- Плача, ліха ёй, - рашуча сказаў ён, хітра падмаргнуўшы гнілому слупу, што падпіраў сталярову сцяну.
І тут жа, адскочыўшы на сярэдзіну двара, ён задзёр голаў угору і закрычаў, наколькі хапала дзіцячых сіл:
- Тараны смажаныя, па капейцы штука.
І раптам драпануў назад у цёмныя сені і ўжо адтуль, з неабдымнай радасцю свайго маладога жыцця глядзеў на сярэдзіну двара. Хутка з свае кватэры выбегла сталярыха і, забыўшы свае глыбокія трагізмы, памчала сваё дзябёлае цела ў вароты. На вуліцы было пуста, толькі барабаншчык вайсковага аркестра плішчыў некуды на жываце барабан. З вялікім расчараваннем, агледзеўшы пустую вуліцу, сталярыха паволі ўжо пайшла назад. На момант яна стала проці акна Віктара Зеніча, каб запытаць у яго:
- Не чулі? Здаецца, смажаныя тараны прадавалі. Хацела купіць - якраз нешта галава баліць.
- Не, не чуў, - з лёгкай усмешкай адказаў Віктар Зеніч.
- Што гэта за кавалер, калі ён не чуў, як смажаныя тараны прадавалі, - тонам мудрай настаўніцы абазвалася сталярыха і, зноў гатовая заплакаць ад глыбокай крыўды, пайшла да сваіх дзвярэй; але заплакаць ёй ужо не ўдалося - перад самымі дзвярыма спаткалася яна з газетчыкаваю дачкою, і пачалі яны гаварыць аб тым, якая фальбона харашэй у спадніцы - шырокая ці вузкая...
Зусім ужо лажыўся вечар.
II
Ціха было на зямлі. І можа ад таго і радасна, што было ціха, бо трэба было адпачываць усёю істотаю. Густы змрок ляжаў у пакоі, і ўжо неба праз акно здавалася зялёна-цёмным бяздоннем, а зямля не так звала ўжо ў свае нязмерныя абшары. Далёка на ёй ужо зліліся цёмныя абрысы з небам. Зышоў дзень, і рос вечар.
У напружанай цішы раптам пачала расці вастрата пачуццяў і думак. Але думкі былі вельмі ўтомлены цяжкай работай за дзень, і не мяшалі яны яшчэ больш вырастаць пачуццям. Пачалі праходзіць ва ўсёй істоце пражытыя дні. З'яўляўся ўвушшу гром горада і гаворкі людзей, то раптам тонкасцю выбухалі недзе з сэрца адносіны з людзьмі, а то ўсё калі-небудзь чуванае, бачанае, перажытае на момант знікала і пасля зноў раптам з'яўлялася, як усё разам адно цэлае, скамбінаванае ў нешта гарманічнае і як бы вельмі патрэбнае для чалавека. І ўяўлялася, што гэта ўвесь свет відзён перад чалавекам, што адчуванне яго як бы сваволіць у душы, бо не гэтак трэба; а можа яно і іначай трэба, і каб стала іначай, то таксама не парушыла б гармоніі душы, бо ў той дзень так здарылася, што не выплывала наверх у Віктара Зеніча мяжа радасці і смутку, а была ўвесь дзень цяжкая работа, што забрала пад сваю ўладу ўсе думкі, і цяпер быў адпачынак.
От так, сядзець і адчуваць.
Многа бачылася свету, а колькі яшчэ бачыцца будзе. Можа зямлі і мала за жыццё было пройдзена, ды многа было пройдзена чалавечых душ. А чалавек - гэта ж свет, адна істота - неабхватны прастор, і разглядай яго, калі ўмееш.
Бо быў дзень спакойны, дык такі вечар...
І раптам за сцяной, ужо за другою, не там, дзе плакала сталярова жонка, упала ўсё, і з'явілася бяздонне. Нешта пачало гаварыць аб нечым усяму свету, і на першых хвілінах не ўявілася, аб чым гэта яно гаворыць. Яно раптам раскідала ўжо цвёрда сфармаваны парадак настрояў і пачало іх збіраць нанава, ачышчаючы новыя глыбіні і ўзнімаючы новыя жаданні і імкненні.
Мільганула на момант думка, што гэта за сцяной грае сястра Баляслава Гельца, што кожны дзень з тоненькім партфелем ходзіць некуды служыць. Завуць яе Антаніна; яна высокая, з белым тварам, заўсёды маўклівая і адзінокая. Жывуць яны ўтраіх - брат, яна і старая матка; жывуць з гэтага дома, дзе жыве ён - Віктар Зеніч, ды яшчэ з таго, што брат недзе служыць. Некалькі разоў на дзень і вельмі доўга кожны вечар Антаніна грае на піяніна нешта, чаму Віктар Зеніч назвы не ведае і многа не разумее, але ёсць часткі, асобныя, гэтай музыкі, якія як бы тое самае, што ў жыцці адчувалася і будзе адчувацца.
Яна вечна сумная, гэтая дзяўчына, увайшла ў сябе і ўжо, далёкая ад людзей, жыве толькі, мусіць, аднымі гэтымі зыкамі.
Віктар Зеніч ведае з гаворак, што некалі гэтыя людзі жылі думкамі, цяпер засталіся ў іх, і вельмі ж у гэтай дзяўчыны, адны пачуцці такія, якія здольны лавіць у жыцці толькі журбу ды смутак. І апрача гэтага, у іх застаўся ад мінулых часоў, з вялікага багацця, вось адзін толькі гэты дом, а ў яе піяніна - асалода цёмных для яе дзён...
Музыка сціхла, а пасля зноў з'явілася. Яна выявіла скаргу чалавека, які заставіў гэтыя зыкі бегчы ў свет. Скаргу на тое, што не бачыць ён у свеце таго, чаго бачаць у той жа час другія, і што мінулае не варочаецца. Жыць жа гэтым мінулым, калі яно толькі мінулае, - цяжка. Зыкі перайшлі пасля ў глыбокую журбу. Яна адчувалася, што глыбокая, але не была зусім ясна зразумелаю.
Читать дальше