— Чую, чую… глыніце мікстуры… у вас гарачка.
Зубы заляскаталі па конаўцы. На момант ён ачуўся, але ў той жа міг дыван ізноў расплыўся ў вачах, ператварыўшыся ў чырвоную, пякельна гарачую патарочу.
Ён абудзіўся, дарэшты мокры, і няўцямна зірнуў у акно. Знадворку цадзілася паганенькае змрочнае сьвятло і цяжка было сказаць, якая пара на двары: раная раніца, ці позьні вечар. Лёнька павярнуў голаў і ўбачыў Марыну. Яна спала на падлозе, ля ягонага ложку.
— Марына, — аднымі вуснамі прашаптаў Лёнька.
Дзяўчына падхапілася.
— Зараз прасьціну памяняю, мокрая ўся. І казінага малака вып’еце. Дапамагае.
— Я што, трызьніў?
— Было крыху… Павярніцеся на бок, калі можаце. Трэба прасьціну выцягнуць.
Ён выпіў цёплага малака, зноўку заснуў і прачнуўся сонечным ранкам.
Першае ўражаньне было, што ён пазбыўся цела. Але, зварухнуўшы нагой, зразумеў, што апавіты хвораю немаччу.
У хаце было пуста.
Ён прыслухаўся. Хтосьці гучна шоргаў у дзьверы і чуўся незадаволены Марынін голас.
— Ну куды? Нельга ў хату!
Але вось дзьверы расчыніліся, паветра напоўнілася шаргатлівым цокатам і ў нос дало густым пахам псіны.
Стары знаёмца Ваўчок лізнуў руку, усьпёрся лапамі на прасьціну, паспрабаваў лізнуць у твар.
— Ах ты, пракуда! Прыбег у адведкі… ледзь з ганку мяне ня скінуў.
— Марына, гані Ваўчка з хаты! – крыкнула аднекуль здалёк Міронаўна, і дзяўчына, схапіўшы псіну за гагавіцу, азвалася: — Ганю ўжо.
Выгнаўшы кудлатага свавольніка, дзяўчына доўга мыла рукі.
— Бабулю на двор вывела, паветрам падыхаць, — прамовіла, бразнуўшы носікам рукамыйніка, Марына. – А вы як сябе пачуваеце?
— Нармальна, — госьць вытрымаў належную паўзу. – Даў вам турботы. Буду ад’яжджаць, заплачу…
— Толькі гэтага не хапала, — выціраючы рукі, Марына кіўнула ў бок бабульчынага ложку. – Пачуе пра грошы, выгане з хаты… як таго Ваўчка.
Трэба было зьмяніць тэму гаворкі.
— А гэта вы на гітары граеце, ці як?
Гітара вісела на сьцяне і чакала свайго часу.
Марына зьняла яе, кранулася басовай струны.
— “Бітлз” любіце?
— Хто ж іх ня любіць? – хмыкнуў Лёнька Манчак, спрабуючы згадаць назву хаця б адной бітлоўскай песьні.
Хвілінай насьцярожанага чаканьня Марына прымасьцілася на нізкі ўслон і з гітарнага нутра вырваўся першы акорд.
— Мі-шэл, ма бэл, зіс э водс зэт гоў тугэзэ вэл, май Мішэл, — засьпявала дзяўчына і, асьветленая сонцам, навылёт сьвяцілася, нібыта яблык мядовага наліву.
* * *
Леанід Пятровіч узьбег па сходах, мелькам зірнуў на гадзіньнік. Ён спазьняўся на паседжаньне бюро абкаму, але ўсё адно вырашыў заскочыць у рэдакцыю. Шыбуючы гулкім калідорам, суцішыў крок ля дзьвярэй фоталябараторыі і каротка мацюкнуўся: за дзьвярыма бразгалі шклянкі і чулася няўцямная гамана.
Косткі пальцаў – адмысловым шыфрам — стукнулі па вушаку і дзьверы з насьцярожліва адчыніліся. На парозе паўстаяў ягоны намесьнік Юрка Кальмаеў. Юрка тым часам зацята жаваў і ад нечаканасьці застыў з раскрытым ротам. У шэрым прыцемку кешкаліся гаспадар фоталябараторыі Кенька і малады журналіст Віцька Філімонаў.
— Ну не хавай, не хавай, — Леанід Пятровіч схіліў убок галаву, выглядаючы Кеньку, і той вярнуў на стол недапітую пляшку.
— Я вас папярэджваў. Больш папярэджваць ня буду, — Леанід Пятровіч толькі тыдзень працаваў галоўным рэдактарам, і гэта ўжо было трэцяе папярэджаньне.
— Пятровіч… памянуць вырашылі, — роблена-плаксівым голасам вымавіў Кенька.
— Каго яшчэ? – перакрывіўся рэдактар.
— Мішку Сазановіча… сястра ягоная ліста надаслала…
— Што, пад цягнік патрапіў? – Леанід Пятровіч адарваў плячук ад вушака.
— Ты што ўжо, ведаеш? – Кальмаеў праглынуў, нарэшце, недажаванае едзіва, а Кенька разгарнуў складзены ў столку ліст.
— Сунуліся па шпалах зь нейкім сябрам. Выпіўшы, вядома. Сябар адскочыў, а Мішку цеплавозам… на мязгу, — Кенька крэкнуў, узьняў на шэфа ўмольна-п’янаватыя вочы.
Мішку Сазановіча немаведама калі звольнілі з рэдакцыі і на яго даўно забыліся, пагатоў, жыў ён недзе ва Ўкраіне. Але галоўнага рэдактара, як адзначылі падначаленыя, Мішкава сьмерць дарэшты засмуціла і ён нават зьмяніўся з твару. Нэрвова страсянуўшы пальцамі, Леанід Пятровіч пастаяў хвіліну, нібыта згадваючы штосьці, паляпаў па сьпіне Віцьку Філімонава – той сядзеў нерухома, увабраўшы голаў у плечы, — і кіўнуў Кеньку.
— Налі… глыток.
Пакуль усе трое кідаліся даставаць закуску, Леанід Пятровіч выпіў адным глытком гарэлку, выцер вусны, выйшаў ў калідор.
Читать дальше