— Трэба бабулю на ложак перанесьці. Зусім разамлела.
Спавітая прасьцінамі бабуля ляжала, што той мярцьвяк. Лёнька падышоў крадком, сьцярожка паціраючы рукі, а калі дзяўчына, падхапіўшы старую пад пахі, матлянула галавой, маўляў, панесьлі ўдвух, адсунуў дзяўчыну ўбок. Бабця была лёгкай, як парушынка.
— Сюды, калі ласка, — гукнула маладая гаспадыня, узьбіваючы падушку.
Бабуля вохнула, расплюшчыла вочы, запытальна зірнула на госьця.
— Вам прывітаньне ад Міхала Іванавіча, — госьць выцер з рукава шматок мыльнай пены.
— Ну, як ён там? Усё п’е? – голас бабулін быў хоць і кволы, але мэлядычны.
Госьць вінавата перасмыкнуў плечукамі, а пачуўшы, як на кухні бразнула вядро – маладая гаспадыня чэрпала ваду з балеі, — прыстаўным крокам рушыў на дапамогу.
Разам яны паднялі цяжкую балею, вынесьлі на падворак і пад ногі ім кінуўся віславухі недарэка.
— Ваўчок, фф-у! – крыкнула дзяўчына, калі цюцька ўсьпёрся пярэднімі лапамі на хвартух.
Мыльная вада шуганула ў раўчук, пабегла ўздоўж плоту.
— Гэта наш мясцовы “чычэроне”. Да нас тут людзі прыяжджаюць, вады набраць з крыніцы – вы ж чулі, напэўна?.. – дык ён іх ад станцыі да патрэбнага месца даводзіць. Разумны сабака.
Ад пачутага ў Лёнькі Манчака нават засьвярбела пад дыхніцай і шчокі крануў румянец. Дый дзіва што… яшчэ дзесяць хвілін таму ён думаў, што цюцьку гоніць наперад нейкая чортава сіла.
“Вось так і нараджаюцца прымхі ды забабоны”, — падумаў журналіст і, пачасаўшы пабітую макаўку, вырашыў пачаць свой нарыс менавіта з гэтага эпізоду.
— А вы як у нас апынуліся – праездам, ці як?
— Прывялі да вас нялёгкія журналісцкія дарогі. Хачу напісаць матэрыял пра “сьвятую” крыніцу… Ці праўда, дарэчы, што паралітыкі, вады глынуўшы, у футбол гуляюць?
Дзяўчына торгнула галавой, заклікаючы госьця дапамагчы ёй занесьці ў хату балею, і ўжо на вэрандзе, ставячы судзіну да сьцяны, прамовіла:
— Пачакайце… давяду вас да той крыніцы.
Дарога да “сьвятых мясьцін” была няблізкай. Яны прамінулі вуліцу Прафінтэрну, потым яшчэ дзьве вуліцы, выйшлі на ўскраіну пасёлку і пайшлі старымі прысадамі, якія шумелі густымі ліпавымі шатамі. Поруч зь імі бег задаволены Ваўчок. Марына – так звалі дзяўчыну – дала цюцьку вялікі маслак, і цяпер сабака нёс маслачыну ў зубах, раз-поразу спыняючыся, каб пагрызьці ласунак. Зрэшты, раз-пораз спыняўся і Лёнька Манчак: занатоўваў у запісной кніжцы пачутыя ад Марыны зьвесткі. Пра лекавыя ўласьцівасьці крыніцы, як высьветлілася, ведалі яшчэ ў 18-м стагодзьдзі. Тады ж, коштам графа Лапацінскага — валадара тутэйшых мясьцін — поруч з крыніцаю збудавалі мураваную капліцу, а ў 1905 годзе, у памяць пяцёх палеглых у Манчжурыі азярышчанцаў, дарогу ад пасёлку да крыніцы абсадзілі ліпамі.
— А капліца захавалася? – задаўшы гэтая пытаньне, Лёнька ляснуў па далоні цупкім нататнікам.
— Камсамольцы разбурылі… яшчэ перад вайной. Бабуля казала, цэлы месяц з ламамі завіхаліся. А ў 35-м годзе на гэтым полі вайсковыя вучэньні ладзілі, і на месцы капліцы салдацкую прыбіральню ўладкавалі.
Лёнька Манчак адчуў лёгкую трывогу. Нават не трывогу, а так… штосьці асьлізлае і халоднае зварухнулася ў душы.
“Сьмела гаворыць”, — падумаў малады журналіст, казелячы вокам на дзявочую касу, якая з пшанічным бляскам іскрылася на сонцы. Каса была тоўстая, у руку таўшчынёй, але кароткай – ледзьве краналася гострых лапатак. Змагаючыся з п’янкім жаданьнем крануцца дзявочых валасоў, Лёнька азірнуўся, клікнуў Ваўчка, які заваждаўся з косткаю.
— Бабуля ваша, адчуваю, ня любіць савецкай улады?
— А за што яна павінна яе любіць? За восем гадоў лягеру?
— Якога лягеру? – выдыхнуў Лёнька Манчак, расшпільваючы верхні гузік кашулі.
— Піянэрскага, — бязьлітасна і проста адказала дзяўчына, і больш ужо, аж да самай крыніцы, яны не прамовілі ні слова.
… “Сьвятая” крыніца была зусім не такой, якой уяўлялася. Не было тут ні валуноў, ні бязладзьдзя земляных глыб, ні аголеных, падобных да амазонскіх анакондаў каранёў. А быў парослы кустамі пагорак, з-пад якога вірліва вырывалася, уздымаючы фантаны цёмнага пяску, ледзяная вада. Тое, што вада страшэнна халодная, Лёнька пераканаўся, торкнуўшы пальцам у ручай, што бег ад крыніцы. Дый паветра наўкол было вільготным і халаднаватым.
На ўбітай людзкімі нагамі й засеянай бітай цэглай палянцы сноўдала колькі жанчын. Адна зь іх, з выгляду, багамолка, штосьці пісала на паперцы, мацавала іх чорнымі “аптэчнымі” гумкамі да бутэлек з-пад шампанскага і, перахрысьціўшы, перадавала жанкам, што стаялі перад ёй на каленях.
Читать дальше