Мікола ўзлез на хісткі ўслон, адчыніў дзверцы. Уся антрэсоль, да самай столі, была забітая старымі кружэлкамі.
- Збірала калісьці. Цяпер не ведаю - куды падзець. Здымайце паволі, а я пераглядаць буду.Мікола зняў важкі стос, перадаў цыбе, і тая, сеўшы на канапу, стала перабіраць кружэлкі, называючы прозвішчы выканаўцаў: «Ніна Дорда... Георг Отс... Леанід Кастрыца... Гелена Веліканава...» Нарэшце радасна ўсклікнула:
- Вось яно, албанскае танга!
Пакруціўшы ў руках важкі, на 78 абаротаў, дыск, Мікола запытальна зірнуў на цыбу, і тая махнула адразу дзвюма рукамі:
- Ды бярыце, калі трэба. У мяне ўсё адно няма на чым іх круціць.
Мікола ішоў знаёмай вуліцай, махаючы ў такт хадзе поліэтыленавай торбай з кружэлкай. Дзіўнае пачуццё наведала той хвіляй душу: яму здалося, што ў албанскім танга ёсць нейкая таямніца, і што ўведаць яе можна толькі пачуўшы мелодыю. Але дзе знайсці радыёлу ці які стары прайгравальнік? Іх жа даўно павыносілі на сметніцы. І вось, перайшоўшы вуліцу, ён спыніўся перад домам, дзе жыў ягоны дружбак Сёмка Гармозін. Сёмку ён ведаў даўно - калісьці на пару ганялі рэйсавыя аўтобусы ў Бранск ды Кіеў, а цяпер разам працавалі «дальнабоямі». Якраз у таго Сёмкі ён і бачыў некалі старую радыёлу.
Дружбак сустрэў калегу з раскрыленымі рукамі.
- Калян! Прыехаў! А мы збіраліся па табе памінкі спраўляць.
У хаце, як заўсёды, пахла кавай, якую Сёмка піў у неверагоднай колькасці.
- Я ж таксама толькі раніцой у хату ўбіўся. Чатыры дні быў у дарозе - адстаў ад жыцця. Цяпер вось каву п’ю, што з рэйсу прывёз, ды газеты чытаю, - Гармозін ссунуў газеты на край стала, паставіў на стол яшчэ адзін кубак. - Ну дык распавядай - як з’ездзіў. Штосьці ты надта пахмурны. Здарылася што?
- Ды не, усё нармальна, - адказаў Мікола і заклапочана агледзеўся. - Слухай, я тут у цябе радыёлу бачыў...
- Якую радыёлу? - буркнуў Сёмка, праліўшы кіпень міма кубка.
- Ну якую... на якой кружэлкі круцяць.
- Позна заявіўся... Я гэтую гаргарыну даўно ў падвал аднёс. А ты што, з Албаніі кружэлкі прывёз? Ды, відаць, на 78 абаротаў? Казаў жа табе, што ў іх там каменны век на дварэ.
Гармозін раскроіў батон, падсунуў госцю цукарніцу.
- Ну дык што мне, у падвал перціся?
Госць у адказ перасмыкнуў плячыма.
- Ну, Калян, з табою не засумуеш. Добра, зараз прынясу, а ты пакуль «Народную газету» пачытай.
Калян таксама адстаў ад жыцця, таму з цікаўнасцю разгарнуў газету. Адразу на дзвюх палосах, дробным шрыфтам, быў надрукаваны праект новай канстытуцыі. Іншым разам ён бы такое не чытаў, а тут з цікаўнасцю стаў вадзіць носам па газетных радках.
Гармозін вярнуўся даволі хутка: з грукатам адчыніў дзверы і, незласліва мацюкаючыся, панёс радыёлу ў святліцу.
- «Беларусь-59». Ад бацькі засталася. - Сёмка крутнуўся, не ведаючы, куды паставіць радыёгаргару, і ўрэшце паставіў на часопісны столік. - Сыра ў падвале, маглі і кантакты паржавець.
Яны ўдвух падцягнулі столік да сценкі, Сёмка піхнуў штэпсель у разетку, і на панелі радыёлы загарэлася зялёнае вочка.
- Слухай, а як гэта прозвішча таго албанскага дыктатара? - запытаўся Гармозін, паціраючы навярэджаныя рукі.
- Энвер Ходжа.
- І колькі ён там панаваў?
- Сорак гадоў.
- Йоп... гэта ж трэба... столькі часу з людзей здзекаваўся, - ужо з кухні азваўся Гармозін.
- З дыктатарамі ў Еўропе скончана. Чытаў праект канстытуцыі? - крыкнуў Мікола, насунуўшы кружэлку на бліскучы шпень. - І ў нас будзе як у людзей - два прэзідэнцкіх тэрміны адбыў - і свабодны. Дай іншым пакіраваць!
- Э-ээ, Калян, што тая канстытуцыя, - крыкнуў Сёмка, бразнуўшы кілішкамі. - Сёння напісалі, заўтра на тое забыліся...
Іголка лягла на кружэлку, і радыёла напоўніла пакой лёгкім шыпеннем. Нечакана шыпенне аціхла і, як падалося, аднекуль здалёк даляцела цягуткая, панылая і адначасова шчымлівая мелодыя, якой туравала мернае рыпенне пашарпанай кружэлкі. Гэта было тое самае танга, што ўварвалася тыдзень таму ў няшчыльна прычыненыя вокны гатэля. І салодкія гукі ізноў крануліся душы сваімі цёплымі струменямі, і Мікола, уражанымі вачыма паглядаючы на чорны дыск, уголас прашаптаў: «У нас усё будзе як у людзей», і потым, ужо моўчкі, паўтарыў: «Як у людзей... »
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу