- Скажыце, брыгадзір, ужо ўсе паставыя, якія дзяжурылі сёння ноччу, паздавалі рапарты?
- Не, не ўсе.
- Мне б хацелася, каб вы задалі ім адно пытанне. Я хацеў бы ведаць, ці не прыкмеціў хто-небудзь з вашых паміж апоўначчу і дзвюма гадзінамі ночы аўтамабіль маркі «дыён-бутон» у нашым квартале. Нам невядома: апрача шафёра, быў яшчэ хто-небудзь у машыне ці не?
Абыдземся без камісара! «Усялякае распачатае следства ці назіранне...»
Ён выдатна ведаў тэорыю. Бальтазар гэта ці не Бальтазар, а следства вядзе ён.
Гадзіне а дванаццатай яго апанавала дрымота, але яго чарга ісці на полудзень яшчэ не падышла. Павекі зліпаліся. Часам ён нават па два разы задаваў адно і тое ж пытанне сваім кліентам.
З'явіўся Бесан. Водар абсенту зыходзіў ад яго вусоў і нагадваў пра прахалоду «бістро» ці пра мяккае асвятленне ўтульнай тэрасы якой-небудзь кавярні на Вялікіх Бульварах.
- Шэф яшчэ тут?
Камісара на месцы ўжо не аказалася, і Бесан сеў за стол, каб скласці пісьмовы рапарт.
- Няшчасны чалавек! - уздыхнуў ён.
- Хто?
- Музыкант.
І Бесан, свежы, ружовашчокі здаравячок, працягваў:
- Па-першае, ён сухотнік. Аднаго гэтага аж занадта. Вось ужо два гады, як яго намагаюцца адправіць у горы, але ён і слухаць не хоча.
У бок плошчы Сэн-Жорж галопам праскакалі коні. Раніцай на плошчы Інвалідаў адбыўся парад, і цяпер вайсковыя часці вярталіся ў казармы. У горадзе ўсё яшчэ панавала ўзбуджанасць, усюды, куды ні глянь, калыхаліся сцягі, разгульвалі ваенныя ў параднай форме, грымелі аркестры, стракаты натоўп спяшаўся да Елісейскага палаца, дзе давалася афіцыйнае снеданне.
- Жывуць яны ў двухпакаёвай кватэры, вокнамі ў двор. Шосты паверх без ліфта.
- Вы хадзілі да іх?
- Я перакінуўся словам спярша з вугальшчыкам, які жыве ў тым жа доме, пасля з канс'ержкай, яна аказалася маёй зямлячкай. І зімой і летам кватаранты скардзяцца ёй на флейтыста, што ён дзень пры дні грае ля насцеж расчыненага акна. Канс'ержка вельмі добра адносіцца да яго. Вугальшчык таксама, хоць флейтыст і завінаваціўся яму за вугаль. Што да ягонай кабеты...
- Вы бачылі яе?..
- Яна якраз выйшла з дому, калі я сядзеў у канс'ержкі. Мажная пышная брунетка, а вочы так і сыплюць зоркі! Кармен, дый годзе! Вечна ў халаце і ў шлёпанцах шпацыруе па навакольных крамах. Толькі і занятку ў яе, што ходзіць па гадалках. Мужа грызе без адхлання. Канс'ержка божыцца, што яна нават б'е яго. Няшчасны чалавек!..
Бесан вымучыў некалькі радкоў: складаць рапарты было яму цяжка.
- Я сеў у метро і адправіўся ў рэстарацыю «Клішы», каб пагаварыць з начальствам флейтыста. Нічога благога мне пра яго не сказалі. Не п'е. На работу прыходзіць заўсёды на пяць хвілін раней. З усімі ветлівы, а касірка проста ў захапленні ад яго.
- А дзе ён сам?
- Не ведаю. Але дома не было. Канс'ержка сказала б.
Мэгрэ выйшаў з камісарыята і рушыў у невялічкі бар на плошчы Сэн-Жорж з'есці пару крутых яек ды выпіць куфаль піва. А калі вярнуўся, на яго стале ляжала запіска ад брыгадзіра.
«Паставы Жульян заўважыў, што а палове другой ночы ля дома № 23 на вуліцы Мансар спыняўся аўтамабіль маркі «дыён-бутон». Акрамя шафёра, прыкметы якога супадаюць з вашымі, у ім нікога не было. Машына хвілін дзесяць стаяла на вуліцы Мансар, потым рушыла ў напрамку вуліцы Бланш».
Пад насценным гадзіннікам зазвінеў званок, і Мэгрэ паспешліва падхапіўся, расчыніў абабітыя дзверы. Камісар ужо вярнуўся, і Мэгрэ ўбачыў на стале раскладзеныя лісткі свайго рапарта, спярэшчаныя чырвоным алоўкам.
- Заходзьце, калега. Сядайце.
Даволі рэдкая ласка: звычайна камісар ахвотней дазваляў сваім падначаленым стаяць перад ім навыцяжку.
- Вы, напэўна, увесь ранак пракліналі мяне?
Ён таксама быў у мундзіры, але яго мундзір быў пашыты ў найлепшага краўца з Вандомскай плошчы, а жылет, як заўсёды, быў самага моднага колеру.
- Я ўважліва перачытаў ваш рапарт. Цудоўны рапарт, дарэчы, - здаецца, я ўжо казаў вам гэта. Пагаварыў я і з Бесанам наконт вашага прыяцеля флейтыста.
Мэгрэ вырашыў дзейнічаць напралом.
- Жандро-Бальтазары не званілі вам?
- Званілі, але размова адбылася зусім не ў тым тоне, у якім вам здаецца. Рышар Жандро трымаўся цудоўна, хоць ён злёгку і кпіў з вас і з вашай заўзятасці! Вы, безумоўна, чакалі, што ён будзе скардзіцца? Аднак рэакцыя аказалася якраз адваротнай. Тое, што ён палічыў вас нявопытным і гарачым, гэта, спадзяюся, не крыўдзіць вас. Менавіта пагэтаму ён і не вытрымаў, дазволіўшы сабе мілы жарт - расчыніў перад вамі дзверы свайго дома.
Читать дальше