«От Павал прыедзе і пойдзе касіць, а я каля дома буду».
І затым, што было ўсё гэта звязана з тым дробным, што на кожным кроку ў жыцці, затым і з'явіўся ў жанчыны востры настрой. Хацелася гаварыць з усімі аб усім. І от пачала яна з нецярплівасцю чакаць Паўла.
А пасля прыбегла да яе, засопшыся, Ганна, што служыла ўжо другі год у Мельгуновых, і пачала гаварыць, што Алесь паехаў у горад з Насцяю і што ў іх будзе вяселле. А пасля пачала гаварыць, як да яе, яшчэ да Насці, прыставаў Алесь, усё гаварыў, што возьме замуж, і што цяпер ліха ведае што будзе.
- Ну, няўжо?! - узрадавалася Паўлава маці.
- А ты як бы рада, - пакрыўдзілася Ганна, - а ў твайго Паўла здароўе адабрала Насця. Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не змоўчу.
- Чаму?
- Таму!
- А што рабіць будзеш?
- На яго ў суд падам; усё роўна яму спакойна жыць, гаду, не дам.
- З Насцяю жыць?
- З Насцяю.
- А сястрычка ж мая, зрабі ж ты гэта. Вось і Павал мой узрадуецца, сумны нешта ж вельмі ён цяпер зрабіўся. А я толькі думала аб ім.
І невядома чаму так раптоўна Ганна заплакала. Яна доўга сядзела на адным месцы, на лаве, у кутку Паўлавай хаты, выцірала рукавом зрэбнага каптана слёзы і чмыхала носам.
А ў галаве ў дзяўчыны хадзілі вольныя думкі - ці то нявыяўленыя, яшчэ цьмяныя, радасныя нейкія надзеі нараджаліся ў яе.
Нешта яснае выяўлялася перад маладым жыццём, і само жыццё паднімалася наперадзе, як вялікая, цікавая дарога, на якой апаноўваюць чалавека радасныя хваляванні.
- Гадаўка гэтая Насця, - сказала моцна Паўлава маці.
«А што яна вінавата?» - хацела сказаць Ганна, але сказала, палажыўшы палец на губу:
- Я не дамся ў крыўду Мельгуну.
- От Павал будзе весялейшым, - з хітраю ўсмешкаю сказала Паўлава маці, - а то ж вельмі думаць аб нечым пачаў многа.
IV
Павал у той дзень зусім вясёлым выехаў з горада.
Доктар яму нічога не сказаў, толькі даў нейкіх зеленаватых пілюль; купіў яшчэ Павал хустку матцы і новую касу. А як выязджаў з горада, дык адчуваў, што ўсё будзе добра, - ці то гэтыя пілюлі памогуць, ці то зусім нічога ў яго няма. Вось будуць пагодлівыя дні, добра будзе касіць каля рэчкі; а Насця - чорт яе бяры. І, едучы, бачыў, як на краю горада музыкі збіраюцца граць у вялікім разгароджаным садзе.
У капельмайстра таксама балелі грудзі, і ён стрымліваў кашаль. У аднаго музыкі балеў зуб, і яму цяжка было дзьмуць у флейту. Ён думаў аб тым, што ад яго флейты многае залежыць у музыцы. І не было весела, нават сумна было капельмайстру і флейтысту.
Таксама не было весела і яшчэ аднаму музыку, бо дома былі ў яго нейкія нелады ў сям'і, і толькі лепш адчуваў ён сябе ў настроях тады, калі выходзіў з дому.
Так трое гэтых людзей, ад якіх многа залежала ў музыцы, далёка былі ў тую хвіліну ад весялосці. Толькі ніхто не ведаў і не бачыў гэтага, бо як махнуў капельмайстар рукамі і гранула музыка, ва ўсіх, хто слухаў, раптам пачало з'яўляцца вялікае захапленне жыццём, адчуванне яго вялікасці і хараства. А ў каго і з'явіўся смутак, дык быў ён радасным і жаданым.
І хто глядзеў на гэта, хто чуў вясёлыя зыкі, - думаў, што гэта так ёсць ці было і ў настроях музыкаў. А ў музыкаў весялець пачаў настрой пры першых зыках.
У Паўла ж пачала вясёлай лёгкасцю напаўняцца істота паволі. Пасля ўсё зрабілася для яго слаўным, радасна захапіла імкненне.
Як ехаў, дык весела ляжала пад ветрам поле і некуды далёка адплылі і Алесь Мяльгун, і Насця, і Сёмка Цераховіч, і Тодар. Сплыло ўсё тое, што было на душы, як ехаў у горад. Хацелася перш, каб чым хутчэй даехаць дадому ды парадаваць словам матку, даючы ёй новую хустку, а пасля як бы гэта падняўся ён на нейкую высокую гару ды расклаў там агонь, асвяціўшы нешта новае. Прапала пачуццё таго, што і ён як сталы гаспадар. Ён то адчуваў сябе сталым і цяпер, але іначай неяк, бо згінула думка аб сваім кані і драбінах, а думалася неяк аб усіх людзях, аб тым самым кані, але не так, што вось гэта яго конь і ніхто ніколі да гэтага каня ніякага дачынення мець не павінен, што гэта конь і драбіны, а я гаспадар, - а думалася і адчувалася, што вось конь вязе, а я еду. А вакол зямля, вакол людзі. І ідуць на зямлі дні і ночы. І ветры спяваюць, і сонца свеціць. Пасля дажджоў дарогі мокрыя. А Алесь Мяльгун, Сёмка Цераховіч і яшчэ Тодар - жывуць сабе, кпяць з усяго, што застаўляе іх жыць, варушацца сабе, адзін у адным корпаюцца, злуюць адзін на аднаго часам за гэта. А мне вось добра глядзець на іх і на ўсю гэтую іх работу.
Паўзла ды паўзла зямля насустрач. Кружыліся далі, адпаўзалі ўсё ў бакі. Звала дарога наперад, а дзень быў, як гаворка аб чым-небудзь вялікім, родным, блізкім, што напаўняе ўсю істоту лёгкасцю любых настрояў і думкі робіць вострымі і імклівымі.
Читать дальше