Слуцкі селянін прынёс вялікі металічны кубак, у якім плёхаўся пасалоджаны вар.
— Паспытай нашага мядку, — сказаў ён і стаяў, чакаў, пакуль Антон вып'е.
Недзе побач гаварыў Дыдо:
— Не туды цягнуць нас адвакаты, афіцэрыкі і ўся іхняя каманда... Я з флоту не для таго ехаў, каб у Беларусі іхняе царства аб'яўляць.
— Матрос, не тое вы гаворыце, — перапыніў яго раптам малады танклявы голас. — Ніякае царства аб'яўляць мы не хочам. Мы не манархісты. Мы хочам даць нашаму народу свабоду і зямлю.
— Хто ты такі? — разгублена і адначасова раззлавана спытаўся Дыдо.
— Настаўнік. Андрэй Новік. Бацькі мае сяляне-мякіннікі. Такія, як і ўсе.
— З мякіннікаў, а гальштук начапіў, — не даў яму дагаварыць матрос. — Ведаю, што будзеш спяваць! Усе беларусы — браты, усе роўныя. А якая ты раўня? Ты вунь які гладкі, белы. Можа, і быў калі сялянскім хлопцам, ды даўно мазгі твае панскім салам заплылі.
— Дарма ты так, — ціха сказаў той, што назваўся Андрэем Новікам. Антон з цяжкасцю прыўзняўся, глянуў на яго. Невысокі, хударлявы, з хваравітай ружовасцю на шчоках. Валасы цёмныя, гладка прычасаныя, апрануты акуратна, але не надта багата — зялёны пінжак, белая манішка, вузенькі гальштук.
— Дарма ты так, — з сумам у голасе зноў паўтарыў Новік. — Не для сябе мы, а для мужыка нашага стараемся, што ўвесь свой век у цемры гібее. Дарогу яму хочам паказаць.
— Павадыр знайшоўся, — ускіпеў Дыдо. — Я і сам пакуль што не сляпы. Бальшавікоў нам трэба слухаць, а не вас. Бальшавікі за шчасце ўсяго свету б'юцца.
Новік яшчэ больш пачырванеў, сеў на нары. Падпёр шчокі тонкімі рукамі, сказаў пасля паўзы:
— Можа, яно і так. Але ж цяжка любіць усё чалавецтва. Нават сонца асвятляе адразу толькі палову зямлі. Зразумейце вы мяне. Цяжка быць сынам недзяржаўнага народа. Чалавек заўсёды шукае свае карэнні ў гісторыі, у справах продкаў, і не супраць таго, каб частка іхняй славы, іхняга святла ўпала і на яго. Назаві сябе палякам, і ўжо тваімі робяцца і Капернік, і Міцкевіч. Аб'явіся рускім — і тваёй будзе Кулікоўская бітва, твае — і Пётр Вялікі, і Ламаносаў. Некаму першаму трэба мець мужнасць, каб сказаць усяму свету: я нічога не маю. Я — беларус. Я не хачу чужой славы, а буду ствараць сваю.
— Вунь куды ты паехаў! — аж прысвіснуў Дыдо. — Славы захацеў? Дык бяры яе ўсю. Мне яна не трэба. І вам, хлопцы, яна не па кішэні. Былі б хлеб з бульбай, — павярнуўся ён да слуцкіх сялян.
Новік нічога не адказаў, нібы ён згаджаўся з матросам.
— Харчы мы свае даелі... Торбачкі парожнія... Паедзем заўтра, людцы, дадому, — азваўся нехта са слуцкіх сялян. Пэўна, той, падумалася Антону, што пачаставаў яго мёдам.
— Я не паеду, — адказаў маладзейшы. — Пагляджу, чым скончыцца... Перадайце бацьку, што ў мяне ўсё ў парадку. Цвікоў я яму знайду.
Новік пасядзеў на нарах, памаўчаў, потым, ціха ступаючы, пайшоў да выхаду.
«І мне ж трэба сякеру купіць. Наша зусім вышчарбілася», — успомніў Антон.
Ад гэтай думкі ён чамусьці супакоіўся і неўзабаве заснуў.
Прахапіўся ад таго, што нехта асцярожна кратаў яго за плячо. Ён здрыгануўся, расплюшчыў вочы. Лямпа пад столлю ўжо не гарэла. Праз акно, што было насупраць, цадзілася скупое сіняватае святло. Значыць, яшчэ толькі пачынала світаць. Дыдо, яшчэ больш вялізны ў пазмроку, у сваім чорным бушлаце, стаяў над ім.
— Вазьмі званок.
— Нашто ён мне? — нічога не мог зразумець Антон.
— Званок вазьмі, кажу... Еду я адсюль. Можа, да Клічава на дзянёк заскочу, сваіх пабачу, і з дому — зноў на мора. Не хачу я тут болей быць. А званок вазьмі — усё ж мне на з'ездзе далі... Казённая рэч...
Ён сілком уціснуў Антону ў руку званок, пастаяў, памаўчаў.
— Ну, то я, брат, пабягу, — сказаў напаследак Дыдо. — Можа, калі-небудзь і сустрэнемся...
Ён нахіліў галаву, хацеў яшчэ нешта сказаць, але перадумаў, махнуў рукой.
У казарме стаяла цішыня. Нехта праз сон тоненька свістаў носам. Антон глянуў у цемру, адчуў, што ўсярэдзіне і ў горле зноў прачынаецца кашаль. З сумам, з трывогай уяўляліся Антону пустая гарадская вуліца, снег, зоркі над зямлёю і пад гэтымі халоднымі зоркамі адзінокі высокі чалавек, што крочыць насустрач свайму новаму дню.
Ён зноў пайшоў на з'езд. Слуцкія сяляне недзе згубіліся ці паехалі, як Дыдо, дадому, ці, можа, ужо былі ў гарадскім тэатры. Над вуліцай бялелася нізкае хмарнае неба. З яго, як з разарванай падушкі, халодным іскрыстым пухам, сыпаўся снег.
У тэатры Антон знайшоў сваё месца, яно было не занята. Амаль адразу ўбачыў Аркадзя Гайкевіча. Той, узяўшы пад руку тоўстага белатварага мужчыну, павольна ішоў па зале, аб нечым зацікаўлена з ім гаварыў.
Читать дальше