- Можа і сапраўды ўзяць гэтага ёлупня?
Макар падхапіўся на ногі, аддаў торбу з рэштай пітва дзядку, якога кагадзе сагнаў са скрыні, парывістым крокам рушыў па ходніку.
Хоць Тамарка і жыла непадалёку - «хрушчоба» ейная стаяла на другім канцы вуліцы, - бываць у сястры даводзілася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькі раз і заходзіў, калі сястра папрасіла павесіць дыван на сьценку. І то, перад тым, як прыйсьці, пяць разоў перапытаў - ці будзе мужык дома? Не хацеў са шваграм сустракацца, бо паміж імі, яшчэ за даўнім часам, прабегла, узьняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходніку, Макар прымружыў левае вока, зварухнуў - спачатку вуснамі, потым пальцамі, - а налічыўшы сямнаццаць гадоў, уражана пачухаў падбародзьдзе.
Дажджыстым лістападам, адседзеўшы тыдзень на гарнізоннай «губе», Макар ехаў пасьля службы дахаты. І ехаў не адзін, а з сябруком - Васькам Замундаліным.
Прымасьціўшыся на скрыні для сьмецьця - якраз насупраць вагоннай прыбіральні, - сябры пілі нагбом агіднае літоўскае «чарніла», смалілі пяршывыя цыгарэты й нахабнымі вачыма паглядалі на дзяўчын, якія сноўдалі па вагону. Дзяўчынам карцела зайсьці ў прыбіральню, але, пабачыўшы падпітых дэмбелюкоў, яны паварочвалі назад, альбо ішлі ў іншы вагон.
- Нішця-ак... яшчэ сюды вернемся... - мармытаў паміж зацяжкамі туляк Васька Замундалін, мацаючы шнар на верхняй губе.
Губу Ваську разьбілі лабусы. На кастрычніцкія сьвяты сябры зьбеглі ў самаволку: туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнічку, а Макар - падарунак сястры, якая выходзіла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакі зазірнулі ў піўніцу, выпілі па чатыры кухлі густога біржайскага піва, пабіліся з лабусамі, а калі, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулі ў цёмны кут і сталі паліваць касьцельны мур, за сьпінамі іхнымі ўжо стаяў вайсковы патруль.
Сядзеньне на гаўптвахце, ды яшчэ прыканцы службы, пякло азадак і даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалі на сестрыным вясельлі, таму давялося прасіць канваіра, каб той адбіў тэлеграму: «Затрымліваюся на манэўрах».
Туляку адседка таксама далася ў знакі. Вярнуўшыся пасьля «губы» ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далоні і паабяцаўшы замачыць ня толькі шаўляйскіх лабусаў, але й адэсіта Базылевіча. Базылевічава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк і вырашыў, што гэта адэсіт прыхапіў альбом, калі зьяжджаў дахаты. У наступныя дні Васька зблажэў, зьехаў з твару і раз-пораз пырскаў сьлінай, абяцаючы ўтапіць хахляру Базылевіча ў Чорным моры...
На станцыі Даўгаўпілс сябрукі ўзялі на апошнія грошы дзьве пляшкі піва, пагаманілі з грудастай правадніцай, надрапалі на вагоннай сьцяне запаветныя літары «ДМБ-76» і праз паўгадзіны ўжо спалі, наваліўшыся на вагонны столік і бязвольна матляючы стрыжанымі галовамі.
Позьнім вечарам грудастая правадніца стала трэсьці Макара за плячук, Макар пускаў сьліну, штосьці мармытаў спрасонку і абудзіўся толькі тады, калі ў суседнім купэ грукнулі кірзачы й нейкі дзяцюк жартам галёкнуў:
- Рота-а, пад'ём!
Макар зірнуў у вакно, убачыў за мокрай шыбай будынак віцебскага вакзала і адчайным позехам вітаў родную зямлю.
Ён хацеў сыйсці ціха, не абудзіўшы сябра, але ў апошні момант перадумаў - ляпнуў Ваську па карку.
Яны выйшлі на пэрон, выпалілі па цыгарэце й Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць зь ім у Азярышча.
- Гульнём на вясельлі, гарэлкі вып'ем, зь дзеўкамі пазнаёмімся, - казаў Макар, туляк мармытаў штосьці пра адсутнасьць грошаў, але, пачуўшы, што ў Макара ў Віцебску жыве аднакашнік, у якога можна апахмяліцца, сплюнуў густую сьліну і пабег у вагон за рэчторбай.
Аднакашнік, Толік Манькін, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным інтэрнаце. Дабраліся туды проці ночы, доўга блукалі па цёмных калідорах ды чыркалі запалкамі, выглядаючы нумары на дзьвярох, а калі, нарэшце, знайшлі патрэбную кватэру, туляк нясьмела прамармытаў:
- А можа ня варта? Позна ўжо.
Але Макар націснуў на званок - раз, потым другі, і ў асьветленай пройме паўстаў Толік - у трусах, у салатавай майцы і з перакрыўленым ад зыркага сьвятла тварам. Аднакашнік доўга мружыўся, чухаў пахвіньне, а пачуўшы зьвяглівы жаночы голас, што прагучаў за сьпінай, азірнуўся і люта рыкнуў:
- Ды змоўкні ты, с-сука!
Тут ужо і Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькіна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрыліў рукі:
- Макарка! Дэмбельнуўся!
Яны ўбіліся ў цесную кухню, селі ўкол стала, пагаманілі напаўголасу; неўзабаве гаспадар пабег некуды і вярнуўся зь літровым слоікам у руках.
Читать дальше