— Ну што, ачысьцімся ад грахоў? – гульліва вымавіў Лёнька Манчак, прысеўшы ля крыніцы. Набраўшы ў жменю вады, ён глынуў ледзяной прахалоды, вясёлымі вачыма зірнуў на спадарожніцу. – Вы самі хоць бачылі, каб паралітыкі на ногі ўставалі?
— Бачыла. Пры мне жанчыну прывезьлі…
— На чым?
— На матацыкле. У вазку сядзела. Мужчыны яе паднялі, да вады паднесьлі: ногі былі паралюшам разьбітыя.
— Ну і…
— Пасадзілі. Хацелі адразу вадою пырснуць, але яна папрасіла ўсіх адысьці. Сядзела так можа паўгадзіны. Спалатнела ўся, спацела, нават плечы задрыжэлі. Потым паліла каленкі вадою і ўстала на ногі.
— Э-эх! – іранічна выгукнуў журналіст, але тут жа схамянуўся пад суворым позіркам суразмоўніцы.
Дзяўчына глядзела на яго без усялякай спадзеўкі ўбачыць нешта добрае.
— Не… ну… мэдыцыне вядомыя падобныя факты. Магчыма, у той жанчыны была нэрвовая хвароба, а можа гэта наагул шарлатанскія штукі…
— Знаёміце мяне з фрагмэнтамі свайго будучага артыкулу? – бязь ценю крыўды выдала дзяўчына, і суразмоўнік прыкусіў язык.
“Штучка яшчэ тая… Сядзіць у глухмені, а размаўляе як сталічная аксэлератка. Бачылі мы такіх, — пакрыўджана падумаў журналіст, а каб напоўніць голаў чымсьці карысным, стаў складаць у думках плян выкрывальніцкага артыкулу. Плян, аднак, не складаўся, і думкі, а потым і вочы ізноў засяродзіліся на спадарожніцы. На шыі дзявочай залаціўся лёгкі пушок.
— Я ў Піцеры жыву. Сюды на вакацыі прыяжджаю.
Лёнька з палёгкай перавёў дыханьне. Усё раптам стала простым і зразумелым. Вядома ж, Піцер… гэта ня нашая глухая правінцыя. І вучыцца, відаць, у якой-небудзь спэцшколе.
— Вучуся ў школе з музычным ухілам, — патлумачыла, падслухаўшы ягоныя думкі, Марына. – Думаю пасьля школы ў кансэрваторыю паступаць. Мне вось трэба на фано займацца, а я тут лынды б’ю. Хаджу, праўда, у мясцовы РДК, брынкаю на піяніна, але яно дарэшты разладжанае. Дый мальцы азярышчанскія ўвесь час чэпяцца.
Яны абагналі цыбатую, апраненую ў нейкія чорныя мэтлахі, цётку. Тая ішла, ціснучы да грудзей бутэльку з вадою.
“Надзя, баліць галава”, — прачытаў ён на паперцы, якая была пачэплена да бутэлькі, і дакорліва страсянуў галавой.
Калі пераходзілі праз ручай, Лёнька падаў дзяўчыне руку. Ад поціску цёплай дзявочай рукі ў яго закружылася галава і ён фізычна адчуў, што перайшоў не праз ручай, а праз нябачную рысу, за якой засталася ягонае мінулае жыцьцё. І нават застыў на імгненьне ў чаканьні чагосьці новага і непазбыўнага.
— Марына! – выдыхнуў ён, спужаўшыся ўласнага голасу.
Дзяўчына азірнулася, і ейны зьдзіўлены твар у асадзе ліпавых шатаў працяў душу салодкім болем.
— Што? – перапытала дзяўчына.
— Ды так… нічога… — сумеўся наш герой. – Проста мне падалося, што так ужо некалі было. Што я ўжо бачыў гэтыя ліпы, ручай, гэтую сьцяжыну. Вас такое адчуваньне не наведвае?
Ён, вядома, чакаў станоўчага адказу, але Марына матлянула касой і не да места запыталася: — Вы да нас зойдзеце?
Лёнька Манчак прыпыніў хаду.
— Вы ж яшчэ з бабуляй не пагаманілі. І просьба ёсьць… У нас крэсла-гушкалка развалілася. Паглядзелі б, можа што зрабілі. Бабуля любіла ў ім сядзець.
Душа Лёньчына напоўнілася дзіўным узрушэньнем.
Усю дарогу да хаты ён распавядаў Марыне розныя вясёлыя гісторыі. Распавёў пра тое, як іх, студатрадаўцаў, пакусалі камары, ды так, што апухлі вочы і іх адкрывалі з дапамогаю запалак; як яны аднойчы падцерліся лістамі баршчэўніка і потым бегалі з апухлымі кезаўкамі ў мэдпункт… а там была маладая лекарка. Апанаваны красамоўствам, ён паведаміў, што савецкая журналістыка хворая на паралюш і тут ніякая сьвятая вада не дапаможа, нарэшце, пачаў імітаваць свайго цёзку – Лёньку Брэжнева, як той уручаў ордэн Дружбы народаў мангольскаму лідэру Юм-жагій-ну Цэ-дэ-цымбалу. Марына шчыра сьмяялася і ён адчуваў сябе амаль што шчасьлівым.
З крэслам-гушкалкай, што праўда, давялося папоркацца. Ён нават хадзіў да Марынчыных суседзяў – узяў пару патрэбных шрубаў. Калі ж крэсла было адрамантаванае – рамантаваў на двары, бо бабуля, як шапятнула ўнучка, не любіла грукату, — хітнуў яго на поўную амплітуду.
— Сядайце, юная багіня, — мовіў зь дзіўнай для сябе сьмеласьцю, і калі Марына села і прамовіла: — Клясна! – ён адчуў сябе напоўніцу шчасьлівым чалавекам.
Быў ужо адвячорак, і гаспадары прапанавалі застацца на начлег. Бабуля наагул была негаваркая, але тут падала голас:
— Куды ж вы пойдзеце? Кладзіцеся на гарышчы. Там у нас сена для казы.
Читать дальше