— Не біце мяне бязменам! — зноў крыкнуў Баўтрук і пачаў сыпаць сабе на галаву сена.
— Ужо месяц, як у мяне тут сядзіць, — ціха тлумачыў Кузьме і Чыжэвічу хутаранін, палахліва пазіраючы ка Баўтрука. — Прыйшоў неяк ноччу. Галава ў крыві... І, ледзь вочы прадзярэ, — нясі яму гарэлкі. А не прынясеш — кулю ў кішкі ўсадзіць...
— А ты ведаеш, што ён вораг Саветам, што ён людзей паліў? — рэзка спыніў яго Кузьма.
Ён пачаў калаціцца і ад марозу, і ад хвалявання, і ад злосці, што раптам успыхнула ў грудзях. Хутаранін нічога не адказаў, згорбіўся, часта дыхаў.
— Ён і сам бандыцкі падгалосак, — злосна сказаў Чыжзвіч і стукнуў прыкладам вінтоўкі аб сцяну.
— Што вы, браточкі? — залямантаваў хутаранін. — Не быў я з імі... Хай язык адсохне, калі хлушу. Гэты ж во, — рукой з ліхтаром ён тыцнуў у бок Баўтрука, — пад стрэльбай мяне прымусіў хаваць яго. Дзетак маіх, казаў, пастраляе. Ды і як ён у мяне тут хаваўся? Сядзеў, як ліса пад бараною.
— Ой, не забівайце! Не біце бязменам! — раптам нема крыкнуў Баўтрук і, распіхнуўшы ўсіх, кулём выкаціўся на двор. За ім ірвануліся Кузьма з Чыжэвічам. іЧыжэвіч ужо прыціскаў да пляча прыклад вінтоўкі. А Баўтрук схапіў драбіны, што стаялі на двары каля клеці, прыставіў іх да ліпы і палез, хуценька пабег уверх, на дрэва. Усе аслупянелі ад нечаканасці і здзіўлення. У Чыжэвіча звалілася з галавы шапка. Баўтрук ужо быў на самай макаўцы старой ліпы. «Так каты ратуюцца ад сабак...» — падумалася Кузьме, і ў тое ж імгненне Баўтрук нешта крыкнуў, адрывіста, дзіка-спалохана, і, растапырыўшы рукі, ломячы голле, цяжка паляцеў уніз, на востры дубовы паркан.
— Гатоў, — сказаў Чыжэвіч, калі яны ўсе трое падышлі да Баўтрука, што нерухома, звіўшыся клубком, ляжаў каля паркана.
Усе маўчалі. Так нечакана канчалася гэта доўгая зімовая ноч.
— Закапаеш яго дзе-небудзь у лесе, — сказаў Кузьма хутараніну.
Ад хвалявання моцна тахкала сэрца.
— А божачка мой, — спалохана хрысціўся хутаранін. — Гэта ж трэба такое...
Ён зноў схадзіў у клець, знайшоў там рыдлёўку, завязваў вузлом вяроўчыну на санках. Потым, калі трохі астыў, ікаючы, расказваў Кузьму:
— Ведаў я яго трохі. Нашы бацькі на хутарах каля Бярозы суседзілі. Дык бацька ягоны, Піліп Баўтрук, калі сын угневае чым-небудзь, садзіў яго ў пустую бочку. Вялікая ў іх такая бочка была. Дзень, бывала, сядзіць у той бочцы, а то і два. Без вады і без скарыначкі. І не вылезеш — бочка высокая, гладкая. А гадоў тады яму было пяць ці шэсць...
— Не вадзіўся ты, значыць, з бандытамі? — спыніў яго Кузьма. — Ну, добра. Праверым дні праз два. Цяжка будзе, калі хлусіш.
— Чысты перад вамі, як на споведзі, — перахрысціўся хутаранін.
— Праверым. Вязі гэтага... — Кузьма згроб у жменю камяк снегу, прыклаў да лба.
На світанні пашыбавалі ў бок Чмялёў. З цяпла, разагрэтыя, на ранішнім вострым марозіку ўсе пагорбіліся, скурчыліся, глядзелі толькі сабе пад ногі.
— Бягом! — скамандаваў Кузьма.
Праз якой паўгадзіны стала ўжо горача, ды так, што хацелася скінуць з сябе верхнюю вопратку. Сонца ўзнімалася вышэй у небе, і яны ўсё бліжэй падыходзілі да свае вёскі. Заставалася вярсты паўтары — дзве. І раптам Яўхім Сцепанюга, што ішоў наперадзе, спыніўся, узняў уверх руку:
— Стойце, хлопцы... Чуеце?
Праз шум лесу, праз біццё разагрэтых сэрцаў усе пачулі рэдкія траскучыя гукі: быццам нехта браў на калена сухія арэхавыя кійкі і ламаў іх. Была ў гэтых гуках нейкая размеранасць, нейкая трывожная аднастайнасць.
— Васіль Баранок вавёрак з драбавіка б'е, — упэўнена сказаў Людвік.
Зноў пайшлі па лесе, пайшлі хутчэй. Дарога павінна была зрабіць апошні паварот перад Чмялямі. Вось-вось у прагалах між дрэў забялее поле.
— Дужа ж многа вавёрак, — як бы сам сабе, буркнуў Пятро Чыжэвіч.
І тут з густога, зацярушанага снегам хмызняку, што ішоў уздоўж дарогі, выскачыў чалавек ва ўсім белым і кінуўся да іх. Быццам прывід вырваўся з забытай людзьмі лясной магілы.
— Не страляйце! Я свой, — крычаў і махаў рукамі чалавек.
Усе апусцілі вінтоўкі, бо і сапраўды, у першую хвіліну хацелася страляць.
— Я свой! — задыхаючыся, крычаў чалавек.
Ён падбег і амаль паваліўся на рукі Сцепанюгу. У грудзях у яго аж гуло і клекатала ад стомы і ад хвалявання. Гэта быў Аркадзь Пісаронак, парабак з маёнтка, які клаў новыя печы, а калі не выпадала такой работы, працаваў на кухні: сек дровы, падвозіў ваду, чысціў коміны і мыў катлы.
Ён быў у адных зрэбных портках. На нагах — буркі, на плячах запэцканая глінай кароткая сіняя паддзёўка.
Читать дальше