З свайго воза Павал Грыбок добра бачыў, як Алесь Мяльгун часта прытульваў да сябе дзяўчыну і чуў, як яны паціху гаварылі.
З задняй фурманкі насмешна далятаў да Паўла грубы і зычны, як брэх здаровага сабакі, голас Сёмкі Цераховіча:
- Павал, паглядзі, як галубкі буркуюць.
Павал нічога не адказаў, бо было яму неяк нялоўка перад Сёмкам, - ці то неглыбокая злосць, што ён варушыць у ім мінулае. З'яўляліся ў яго толькі чыстыя, як вада, і павольныя думкі аб гэтым.
Тады былі нудныя зімовыя дні і ночы. Хаты, як трухлявыя грыбы, хаваліся ў сыпучым мёрзлым снягу, дымілі ўгору дымам з каміноў і баязліва блішчалі на халодным сонцы маленькімі акенцамі.
Людзі хадзілі ўшушканымі ў лахманы - абы трохі больш чаго ўздзець на сябе ды ўгрэцца.
Вечарамі хаты прабавалі гульнуць ціха просценькімі дзявочымі песнямі за пражай, хлопцы жартаўліва не давалі ні спяваць, ні прасці.
Насця, як вугаль, чорная, маленькая нейкая, і гэтакая любая, і, разам з тым, можа ад гэтага такая далёкая, што яму, Паўлу Грыбку, худому, вастраносаму, з бародаўкамі на непрыгожым твары, не было смеласці падысці да яе і гаварыць з ёю так, як гаварылі ўсе іншыя. Толькі раз, у цёмных сенях, як ішлі дадому, схваціў ён яе раптам за руку, ды так і дайшлі да яе хаты цераз усю вуліцу.
«Можа гэта яна тады - от, абы пацвяліцца», - думае цяпер Павал. А тады былі спатканні на цёмнай ад зімовай ночы вуліцы, заваленай снегам. Была яшчэ тады вельмі ж вялікая нуда, што з гэтага не можа нічога выйсці, бо гэта ж у яго нічога няма, зусім голы двор ды пустая хата, дый сам ён, як гнілы грыб, часта хварэе. Але былі спатканні вельмі доўга, і Насця была такая ж блізкая, як і далёкая.
Вясною дык пачалі ўсе гаварыць пра гэта, і тады ж Насця пачала хадзіць з Алесем Мельгуном. Паўлу не хацелася тады жыць, а пасля пачало праходзіць гэта ў яго, і ўжо цяпер толькі злосць на шчаслівага Алеся Мельгуна, крыўда на тое, што сам ён ва ўсім мізэрны такі, што нават, калі што і было, як у добрых людзей, дык і то цяпер тыя ж самыя людзі праходу не даюць.
- Но! - гукае Павал на каня ў адказ на насмешныя словы Сёмкі Цераховіча з задняга воза; і гэта ў яго выходзіць па-балагольску:
- Ё, ё...
Ззаду з Сёмкам Цераховічам едзе стары Тодар Дрозд - хітры і самаўпэўнены. І яны пачынаюць удвух гаварыць між сабою.
«Мусіць, нарочна гэта яны так моцна, каб чуў я», - думае сярдзіта Павал і слухае:
- Бач, падла, едзе сабе з Алесем, усё роўна як з гаспадаром, а гэты Грыбок трухлявы ззаду аж млее, мусіць, бачачы. Куды яму, смаркачу, яшчэ было зачэпвацца з ёю, а яна чорт яе ведае нашто яго за нос цэлую зіму вадзіла. Цяпер ён аж кашляць пачаў з нуды.
Павал пазнае голас Сёмкі, і яму ўяўляецца яго сытая гадкая постаць, шырокі твар, увесь у вуграх, і здаровыя валасатыя кулакі. Паўлу хочацца саскочыць са свайго воза, схваціць дзе-небудзь на дарозе камень ды даць ім з размаху ў голаў Сёмку, каб таму аж чэрап трэснуў. А пасля яшчэ большая нянавісць да Тодара Дразда, калі той пачынае гаварыць:
- Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваім жыцці, вельмі ж баб многа мяняў, як у смалакурні служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага і Павал выйшаў гэтакі нядошлы, як гнілы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакім смаркачом.
- Бач, бач, - радасна раптам перабівае сам сябе Тодар, - дальбог жа вунь, ліха яму, прыціснуў, здаецца, да сябе, ды як галубіць... Эй, ты там, Алесь, асцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзіш?!
Павал углядаецца наперад і бачыць, як чорная постаць Насці, няясная ўночы, як голас хворага дзіцяці, злілася з постаццю Алеся, а пасля, як закрычалі ззаду, яна адсоўваецца ад яго - усё такая ж далёкая і зноў усё любая.
І такая глыбіня крыўды, злосці і жадання паскардзіцца некаму з'яўляецца ў Паўла, што хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося ж то неяк разам з'ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Хочацца Паўлу пайсці цёмным полем да таго месца, дзе за чорнымі дзівоснымі абрысамі нечага начнога з'яўляецца маленькая ясная лапінка, - гэта месяц, мусіць, спрабуе выбіцца з-за хмар. Робіцца там трохі святлей, вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй, і там як бы няма нікога такога злога, гадкага.
- Павал, Павал, глядзі, - зноў дабягае да Паўла голас Тодара з задняга воза, голас нейкі цвёрды, слізкі, як мокрая гадзюка.
Павал на хаду паволі злазіць з воза; раптам чуе, як на пярэднім возе пачынаюць рагатаць. Голас у Насці бязвінна-гуллівы, без хітрасці: проста затым гэта рагоча яна, што смешна ёй; а рогат у Алеся страшны, як удар абухам па галаве, - і колькі ў ім самаздавальнення, жадання патаптаць усё сабе пад ногі, быць над усім вышэй, і ўжо ўпэўненасць, што мацнейшы за ўсіх ён тут.
Читать дальше