Соня змоўкла, выцерла тонкія рукі кавалачкам шурпатай паперы, уздыхнула:
— За што нас не любяць?
Антон павольна павярнуўся на спіну, адчуў, як заныла, зашчымела апечаная скура. З яго галавы не выходзіла, як сустрэўся з братам. Кузьма быў так узрадаваны, што ажно разгубіўся. І ўсё дзівіўся, усё не мог паверыць. А як даведаўся, што дзед Ігнат памёр, прыкусіў губу і ўсхліпнуў. Добры Кузьма брат, добры чалавек. Казаў, што з самага кастрычніка ў бальшавіцкім войску служыць. Толькі потым ужо, як ішлі ад тэатра па нейкай вуліцы, нахмурыўся і спытаўся:
— А ты чаго тут? Чаго з гэтымі цюцькамі звязаўся?
І сябра яго вусаты так глянуў, як нажом паласнуў.
Антон утаропіўся паглядам у столь, задумаўся. Столь была высокая, з шырокіх сасновых дошак, шчыльна падагнаных адна да адной.
Яе, пэўна, нядаўна перасцілалі, бо дошкі былі жоўтыя, свежыя.
— Ці не прыходзіў хто да мяне? — спытаўся Антон у Соні.
— Як прывялі тады ноччу, болей ніхто і не быў, — адказала Соня, зграбаючы ў вядро смецце з падлогі. — А што? Можа, паненку якую чакаеш?
— Нікога я не чакаю, — буркнуў Антон.
Значыць, Кузьма не прыходзіў. А служыць недзе побач у горадзе. Можа, ад службы нельга адарвацца? Усё-такі вайсковы чалавек. Ды не, прыбег бы, знайшоў бы час.
Антон сцішыўся, увесь неяк здранцвеў, колькі хвілін ляжаў не дыхаючы, нібы слухаў нешта ў самім сабе. Усё выразней, усё ўладней нараджалася ў галаве думка, ад якой ён спачатку адмахваўся. Кузьма не прыйдзе да яго. Ні сёння, ні заўтра. Ніколі. Антон жа быў удзельнікам з'езда, а Кузьма са сваімі таварышамі, з тым сярдзітым вусачом, разганяў гэты з'езд. Значыць, яны ворагі, хоць і родныя браты. Кузьма, можа б, яшчэ і прыйшоў як-небудзь крадком, але баіцца свайго начальства. Даведаецца начальства, што такі ў яго брат, не паздаровіцца Кузьме.
Адразу зрабілася сумна і адзінока. «Навошта я сюды ехаў? — падумаў Антон. — Дурань, не паслухаў бацьку... Быў бы зараз дома, з Янінай сустрэўся б каля гумна...» Такія жаданыя, такія блізкія клопаты і справы былі адгароджаны ад яго гэтымі шэрымі бальнічнымі сценамі.
Калі ўвайшла ў палату Соня, ён спытаўся:
— Мне трэба будзе плаціць доктару?
Соня звяла на пераноссі чорныя тонкія броўкі:
— Ты што — Каплан, які мае сваю цагельню? Ці Кантаровіч, у якога ёсць шпалерная фабрыка? Ты хворы і бедны. І тыя салдаты загадалі не браць з цябе ніякіх грошай.
«А ў мяне тых грошай, як у вожыка пер'я», — нявесела падумаў Антон, але ўсё ж яму трохі палепшала на душы. Хутчэй бы толькі ўстаць на ногі.
— Вось у цябе што ў кішэні было, — трохі памаўчаўшы, сказала Соня і паказала яму званок. — Навошта ён табе? Мы падумалі спачатку — можа, ты ў цацкі яшчэ гуляеш...
Яе чорныя вочы смяяліся. Антон узяў званок, пра які зусім ужо забыўся. Незразумелая радасць варухнулася ў душы. Ён узрадаваўся званку, як жывому чалавеку, як сябру, што сустрэўся пасля доўгіх дзён разлукі. Званок быў цёплы, і ад ледзь прыкметнага руху ціхенька нараджалася ў ім сярэбраная песня. Перад Антонам зноў ажылі малюнкі з'езда: спатнелыя чырвоныя твары людзей, шум, крыкі, даўгалыгі Сцяпан Дыдо, што хадзіў са званком па вестыбюлі. Дзе цяпер Сцяпан? Ці дабраўся да свайго Клічава? Ён паклаў званок на падушку, зноў сцішыўся, стаў разглядаць сваю палату, бо да гэтага, калі ляжаў у гарачцы, яму было ўсё роўна — дзе ён і з кім ён. Палата была маленькая, вузенькая, крокаў шэсць, не болей, у шырыню. Пэўна, зусім нядаўна тут размяшчалася якая-небудзь бальнічная кладоўка, у якой захоўваліся вёдры, венікі і іншыя гаспадарчыя прылады. Усе сцены былі глухія, без акон. Непадалёку ад Антонавага ложка, як працягнуць руку, стаяў яшчэ адзін. На ім, тварам уверх, закінуўшы рукі пад галаву, ляжаў малады мужчына, вельмі прыгожы, светла-русы, чарнабровы. Правая нага ў яго была ў лубках. Мужчына адчуў на сабе Антонаў позірк, павольна павярнуў галаву. Вочы яго глядзелі з-пад цёмных веек халодна і насцярожана. Але, відаць, у Антона быў такі бяскрыўдны, такі даверлівы твар, што мужчына трохі памякчэў, глухаватым голасам назваў сваё прозвішча:
— Сташэўскі.
— Радзімовіч, — сказаў Антон.
Сусед чамусьці ўздрыгнуў, быццам лінулі яму за каўнер халоднай вады. Уважліва паглядзеў на Антона, як бы нешта ўспамінаючы, нешта параўноўваючы. На хвіліну няёмкая цішыня павісла ў палаце.
— Дзе гэта вы нагу пакалечылі? — асцярожна, каб чым-небудзь не пакрыўдзіць суседа, пацікавіўся Антон.
— Ды так... — спахмурнеў Сташэўскі. — Паспяшыў, з цягніка саскочыў...
Читать дальше