Вінцэсь Мудроў
Марсіяне над вёскай
Апавяданне
А восьмай вечара тупкі пляц каля клуба ажывае. Сюды і мальцы на матацыклах пад’язджаюць, і малеча на роварах, і старыя цёткі да клуба клыгаюць, сюд-туд прыкладаючы далоні да броваў і паглядаючы ў канец бальшака. Гэтым часам з Азярышча прыязджае рэйсавы аўтобус. Людзі вяртаюцца з горада наладкаваныя, таму сямейнікі іх тут і пераймаюць, каб паднесці хатулі.
Я таксама таўкуся каля клуба, бо сёння прыязджае мой сябар Мішка Канапелька. Мішка яшчэ ў ліпні паехаў да дзядзькі ў Невель, і вось толькі цяпер вяртаецца. Сустракаю Мішку не толькі я, але і ягоная малодшая сястра Нюрка. Тая ўся змучылася, аўтобус выглядаючы. Відаць, гасцінцаў чакае.
- Дакладна сёння прыедзе? - пытаюся Нюрку, якая ўжо добрых пяць хвілінаў стаіць на дыбачках, неадрыўна ўзіраючыся ў заліты залатою імгой далягляд.
- Дзядзька ліста надаслаў. Напісаў, што сёння.
Усе стаяць моўчкі, і толькі загадчыца клуба Мандрычыха няўцямнай хуткагаворкай распавядае нешта дзвюм вясковым цёткам. Я міжволі прыслухоўваюся.
- Таварышы, там такі быльнік, такі быльнік!
Тры гады таму - якраз было дажджлівае лета - калгас папрасіў усіх, хто можа стаяць на нагах, дапамагчы выбраць палеглы лён. Ну і Мандрычысе далі пару сотак. 3 тае пары яна і распавядае кожнаму стрэчнаму, ужо можа сотым разам, якія яна пры тым зведала пакуты.
- Быльнік, таварышы, галавы не відаць. І як жа пачало мне потым рукі круціць. Думала, кончуся.
Цёткі, якія на сваім веку выбралі не адзін гектар ільну і ўжо шматкроць чулі гэтую гісторыю, слухалі балаболку з непадробнай увагай і спачувальна ківалі галовамі.
- Ну куды, куды? - гукае Мандрычыха, перарваўшы аповед пра быльнік. Двое малалетак вырашылі ўзлезці на бляшаны шчыт з надпісам «Харчовую праграму выканаем!»
Мандрычысе, як загадчыцы клуба, даводзіцца даглядаць тыя каляровыя шчыты з выявамі трактарыстаў ды маладых даярак, але ўсё адно яны пакарабачаныя, з размытай фарбай на доле, а адзін шчыт, з дынамікай надояў, наогул нахіліўся пасля таго, як у яго ўрэзаўся на матацыкле кінамеханік Лябёдка.
- Едуць! - крыкнуў адзін з гарэзаў, што ўзбіўся на шчыт, і людскі збой заварушыўся, паглядаючы на пыльную, падсвечаную нізкім сонцам аблачыну, што ўзнялася на дарозе.
Аўтобус-пазік спыняецца пасярод пляца, дзверцы з глухімі рыпам адчыняюцца і з пыльнай аблачыны выплываюць: спачатку цётка Авадзіха з гусаком у кашы - вазіла на базар прадаваць ды не прадала; наш сусед па вуліцы Васька Бохан - з мяхом камбікорму на карку; мая аднакласніца Люська Халімонава; потым нейкія незнаёмыя дзядзькі ў капелюшах... Я зацкавана гляджу на Люську, але тут жа задаволена аддзімаюся: дзяўчына з вясёлым падскокам бяжыць да аўтобуса.
- Дома аддам, - адмахваецца Мішка ад сястры, скочыўшы на аўтобусную прыступку.
- Ой, ну Мі-іш, - скуголіць сястра.
Брат уздыхае, пстрыкае зашчапкамі валізы.
- Трымай, - Мішка перадае сястры перавязаныя вяроўчынай кнігі - падручнікі для школы. - А гэта табе дзядзька перадаў, - у Мішкавых руках прыемна шамаціць спавіты ў цэлафан пакунак - відаць, нейкая дзявочая абнова.
Прыціснуўшы кніжкі з пакункам да грудзей, Люська бяжыць да хаты, але брат рашуча яе спыняе:
- Стая-аць...
Папоркаўшыся ў валізе, Мішка дастае даўжэзную жычку, якія дзеўкі заплятаюць у косы, і грымлівую бляшанку манпасье.
- Ну, што новага? - выдыхае Мішка, калі мы парукаліся.
Я крыўлю твар, маўляў, якія тут, у вёсцы, могуць быць навіны, і ў сваю чаргу пытаюся:
- А сабе што-небудзь прывёз?
Ні слова не кажучы, з прытоенай усмешкай на твары Мішка, запускае руку ў кішэнь палатняных портак і выцягвае адтуль колькі вялізных таблецін.
- Што гэта? - пытаюся, узяўшы з падстаўленай далоні адну з іх.
- Сухі спірт, - кажа Мішка прытоеным голасам, а калі я меруся лізнуць таблеціну, хапае мяне за руку.
- Э-ээ... атруцішся.
3а спінамі нашымі аглушальна гарлае гусак Авадзіхі. Цётка выпусціла яго з каша, і гусак, распасцёршы крылы, валюхаста ідзе па вуліцы. Узрадаваўся, відаць, што вярнуўся дахаты.
- А каб цябе, гергуна, парвала, - бубніць Авадзіха, паспяваючы за гадунцом. Цётка, відавочна, незадаволена, што не ўдалося прадаць гусака.
Мы сыходзім убок, даўшы дарогу Авадзісе і яе гергуну.
- Дзе ўзяў? - я падкідваю таблеціну на далоні.
- Стрыечны брат з хімкабінета скраў.
- 3 якога кабінета?
- Ну са школьнага. Ён у Неўлі вучыцца. У дзявяты клас перайшоў.
- А што яшчэ прывёз?
Читать дальше