Вінцэсь Мудроў
ЗIМОВЫЯ СНЫ
Апавяданьні
Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Зiмовыя сны. Апавяданьні, — Мінск: Бібліятэка часопіса Калосьсе, 1999.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
I
- У эфіры - нядзельны канцэрт-віншаваньне «Жадаю вам». Васемсот семдзесят дзевяты выпуск, - паведаміў урачысты барытон і Макар канчаткова абудзіўся. Галава балела да божай моцы. Стваралася ўражаньне, што ўнутры яе, па мазгавых зьвілінах, казытліва поўзалі мухі. У роце было як насцана, а да горла, намагаючыся выйсьці на-гара, падступаў халодны камяк млосьці. Выгаліўшы вочы, Макар каўтнуў даўкую сьліну, камяк адступіў, праваліўся на дно страўніка і растаў там, агідным халадком адбіўшыся пад дыхніцай.
- Больш як сорак гадоў адрабіла наша матуля ў родным калгасе. За гэты час яна выгадавала траіх дзяцей, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі праўленьня калгаса, - гукаў аднаканальны «Сож» і кожны зык, што далятаў да вушэй, балюча калоў у скроні.
Макар войкнуў, намацаў пад ложкам чаравік, пусьціў яго ў «мацюгальнік». Плястмасавая скрынка на момант аціхла, сарвалася з цьвіка, але на падлогу ня ўпала - павісла на шнуры, які лучыў яе з разэткай.
- Для вас, Фядора Пятроўна, а таксама для Антаніны Іванаўны Задзярыпук з Брэстчыны перадаём рускую народную песьню «Качанё лугавое».
Змагацца з «мацюгальнікам» не было ніякіх сіл, а між тым уедлівыя галасы выварочвалі душу, пахмельная душа бунтавала, рука шнарыла пад ложкам, шукаючы другі чаравік і калі той быў, нарэшце, знойдзены, на плячук Макаравы лёг сонечны прамень і цёплам дотыкам сваім супакоіў бунтоўную душу.
...Учарашні дзень выдаўся дарэшты мітусьлівым.
Ад самага ранку, прыхапіўшы скрыню гарэлкі, яны паехалі са Сьцепуком на чурылаўскую пільню. Патрэбнага чалавека на пільні не было, зьявіўся ён па абедзе, а таму заладаваліся толькі а пятай гадзіне, і да лецішча пад'ехалі на зьмярканьні. Рабацягі той парой ужо разышліся і давялося ўдвох разгружаць машыну, цягаючы дошкі ў падвал генэральскай дачы. А празь дзьве гадзіны, калі яны сьцягвалі з кодабу апошні аполак, на пляцоўку перад домам выехаў прапылены «Ўрал» зь літарамі «МА» на дзьверцах. Машына была даверху наладавана шынялямі ды валёнкамі.
- Праверка едзе... трэба прыхаваць, - гукнуў з кабінкі прапар Базыль, якому яны будавалі лецішча непадалёку.
Аддзьмуўшыся, сталі цягаць майно ў недабудаваны гараж, потым, страшэнна стамлёныя, пілі прывезенае прапарам «Амарэці» і скончылі піць апоўначы, калі Сьцяпук, голасна ікнуўшы, панурыўся галавою ў кучу габлюшак.
- ...А зараз віншаваньні сямідзесяцігадовым юбілярам...
У калідоры скрыгатнуў ключ, рыпнулі дзьверы, стоена бразнулі малочныя бутэлькі. Гэта маці вярнулася з крамы.
Кожную нядзелю было адно і тое ж: пахмельная замарач, сямідзесяцігадовыя юбіляры, бразгат малочных бутэлек уперамешку з матчыным буркатаньнем і зыркае сьвятло, што лезла, працінаючы жоўтыя шторы, ня толькі ў вочы, але і ў душу. Атрутная жоўць выцягвала духі, а між тым вочы праглі васільковага неба, вазёрнага блакіту; душа прагла спачыну й Макар, падумаўшы - ці ня зьезьдзіць яму да дзядзькі, з вохканьнем падняўся на ногі.
Увесь час, пакуль ён піў кампот з рандолі, маці стаяла пасярод кухні, з маўклівым дакорам хітала галавою. Чакала, відаць, што сын скажа нешта ў сваё апраўданьне, а калі сын выцер вусны, плаксіва прашаптала:
- Ужо і рукі трасуцца...
У прыбіральні Макара хітнула, ён схапіўся рукой за трубу й доўга глядзеў пад ногі, дзівуючыся таму аб'ёму вадкасьці, што назапасілася ў мачавым пузыры.
- Дома будзеш, ці пойдзеш куды? - запыталася маці, калі сын выкуліўся з прыбіральні.
Макар зайшоў у спальню, зірнуў пад ложак, шукаючы штаны і, не ўздымаючы вачэй, працэдзіў:
- Да дзядзькі паеду.
Як на здаровую галаву, дык ён бы падумаў, перш чым сказаць такое, а тут ляпнуў, прыкусіў язык, ды было позна. Маці схамянулася, паправіла на галаве хусьцінку, усё тым жа плаксівым голасам прасьпявала:
- Мака-арка... Ты ж гэтага вазьмі-і...
«Гэтым» маці называла свайго зяця.
- Ат! - адмахнуўся Макар, падымаючыся на ногі, - хай зь ім Тамарка разьбіраецца. У мяне сваіх турбот...
- Вазьмі, - перабіла маці, - год прашу... хоць бы раз матку ўважыў.
Слухаць усё гэта, ды яшчэ з бадуна, было сьмерці падобна. Таму Макар сьпехам насунуў спартовыя шаравары - нагавіцы, у якіх быў учора, некуды зьніклі, - паклаў у кішэню пару тысячаў і, перакрывіўшыся ад бразгату вядра ў прыбіральні й матчынай зьвягі: «Ізноў засцаў падлогу!» - рушыў на вуліцу.
Читать дальше