Яны зноў змоўклі. Відно было, што Сташэўскаму нешта не дае спакою. Ён усё прыглядаўся да Антона, абмацваў яго халоднымі вачамі. Потым спытаўся:
— А што робіцца на волі? — Так і сказаў «на волі», нібы сам знаходзіўся ў турме.
— У вёсцы мужыкі панскую зямлю і маёмасць дзеляць. А ў горадзе... Не ведаю. Кругом чырвоныя сцягі вісяць. Салдаты ходзяць. А я з вёскі, на беларускі з'езд прыехаў...
— З'езд такі быў? — здзівіўся сусед і павярнуўся тварам да сцяны.
«Не хоча гаварыць, — падумаў Антон. — Ну і няхай... Цяжка чалавеку, перажывае...»
Ён таксама замоўк, пачаў думаць пра Кузьму. Няўжо не прыйдзе? Няўжо не захоча наведаць хворага брата, якога ўжо год, як не бачыў? Строгая ж у іх там дысцыпліна. Ды, напэўна, не ў дысцыпліне загваздка. Сам Кузьма не хоча прыйсці. Ён жа з чырвоным бантам цяпер ходзіць, як святы, зрабіўся. А ён, Антон, супроць ягоных Саветаў руку ўзнімаў...
— Ці ёсць у вас тут у Мінску родзічы? — спытаўся Сташэўскі і, абапёршыся на локаць, як не пракалоў Антона сваім позіркам.
Антон разгубіўся ад нечаканага пытання, адказаў спачатку:
— Няма... — але потым паправіўся: — Брат ёсць, Кузьма... Ён тут служыць...
Сташэўскі зноў павярнуўся тварам да сцяны. Спіна ў яго была нерухомая, але было чутно, як ён часта дыхае.
Назаўтра ў палату прыйшоў Гайкевіч. «Як ён знайшоў мяне?» — здзівіўся Антон. Чакаў Кузьму, а прыйшоў Аркадзь. Вось і зразумей жыццё, вось і здагадайся, хто сябра табе, а хто вораг.
Гайкевіч агледзеўся, глянуў на Сташэўскага, сказаў Антону:
— Ну і трапіў жа ты, братка, у сінагогу...
Ён адразу ж пазнаёміўся са Сташэўскім, адчуў у ім блізкую душу. Стаяў паміж ложкамі, гаварыў:
— Цяжкія часы наступаюць, Антоне. Але не ўсё страчана. Наш консул у Кіеве Аляксюк просіць грашовай пазыкі ў Пятлюры. На румынскім фронце «беларусізуюцца» вайсковыя часці на чале з генералам Пажарскім. Як спяваецца ў нашым гімне: «не пагаснуць зоркі ў небе». Толькі б усе былі заадно. Але ж наша вёска ўсё болей верыць бальшавікам. Скажу табе: незразумелы наш народ. Для яго ж дабра стараешся, а ён нос убок верне. Сціпласць, а лепей сказаць — забітасць, у кас у крыві. У той час, як іншыя народы будуюць дамы, высозныя, пад неба, мы ледзь-ледзь агоралі сабе хатку. «Беларуская хатка». Як дробненька гучыць!
Гайкевіч павярнуўся да Сташэўскага:
— Вы, калі я не памыляюся, паляк? Тады вы нас павінны зразумець.
Сташэўскаму як бы крышачку зрабілася няёмка. Ён зморшчыўся:
— Мой дзед быў палякам. А я ўжо, з божай дапамогай, рускі. А вы дзіўны чалавек. Тысячы інародцаў, розных іудзеяў, мусульман, лічылі б за найвялікшы гонар стаць велікаросамі, хоць іхнія фізіяноміі не з таго цеста злеплены. А вы праваслаўны, такі, як усе, але вам, нібы дзіцяці, трэба даводзіць, што вы рускі, бо вы затлумілі сабе і іншым галаву нейкай Беларуссю. Прабачце, кажу вам шчыра, як інтэлігентнаму чалавеку.
Гайкевіч, відаць было, не чакаў такіх слоў. Ён збянтэжыўся, пачырванеў, а потым сярдзіта скрывіў губы. І больш не паварочваўся да Сташэўскага.
— Ты, здаецца, брата сустрэў? — спытаўся ён у Антона.
— Сустрэў... Кузьму, — Антон усё яшчэ знаходзіўся пад уражаннем слоў Сташэўскага. Бач ты, маўчаў, маўчаў, а тут такую аплявуху ўляпіў гэтаму Гайкевічу. У глыбіні душы Антону было прыемна, што Гайкевіча так асадзілі.
— А ты не думаеш, што цябе могуць забраць адсюль? — рэзка сказаў Аркадзь.
— Куды?
— На казённы хлеб і ваду. Ты быў на з'ездзе? Быў. Галасаваў супраць мінскіх камісараў? Галасаваў. Яны з табой за гэта цацкацца не будуць. Брат жа твой цябе і арыштуе.
— Кузьма не такі, — не паверыў Антон.
— Не такі, кажаш? Усе яны такія. Ленін сам з дваран, а пайшоў супраць дваранства. Дык што, думаеш, брат твой цябе пашкадуе, калі ты ідзеш супраць камісараў?
— Не палохай мяне, — не вытрымаў Антон. — Я не палахлівы. Трэба будзе — адкажу за тое, што нарабіў.
Гайкевіч адразу паспакайнеў. Прыгладзіў абедзвюма рукамі валасы, сказаў:
— Я цябе не палохаю. А толькі трэба нам адсюль куды-небудзь сыходзіць... Каб на відавоку не быць.
— Я ў вёску паеду, — панура глянуў на яго Антон.
— Думаеш, там цябе чакаюць? Пасылала цябе воласць на з'езд? Не пасылала. Ты сам паехаў. Дык, думаеш, з блінамі цябе там сустрэнуць?
Антон нічога не адказаў. І, сапраўды, не так проста ўсё выходзіла. Ён раптам адчуў, што знаходзіцца ў нейкім зачараваным страшным коле. Як тхор, што трапіў у пастку. Што ж рабіць? Быў бы побач старэйшы брат, ён бы навучыў, падказаў. Але ж Кузьмы няма, і ён не прыходзіць. Што ж рабіць?
Читать дальше