Хваравітая млосьць адступіла і слых напоўніўся пошумам ветру, конскім пырханьнем, курыным сакатаньнем і нейкімі дзіўнымі зыкамі. Стваралася ўражаньне, што недзе непадалёку ці то сьмяяліся, ці то здушана плакалі. Багун колькі разоў падымаў галаву, глядзеў наўкола, пакуль не зразумеў: усхліпвалі на другім баку каменнага мура, што атачаў касьцёл. Хвілін пяць Багун ляжаў нерухома, але потым цікавасьць узяла сваё. Ён пад’ехаў да мура, узьлез на скрыню і ўбачыў са сьпіны местачковага ксяндза. Ксёндз стаяў, насунуўшыся лобам на стаўбур старой таполі і абцягнутыя сутанай плечы ягоныя здрыгаліся ад роспачнага плачу.
Багун сьцярожка, каб не нарабіць зьвягі, зьлез са скрыні, гэтак жа сьцярожка абабіў нагавіцы, і на душы было адчуваньне, што пабачыў ён штосьці дарэшты сараматное.
Гэта адчуваньне — гнятлівага сораму — аніяк не мінала. І адвячоркам, паганяючы Лізунка, Багун штохвілі кратаў гарачыя шчокі, зачаравана паглядаў на агністы далягляд і адно пытаньне не давала спакою: чаму плакаў ксёндз?
Палымніца таго вечару шугала на паўнеба. Ля самага небакраю яна была перамяшаная з чорнымі хмарамі, крыху вышэй, над цёмнымі шатамі хвояў, залівала неба гарачай пунсовасьцю і, здавалася, гэта яна, палымніца, кранаецца сваім позьнім агнём няголеных шчок.
— Саветы, відаць, ксяндза пакрыўдзілі, — уголас, каб пазбыцца дакучлівых думак, прамовіў Багун і на Мандрыкавай паваротцы зьлёгку падагнаў каня. Лазунок, аднак, хутчэй не пайшоў: прысеў на заднія ногі, чуйна зварухнуў барвянымі вушамі.
“Ці не ваўкі зьявіліся?” — Багун нацягнуў павады і ў той жа міг з палёгкаю аддзьмуўся. Наперадзе, на тле барвянай палымніцы, варушыліся нечыя постаці і гучна рыпелі колы.
“Хто гэта выправіўся... проці ночы?” — падумаў, змагаючыся з позехам, Багун і яшчэ падумаў, што дарма так напужаўся Саветаў. “Бяз дай прычыны нікога не бяруць. Той жа пан Бурш служыў у Дзянікіна, Рувіма таксама схапілі за цападлы ня проста так — была нагода... А чаму яму хвалявацца, калі за ім няма ніякай правіны?” Падумаўшы так, Багун з палёгкаю ўздыхнуў і, па старой завядзёнцы, зьехаў на ўзьмежак дарогі.
Сустрэчныя калёсы зацята рыпелі і Багун ужо ўдыхнуў паветра, каб гукнуць: — Чаму колы ня змазаў? — ды прытрымаў язык. На калёсах сядзелі трое, яшчэ двое ішлі поруч, зь вінтоўкамі за плячыма. Душа Багунова абамлела: на калёсах, са зьвязанымі за сьпінай рукамі, сядзеў Міцька Барзевіч.
— Міця... — прашаптаў Багун, калі калёсы праяжджалі міма.
Міцька прыхапіўся, зірнуў кудысьці ўбок і зноўку зьвесіў галаву.
Калёсы праехалі мэтраў дзесяць і спыніліся.
— Эй, мужик, как твоя фамилия?! — крыкнуў той, што сядзеў поруч зь Міцькам.
Насьцярожлівую цішыню парушыла кляцаньне затвору.
— Дзядзька Багун... ратуйцеся! — Міцька хацеў крыкнуць яшчэ нешта, але, атрымаўшы ладнага кухталя, кульнуўся на бок.
Здаецца, ён і не паганяў Лазунка, ды конь стаў на дыбкі, ірвануў штосілы і пайшоў наўскач, задзёршы да неба кудлатую галаву.
— Стой! Стой, б-блядь! — гукалі за сьпінай.
Фанэрная скрыня перакулілася, куры зь лямантам узьняліся ў паветра, адна зь іх узьбілася на шыю, а яшчэ празь імгненьне шыю працяў пякучы боль.
— Багародзіца... Дзеўна... радуйся... — прахрыпеў Багун, рыгнуў гарачай крывёю і бязвольная рука, павіснуўшы долу, аж да самай вёскі малявала на пяску хвалісты пасак.
СЬВЯТАЯ КРЫНІЦА
апавяданьне
Блізу абеду, дзесьці а палове на дванаццатую, Лёнька Манчак выцягнуў з кішэні зашмальцаваныя рублі, таропка, мылячы вуснамі, пералічыў і памружыўся на столь, прыкідваючы, ці застанецца што на закусь.
— Хлеба вазьмі, ды кілек якіх, — падаў голас загадчык сельгасаддзелу Сазановіч – самы ўпіты работнік рэдакцыі, — і Лёнька падхапіўся на ногі.
Каб не патрапляць на вочы рэдактару, кабінэт якога месьціўся насупраць іхнага аддзелу і быў заўсёды адчынены, Лёнька вырашыў лезьці на двор праз адчыненае вакно. Пацягнуў просвы, бразнуў шыбаю, зьвесіў долу ногі і зьнерухомеў, аблашчаны сонечнымі промнямі.
“Божухна, цэлы месяц адпачынку!” – падумаў малады журналіст, боўтаючы нагамі ў паветры, і калі паехаў азадкам па падвоканьні, зьбіраючыся скокнуць на кветнік, за сьпінаю рыпнулі дзьверы і пачуўся незадаволены голас Мацьвіевіча:
— Манчак, зайдзіце да мяне.
У гэты момант Лёнька ўжо вісеў на руках і мусіў, сьлізгаючы па сьцяне мыскамі паўкедаў, лезьці назад у кабінэт.
— Цікуе, сволач, — прамовіў, густа дыхнуўшы перагарам, Сазановіч, калі за рэдактарам зачыніліся дзьверы.
Читать дальше