Але больш за ўсіх мяне даймалі два дзетдомаўцы — руды і канапаты Віця Тартынскі і цыганаваты Ваня Бойка. Яны пратэставалі па-свойму: на ўроку нешта стругалі, пускалі папяровых галубоў, стралялі ў дошку жаванаю папераю. Я іх спакойна ўшчуваў, не скардзіўся дырэктару, не пагражаў, не дапякаў двойкамі. Яны думалі, баюся іх, а мне было шкада іх пакалечанага дзяцінства, ім карцела хоць так спагнаць сваю крыўду на фашыстаў. Каб дапячы «Дэр ману», яны часам бессаромна пыталіся: «А праўда, што вы былі перакладчыкам у немцаў?» Я спакойна адказваў, што фашыстаў бачыў толькі ў кіно. «А Наталля Іванаўна казалі…»
Я ведаў, адкуль гэта ідзе: занадта «пільныя» настаўніцы глядзелі на мяне і на Алю адчужана і варожа. Яны жылі сваімі інтарэсамі і плёткамі, таемна варагавалі паміж сабою за нагрузку, за пахвалы, за дровы, за сена і… мужыкоў. I раптам нейкія ссыльныя ўрэзалі іх нагрузку ды яшчэ прэтэндуюць на нейкую вучонасць. Рабілі выгляд, што мы не існуем, хоць пільна сачылі за кожным крокам і словам, настройвалі вучняў супроць нас. Аля, прыроджаны педагог, з першых урокаў узяла кожны клас у свае маленькія дужыя рукі. «Сумную» матэматыку слухалі і палюбілі ўсе без выключэння, такой цішыні, як на яе ўроках, не было ні ў дырэктара, ні ў завуча. I гэта злавала і раздражняла нашых «калег».
Мы трымаліся асобна. На перапынках садзіліся ў канцы доўгай драўлянай канапы і маўчалі, калі бывалі «фортачкі», цішком правяралі сшыткі, пісалі планы. Класнага кіраўніцтва мне не даверылі. Пасля некалькіх заняткаў палітгуртка па вывучэнні «Кароткага курса ВКП(б)» і маіх выказванняў дырэктар мне сказаў: «Можаце не наведваць палітзаняткі. У вас жа вышэйшая адукацыя, матэрыял добра вядомы, некаторыя пры вас адчуваюць сябе няёмка. Ім здаецца, што пасмейваецеся з іх адказаў… Бывае смешна і мне, але што зробіш?» Я разумеў прымітыўную дыпламатыю Яўгена Паўлавіча і больш не хадзіў на палітзаняткі. Трэба было цярпець, каб толькі ўтрымацца і неяк існаваць. Часам хацелася кінуць усё, пайсці на самую цяжкую работу, але, апрача арцелі «Прагрэс» з яе «аванцамі» і калгаса з палачкамі, нічога не было.
Школу я вельмі любіў з самага ранняга вучнёўства: выпускаў насценныя газеты і рукапісны часопіс, ставіў спектаклі і дэкламаваў вершы, быў пастаянным аратарам на ўсіх святочных дэманстрацыях. Словам, быў дылетантам на ўсе рукі, усё патрохі ўмеў. Думаецца, кожны настаўнік павінен іграць на скрыпцы або піяніна, маляваць, іграць у аматарскім спектаклі, выразна чытаць вершы і прозу, сваім умельствам і прыкладам захапіць вучняў.
На ўроках малявання ў мяне была цішыня. Усе стараліся. Нават Тартынскі і Бойка, высалапіўшы языкі, шчыравалі над сваімі малюнкамі. Мы рабілі класныя і школьныя выстаўкі. Каму не хацелася трапіць на іх? У сёмым класе вучылася даволі дарослая эстонская дзяўчынка Валя Ыўнап. Яна малявала амаль прафесійна. Яе пейзажы здзіўлялі глыбінёй перспектывы, каларытам, дакладнасцю і настраёвасцю. Не ведаю, як склаўся яе лёс. Калі не стала яна мастачкай, страчана яскравая індывідуальнасць. Яе малюнкі ўпрыгожвалі нашы выстаўкі і класы, побач з імі выстаўляліся лепшыя работы тых, хто ўпершыню ўзяўся за аловак.
У нашу школу хадзілі дзеці з блізкіх і дальніх сёл. Пераважна пераросткі. Жылі яны каля школы ў доўгай стадоле інтэрната толькі ў лютыя маразы і завеі, а так хадзілі на заняткі і дадому пехатою за пяць, восем і дзесяць кіламетраў. У сібіракоў жа ёсць прыказка: «Сто вёрст — не адлегласць, сорак градусаў — не мароз». Гэта засвойвалася з дзяцінства. А мы адчувалі і дваццаціградусную сцюжу. Я хадзіў у сваім шынялі, а для Алі справілі паўкажушак і звалялі зграбныя чорныя «пімікі», з абцасамі і тоўстымі насамі, каб не мерзлі пальцы, купілі гаматную з брыжамі клятчастую хустку і прывыкалі да лютай сібірскай зімы.
Вечарам запальвалі пліту, нешта варылі і смажылі купленае ў суседнім беларускім сяле Кардон. Там жылі даўнія перасяленцы з Віцебшчыны і Барысаўшчыны, але і ў чацвёртым пакаленні яны збераглі моўныя асаблівасці, хатні ўклад, звычаі, арнамент на посцілках і ручніках, кашулях і блузках і пелі песні роднае стараны. Кардон быў адразу за Тараю. Я часта хадзіў туды адвесці душу, пагрэцца каля печы, складзенай, як у нашых вёсках, пачаставацца хрусткім дранікам і мачанкаю. У землякоў можна было купіць кавалак сала і вяндліны, вантрабянкі і каўбасы. Карэнныя сібіракі нічога гэтага рабіць не ўмелі. Рэзалі свінчо, здымалі шкуру, усё нутро выкідалі сабакам, тушу вешалі на крук у кладоўцы, замарожаную адсякалі, колькі адхопіць сякера, варылі ў чыгуне, выкідалі кавалак свініны на чыста вышараваны стол і па камандзе гаспадыні «таскайце, мужыкі» падбіралі ўсё дачыста. Кардонаўцы за паўстагоддзя так і не навучылі суседзяў гаспадарыць па-свойму.
Читать дальше