У прыстанцыйным буфэце ён узяў дзьве шклянкі гарбаты бяз цукру, выйшаў на ганак, і, прымасьціўшыся на цэмэнтавых прыступках, прагна піў гарачы напой, апякаючы паднябеньне і выціраючы рукавом буйныя кроплі з лобу. Неўзабаве да яго падышоў, прыпадаючы на заднюю лапу, валацужны сабака. паныла паглядзеў у вочы. Манчак дапіў гарбату, рушыў у буфэт і набыў кудлатаму дварняку пончык з павідлам. Цюцька, не жуючы, праглынуў пачастунак, ветліва завіхляў хвастом.
— Ну што, братка, дзе тут у вас гатэль? – жартам запытаўся камандзіраваны, тузануў сабаку за вуха, і той, задаволена скавытнуўшы, крутнуў галавой. Лёнька зірнуў у той бок куды паказаў дварняк, і ўбачыў на другім баку пыльнага пляцу драўляны аднапавярховік зь няроўнымі літары на франтоне: “Гасьцініца”.
У старой рассохлай будыніне было прыцемна, пахла каналізацыяй, а пад нагамі са старэчай зацятасьцю рыпелі-стагналі масьніцы.
Кучаравая, падобная ў прыцемку да Анжэлы Дэвіс адміністратарка доўга вывучала камандзіровачнае пасьведчаньне, нарэшце запісала штосьці ў сваім гросбуху.
— Месцаў пакуль што няма. Вызваляцца ўвечары. Так што рабіце свае справы, пагуляйце, а пасьля васьмі мы вас уладкуем.
Камандзіраваны хацеў быў сказаць, што працуе ў органе абласнога камітэту партыі, але змаўчаў, памкнуўся да выхаду і тут жа вярнуўся.
— Дзе тут у вас “сьвятая” крыніца?
— Вунь, бачыце, на сьцяне… схема вісіць. Хворыя кожнага дня прыяжджаюць, пытаюцца. Мы там усё намалявалі.
На кавалку няроўна абрэзанага ватману быў намаляваны чорны квадрат, ад якога ішлі ў гору няўклюдна-хвастатыя, падобныя да спэрматазоідаў, стрэлкі. “Савецкая – Чырвонаармейская – Прафінтэрну” – адбіліся ў памяці аплодненыя спэрматазоідамі азярышчанскія вуліцы.
… Кудлаты цюцька між тым па-ранейшаму сядзеў ля гасьцінічнага ганку.
“Цяпер не адчэпіцца”, — падумаў камандзіраваны і каротка сьвістануў.
— Давай, брат, паказвай дарогу!
Сабака падскочыў, славіў зяпай тлустую муху, пабег па пыльнай Савецкай вуліцы – акурат у той бок, куды паказвала схема.
Лёнька Манчак ішоў па мяккай, прыпарушанай шэрым пылам дарозе і пісаў у думках прэамбулу будучага артыкулу. “Трэба намаляваць гнятлівую атмасфэру… Шкада, што зараз лета. Больш бы пасавала позьняя восень”, — варочаліся ў галаве абрывачныя думкі, не пасьпяваючы за рухавым хвастом: сабака круціў ім усё больш імпэтна. Паволі ў галаве сталі складацца асобныя фразы. “Тупкая, пазначаная сьлядамі кірзавых ботаў сьцяжына панурылася ў глыбокі, зрэзаны ручаінамі яр. Уздоўж сьцяжыны ляжалі замшэлыя валуны, а на самой сьцяжыне злавеснымі анакондамі выгіналіся аголеныя карані старых хвояў… У шэрым, мышастага колеру небе, устрывожана гарлалі крумкачы…”
Сабака, згодна гасьцінічнай схеме, павярнуў на Чырвонаармейскую. Падзівіўшыся такой праяве, Лёнька стоена прашаптаў: — Наступны паварот, здаецца, налева. — Кудлаты праваднік, брахнуўшы на ката, што сядзеў на паркане, прабег сотню мэтраў і спыніўся, з ранейшым натхненьнем віхляючы хвастом. Не на жарты ўсхваляваны, малады журналіст прыцішыў крок, а калі праваднік, чарговым разам брахнуўшы, завярнуў налева, зацкавана пачухаў патыліцу. Гэтаму не было тлумачэньня: валацужны сабака вёў яго да крыніцы!
“Вул. Прафінтэрну, 2” – прачытаў Лёнька Манчак няўклюдны надпіс на сьцяне прысадзістай хаты, і, нібыта згадаўшы штосьці, стаў поркацца ў кішэнях. Патрэбную паперку знайшоў сярод жмутку пакамечаных рублёвак. “Вуліца Прафінтэрну, першы дом ад краю, зь пеўнікам на вільчаку”, — прамармытаў, разьбіраючы Сазановіцкія крамзолі камандзіраваны, і нейкая ўладная сіла пацягнула яго да весьніц.
Ён абапёрся адной рукой на шулу, другою грукнуў па паштовай скрыні – раз, потым другі, зьбіраўся ўжо ісьці сваёй дарогай, ды тут ў хаце штосьці бразнула, дзьверы падаліся і на ганку паўстала бялявая дзяўчынёха.
— А мне Міронаўну…
Дзяўчынёха – гадоў пятнаццаць, ня болей, — зьлёгку прымружылася, выцерла аб хвартух мокрыя рукі.
— А вы хто такі?
— Ды я… — госьць зьбянтэжана кашлянуў, — сябар Сазановіча… Міхала Іванавіча.
Дзяўчына рэзка павярнулася, рушыла ў хату і неўзабаве азвалася зычным, з водценем лёгкай панікі голасам:
— Заходзьце, вы нам якраз патрэбны!
Пераступаючы парог, Лёнька стукнуўся макаўкай аб нізкі вяршнік, заплюшчыў аб болю вочы і твар ягоны казытнула цёплая пара.
У хаце, пасярод кухні, стаяла вялізная балея, а за ёю, на лаўцы, ляжала штосьці нерухомае і некранальна-белае.
Читать дальше