку, бо на мёрзлым балоце дужа моцна трашчаў, ажно страляў пад нагамі крохкі лёд, і іх маглі пачуць яшчэ здалёку. Ручаёк таксама замерз. Лёд на ім быў белы і зеленавата-сіні, прыцярушаны мяккім снегам. Кузьма раптам паслізнуўся, узмахнуў рукамі і грымнуўся на лёд. Паспеў усё-ткі ўпасці на рукі. Ён ляжаў, амаль дакранаючыся шчакой да лёду, і ўбачыў такое, што на хвіліну прымусіла забыцца пра ўсё. Проста пад ім, пад яго вачамі, пад сярэбранай скарынкай лёду стаяла рыбка, маленькая, таксама ўся сярэбраная. Да яе, здавалася, можна было дакрануцца губамі. Быццам нейкая дзіцячая цацка, лёгкая і вясёлая, заплыла сюды і скамянела аж да самай вясны. Будуць выць над алешнікам завірухі, будуць асцярожна падкрадвацца да сялянскіх хлявоў ваўкі, будзе месяц свяціць з халоднага начнога неба і адлюстроўвацца, успыхваць у сінім лёдзе, а рыбка будзе стаяць вось так ля гэтага кусціка асакі, чакаць цёплага сонца.
Кузьма падняўся, пайшоў услед за таварышамі, і на душы было ціха-ціха.
Яны залезлі на заснежаную страху гумна, прытаіліся. Ім быў відзён маёнтак і адна, новая, як яе называлі, вуліца вёскі. Астатняя частка вёскі была схавана за ляском, што акружаў маёнтак з поўдня. І з новай вуліцы, і адтуль, з-за ляска, даляталі людскія крыкі, іржанне коней. Кузьма адразу глянуў у бок флігеля. Легіянеры ляжалі, уткнуўшыся тварамі ў снег, за крокаў трыццаць ад будыніны. Яшчэ адна перабежка, адзін адчайны рывок — і яны будуць у флігелі. Вось афіцэр махнуў пісталецікам, і марудлівыя постаці паслухмяна ўзняліся ў атаку.
Між тым на той вуліцы, якую не маглі бачыць атраднікі, адбывалася вось што. Якраз пасярэдзіне вуліцы, па цвёрдым, убітым людзьмі і коньмі снезе, павольна рухалася дзіўная працэсія. Чмялёўцы, якіх легіянеры выгналі з хат, глядзелі на яе. Ніколі яшчэ не даводзілася бачыць такога. Па вуліцы ішлі чужыя воіны ў кароткіх яркіх плашчах, у бліскучых шлемах, з кароткімі шырокімі мячамі ў руках, з круглымі лёгкімі шчытамі. Некаторыя былі ўзброены доўгімі пікамі. Самы галоўны сярод іх ішоў, апусціўшы галаву, кусаў губы ад сораму і крыўды. Ён, здаецца, не адчуваў марозу. Уважлівей прыгледзеўшыся, чмялёцы спагадліва ўздыхалі, ціха казалі адзін аднаму:
— Гэта ж нашы хлопцы... Мішка Сырамалот першы ідзе...
— А вунь Іван Міхейчыкаў з Мікітам Сцепанюгам...
Мішка Сырамалот гатоў быў хоць праз зямлю праваліцца. Трэба ж было ў час рэпетыцыі трапіць у рукі палякам. Ніхто нічога не ведаў, ні аб чым не здагадваўся, і раптам...
Вахмістр, які арыштаваў іх, вельмі здзівіўся спачатку, а потым засмяяўся:
— Правесці галаштаннікаў па ўсёй вёсцы. Хай паглядзяць хлопы, з кім мы ваюем.
Читать дальше