Сюды мы і прыйшлі з Аляю. Яна нясмела стала ў парозе і адразу апынулася ў абдымках звонкагалосай Веры Міхайлаўны. «Я вас такою і ўяўляла, беленькай і зграбнай. Дзе ж вы прападалі? Мы чакалі кожны дзень. Праходзьце, распранайцеся. О-о-о! Вы ж мокрая наскрозь. Ліда! Сустракай госцю. Нясі што-небудзь цёплае і сухое. Давай валёнкі».
Са сваёй баковачкі Лідзія Яўсееўна вынесла халат і валёнкі. Мая сарамлівіца разгубілася зусім, калі тонам гаспадыні Лідзія Яўсееўна загадала: «Вера, грэй чай і накрывай на стол». Ёй, як у старой п’есе, падыграла Вера Міхайлаўна: «Шампанскае і ўстрыцы падаваць? Ну і, вядома, какаву «Золотой ярлык» можна?» — «Вера, не паяснічай. Некалі будуць і шампанскае і «Золотой ярлык», — адпарыравала Лідзія Яўсееўна. «Вера, без веры і жыць не варта. Вы мяне прабачце на некалькі хвілін. У мяне вучань». I знікла за няшчыльнымі дзвярыма.
Аля адразу адчула, якая тут простая і сардэчная атмасфера. Яна пераапранулася, абула цёплыя валёнкі, пасінелы твар паружавеў, заіскрыліся вочы. Нам было добра і ўтульна, як у самых блізкіх родзічаў. Яна паціху расказвала пра дачку, пра бацьку, пра сваю работу ў Пагосце. У Старобіне была доктарам мая стрыечная сястра і часам памагала жонцы свайго няшчаснага брата.
Калі на стале з’явіліся гарачая бульба і чай, уся ўвага была звернута на Алю. Усе чакалі навін, верылі ў розныя меркаванні і чуткі, спадзяваліся, што ў некага прачнецца сумленне і скончыцца гэты кашмар. «Ну як там Масква?» Ёй не было калі разглядаць яе. Начавала на вакзале, выстойвала доўгія чэргі ў розных прыёмных. Адзінае, што паглядзела, — выстаўку падарункаў таварышу Сталіну да яго сямідзесяцігоддзя. Такога багацця і прыгажосці нават і ўявіць немагчыма. А то абівала парогі ў Міністэрстве асветы, у прыёмнай КДБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Прасіла аднаго: каб мне дазволілі працаваць у школе, яна паказвала выпіску з пастановы аб зняцці з мяне судзімасці. Яе разглядалі, круцілі галовамі і пасылалі ў другую такую ж глухую да гора чаргу. Нарэшце сказалі, што пры ўсёй няхватцы настаўнікаў у Сібіры выкладчыцкую работу ссыльнаму даверыць не могуць.
Перад ад’ездам яна прыйшла на Красную плошчу. Доўга глядзела на напяты ветрам Дзяржаўны сцяг над зялёным купалам, на званіцу Івана Вялікага, на далёкія вокны крамлёўскіх палацаў і думала: недзе там ходзіць у мяккіх ботах, магчыма, пазірае на горад і плошчу вялікі і мудры правадыр. Чаму ж ён не ведае, колькі пакутуе невінаватых людзей, гатовых жыццё аддаць за Радзіму. Яго адно слова — і тысячы стануць шчаслівымі, а шчасце — спакойна жыць і сумленна зарабляць свой кавалак хлеба замест пайкі. Яна выстаяла доўгую чаргу да Леніна. Прайшла і ледзь стрымала слёзы.
«Як выглядае Масква? Што людзі гавораць у чэргах каля Вярхоўнага Савета і Пракуратуры?» — дапытвалася Лідзія Яўсееўна. У чэргах людзі стаялі пахмурныя і маўклівыя, кожны са сваім горам, а давяраць яго незнаёмаму не адважваліся.
Білет Аля ўзяла не да Барабінска, а да Новасібірска, каб не думаць, што нечага не зрабіла, паехала ў вобласць. Праз пяць дзён была ў сталіцы Заходняй Сібіры. Куды ісці? З Чырвонага праспекта выпадкова звярнула на вуліцу Дзяржынскага і апынулася каля шэрага будынка абласнога НКУС. Штурхнула цяжкія дубовыя дзверы з тоўстаю пакручастаю ручкаю. Слязьмі і просьбамі прабілася да генерала Какучаева. Увайшла, а сказаць нічога не можа: раскрывае рот і захлынаецца паветрам. Ён даў вады, супакоіў, прапанаваў сесці, уважліва выслухаў блытаны і таропкі расказ пра нашы пакуты, прачытаў пастанову аб зняцці з мяне судзімасці і здзівіўся, чаму мяне другі раз арыштавалі і выслалі сюды. Адразу некаму пазваніў. Увайшоў маладзенькі лейтэнант. «Гэты малады чалавек праводзіць вас у аблана да таварыша Андросава. Я яму перадам, што не пярэчым, каб ваш муж працаваў у школе. Спадзяюся, усё будзе добра». I нават праводзіў з кабінета. Яна не верыла сваім вачам. Забягу трошкі наперад: пазней да нас дакацілася чутка, што генерала Какучаева самога арыштавалі. Праўда ці не, сцвярджаць не магу. Чаго толькі не бывала.
Расказаўшы пра свае клопаты, Аля з сумачкі дастала пашпарт, а з яго — загад Новасібірскага аблана аб прызначэнні мяне выкладчыкам чарчэння і малявання ў Біязінскай сямігадовай школе.
«Чаму чарчэння і малявання?» — здзівіўся я. «Дазволіць выкладаць мову і літаратуру не адважыўся нават спагадлівы і вельмі інтэлігентны Андросаў. «Літаратура — гэта ж ідэалогія. Як ты не разумееш?» Я многага не разумеў. «А калі на месцы будуць перашкоды, загадчык аблана даў тэлефон свайго намесніка Кулагіна. Ён разбярэцца і ўсё ўладзіць».
Читать дальше