Адсюль, з дзясятага паверха, будынкі і дрэвы глядзеліся казачнай дэкарацыяй. Леваруч стаяў гмах, падобны да маскоўскага палаца з’ездаў, тут жа падпіралі неба спічасты мінарэт з гадзіннікавай вежай - такія вежы даводзілася бачыць у Італіі; пасярэдзіне раскінуўся шырокі пляц з фантанам і конным манументам (трэба будзе распытаць - каму пастаўлены), а праваруч, адкінуўшы даўжэзны цень, высілася паўкруглая будыніна з квадратнымі калонамі, на франтоне якой можна было ўгледзець кароткае слова «Bank». З выгляду Тырана не цягнула нават на буйны абласны цэнтр. Адно што шырокая магістраль, якая працінала пляц навылёт, выглядала па-сталічнаму манументальна.
Ад цыгарэты злёгку закружылася галава, і Мікола адчуў страшэнны голад. Можна было спусціцца долу і паесці ў гатэльнай рэстарацыі, але рэстараны простым беларусам не па кішэні. Звычайна, прыехаўшы ў нейкі замежны горад, ён сілкаваўся ў вулічных кавярнях. Стравы там недарагія, а таму больш смачныя. Мікола нацягнуў на плечы чыстую кашулю і яшчэ раз зыркнуў у вакно, выглядаючы - у які бок лепш пайсці.
Кавярня, у якую завітаў, была невялічкай. Тут было прыцемна, аднекуль са столі гучала музыка - вельмі чужая для ягонага вуха, - а з кухні ішоў непрыемны пах авечага лою. Пах быў яму знаёмы: у Балгарыі, куды пару разоў ездзіў, у вулічных шынках таксама гэтак пахла.
Наведнікаў тут сядзела няшмат. Два старыя албанцы ў белых лямцавых фесках пілі з малюпасенькіх філіжанак каву, ды яшчэ двое мужчынаў ягонага веку штосьці елі з вялікіх талерак у розных канцах шынка.
Чарнявы кельнер, а можа гэта быў і сам гаспадар кавярні, павітаўся з ім па-албанску, і Мікола моўчкі кіўнуў. Потым тыцнуў пальцам у разяўлены рот, паказаў на вялікую талерку, у якой ягоны сусед-албанец лена боўтаў лыжкай - едзіва, відаць, было гарачым, - і кельнер, зразумеўшы, што перад ім іншаземец, з лагоднай усмешкай запытаў: «Джувеч?» Гэтак, няйначай, называлася страва. Мікола зноўку кіўнуў і краем вока заўважыў, што наведнікі разам на яго зірнулі. Халадок непакою, што нарадзіўся ў горле, папоўз долу, засяродзіўся пад дыхавіцай. І адразу ж згадаліся парады Сёмкі Гармозіна: прыедзеш у Тырану, па вуліцах асабліва не цягайся і абедай у гатэльным рэстаране.
Мікола ўвабраў голаў у плечы, утаропіўся на сальніцу, а калі падняў голаў і агледзеўся, дык з апалым сэрцам заўважыў, што албанцы па-ранейшаму з дзіўным утрапеннем глядзяць у ягоны бок.
Кельнер прынёс замоўленую страву даволі хутка. Паставіў на стол талерку, потым прынёс палову цытрыны на сподку, шклянку і збан з нейкім напоем.
- Англі? Італі? Франц? - хуткагаворкай запытаўся кельнер, змахнуўшы ручніком крыхоткі з краю стала.
- Беларусь, - адказаў Мікола, а ўгледзеўшы непаразуменне на твары суразмоўцы, дадаў: - Гомель, - наіўна маракуючы, што албанец штосьці чуў пра гэты горад. Але, на здзіўленне, той знянацку сцепануўся і з панікай у голасе перапытаў: - Гомэл?
- Гомэл, Гомэл, - буркнуў Мікола, наліваючы са збана ў шклянку жоўтага, з памаранчавым пахам напою.
На хаду здымаючы хвартух, кельнер зазірнуў у кухню, штосьці крыкнуў па-свойму і выбег з кавярні.
«Ці не паліцыю пабег выклікаць?» - мільганула трывожная думка, але тут жа і знікла. Бо з якой нагоды яе выклікаць? З-за таго, што наведнік прыехаў з Гомеля?
Мужчына, які сядзеў непадалёку, прыязна яму ўсміхнуўся і выціснуў на едзіва сок з цытрыны. Мікола, падумаўшы, зрабіў тое ж самае. Страва
- густа запраўленае перцам рагу - апаліла рот і давялося спехам глынуць жоўтага напою.
Два старыя албанцы даўно дапілі каву, але з-за стала не падымаліся: нахіліўшыся адзін да другога, пра нешта шапталіся, раз-пораз пазіраючы на іншаземца.
Мікола згадаў, як летась давялося наведаць Бялград, і тамтэйшы серб, на добрай расейскай мове, распавядаў, што албанцы выразаюць з жывых людзей ныркі, а потым прадаюць амерыканцам. Памацаўшы далонямі тыя мясціны, дзе мусілі быць ныркі, Мікола з трывожным непакоем глянуў на ўваходныя дзверы.
«А можа чарнявы пабег па лекараў, што ныркі выразаюць? Прыйдуць, дадуць па патыліцы ды ў кухню зацягнуць. Там і зробяць сваю страшную справу», - тым часам з проймы кухонных дзвярэй вытыркнуўся мурзаты твар падшыванца з насунутым на вушы кухарскім каўпаком. Хлопец бліснуў чорнымі вачыма, пачухаў лоб апалонікам. Мікола кіўнуў мурзе ў адказ, і ў яго адлягло ад сэрца. Вельмі ж прыязны быў твар у падшыванца, да таго ж перапэцканы сажай. Відаць, гэта быў сын чарнявага кельнера, бо надта ж да яго падобны.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу