Вінцэсь МУДРОЎ
АЛБАНСКАЕ ТАНГА
Аповесць
І
Спавітае ранішняй смутой сонца вісіць над гарбатай гарой, ружовай фарбай заліўшы азёрную роўнядзь. Там, на другім беразе, яшчэ пануе цень, і смута робіць невыразнымі рассыпаныя па горным схіле белыя будынкі Охрыда
- места, у якім ён правёў мінулую ноч.
Возера сапраўды вялікае. Мяркуючы па атласе аўтамабільных дарог, да Охрыда не меней за пятнаццаць кіламетраў. Міколу наогул мала кранаюць розныя там краявіды. За дзень, праехаўшы тысячу кіламетраў, ад іх мігціць уваччу Але тут, пабачыўшы ружовае люстра вады, спыніў машыну, вылез з кабіны, прыпаліў духмяную македонскую цыгарэту і зірнуў з-пад рукі на супрацьлеглы бераг.
Яшчэ рана. Палова сёмай па мясцовым часе. Сама пара прытапіць понаж газу і гнаць у бок Тыраны, ды вось жа - цяжка адарваць вочы ад ружовага дзіва, пазначанага на мапе як Ohrid Lake.
“Памежны пераход прамінай як мага раней, калі малыя злодзеі яшчэ ў ложку”, - казаў перад паездкай Сёмка Гармозін. Сябрук часцяком ганяў фуры на Балканы і наслухаўся пра албанцаў рознага страхоцця. “На перавалах ідзеш на першай перадачы, а малеча ззаду бяжыць, за борт чапляецца. Разразаюць тэнт і цягнуць усё, што пад руку патрапіць”.
Тэнт яму разрэзалі яшчэ ў Македоніі, на пад’ездзе да Скоп’е, але нічога не ўзялі. Дый што было браць? У фуры пяцьдзясят тысяч асобнікаў “Новага Запавету” на албанскай мове ды пара сотняў паралонавых матрацаў. Ёсць яшчэ дваццаць скрыняў з галетамі вайсковага рацыёну, ды яны надзейна заваленыя кніжкамі. Матрацы ён выгрузіць у Тыране, а кніжкі трэба завезці ў Дзіракастру. Гэта на самай мяжы з Грэцыяй.
Мікола аглядае азёрны прасцяг, робіць апошнюю зацяжку і заўважае, як нешта круглявае і няўклюднае выпаўзае з-пад кола.
- Куды ты, дурніца? - Мікола падхоплівае чарапашку, што мерыцца перапаўзці дарогу. Чарапашка не хаваецца ў чарупіну; перабірае лапамі, незадаволена круціць галавой. Мікола нясе дурніцу да прыдарожнага куста і заўважае яшчэ адну чарапаху: прысадзістую, шэрую, бетонную. Яна запаўзла на вяршыню пагорка і глядзіць на яго, Міколу, чорнай шчылінай стральніцы. Падалося нават, што там, у цёмным нутры, нехта ёсць, нехта цікуе за ім, магчыма, нават цэліцца з базукі... Мікола сядае ў машыну, паварочвае ключ запальвання, «вольва» мякка коціцца з гары, і з-за пагорка выплывае яшчэ адна шэрая пачвара. Каб выехаць з сектара абстрэлу, ён цісне на газ, стрэлка спідометра паўзе ўгору, і чарговы, спрэс змаляваны хлапечымі крамзолямі бетонны бункер паўстае перад вачыма. Нарэшце, на поўным ходзе, машына вылятае на перакрыжаванне, і сіні дарожны паказальнік з надпісам “Тігапё 122 km” прымушае схамянуцца і перавесці дыханне...
У нумары гатэля Мікола адразу ж распрануўся і стаў пад душ. Цёплы дожджык казытнуў спіну, крануўся падпахаў, гонкімі струменямі пакаціўся па целе, змываючы пыл балгарскіх, македонскіх і албанскіх дарог. Апошні раз ён мыўся пад душам два дні таму, у прыдарожным румынскім гатэліку, а таму нават застагнаў ад асалоды.
Праз чвэрць гадзіны, спавіўшы, як усходні султан, галаву махровым ручніком, Мікола ўпаў на ложак і заплюшчыў вочы. І адразу ж уваччу, як на экране чорна-белага тэлевізара, пабегла шэрая стужка шашы, цьмянай ртуццю бліснула рака на дне цясніны, і рукі, схапіўшы ў жменю коўдру, крутнулі руль. - Оф-ф! - вырвалася з грудзіны, і ён, задаволена ўсміхнуўшыся, кульнуўся на бок.
Страхоцці, пра якія распавядаў Сёмка, не спраўдзіліся. Малеча й сапраўды бегла за машынай, але ён адкупляўся таннымі цукеркамі, якія жменямі шпурляў у бакавое вакно. А вось самі дарогі тут зусім кепскія: вузкія, збітыя, лукаватыя, з кучамі смецця ў прыдарожных канавах. Асабліва цяжкім быў адцінак з Эльбасану да Тыраны. Давялося ўзбірацца на перавал вышынёй ніяк не меней тысячы метраў. Ужо на пад’ездзе да албанскай сталіцы, на разгоне, машыну занесла, і ён ледзь не кульнуўся ў бяздонную прорву. Вось і цяпер, змежыўшы павекі, згадаў глыбокую праваліну з бурлівай рэчкай на цёмным дне, і ў яго схаладнелі калені. І ў той жа міг уваччу паўстала ружовае люстра вады, на другім баку бязмежнага возера мільганулі дамкі Охрыда, і цёплая хваля неабуднага сну прыняла ягонае змучанае дарогай цела.
Прачнуўся ён адвячоркам. Доўга ляжаў, закінуўшы рукі за голаў, аж пакуль не стаў кешкацца ў пошуках цыгарэт. Цыгарэты ляжалі на століку, і давялося - з гучным крэканнем - падымацца на ногі.
За вакном шумела фантанамі, гула рэдкімі аўтобусамі і стракацела матаролерамі албанская сталіца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу