- Значыць...
- Нічога не значыць. Рышар Жандро не пад прысягай казаў вам гэта. У вас не было ні ордэра, ні падстаў для допыту.
- Але цяпер...
- Цяпер не болей, чым учора. Вось чаму я раю вам...
Мэгрэ зусім разгубіўся. Быццам яго палівалі то варам, то ледзяной вадой, і ён канчаткова быў збіты з панталыку. Яму стала душна. Якое прыніжэнне: з ім абыходзіліся, як з дзіцем!
- Дзе і як вы збіраецеся адпачываць?
Пытанне было такое недарэчнае, што Мэгрэ праз сілу сказаў, як выдавіўшы з сябе:
- Не.
- Наколькі мне вядома, чыноўнікі маюць звычку загадзя рыхтавацца да адпускоў. Аднак, калі жадаеце, можаце ўзяць водпуск ужо цяпер, з сённяшняга дня. Я нават спадзяюся, што гэта ў нейкай ступені супакоіць мае сумненні. Тым болей, калі ў вас няма намеру пакідаць Парыж. Паліцэйскі ў водпуску - ужо не паліцэйскі, ён можа дазволіць сабе такія ўчынкі, за якія адміністрацыя не нясе адказнасці.
Зноў надзея. Але Мэгрэ ўсё яшчэ баяўся верыць. Чакаў ад камісара новага каленца.
- Спадзяюся, канешне, што скарга на вас ўсё ж не паступіць. Калі ж у вас узнікне часам неабходнасць нешта паведаміць мне ці проста параіцца, званіце на бульвар Курсэль. Нумар майго тэлефона знойдзеце ў тэлефонным даведніку.
Мэгрэ зноў памкнуўся штось сказаць - на гэты раз каб падзякаваць, але камісар ужо злёгку падштурхоўваў яго да дзвярэй. І раптам, нібыта ўспомніўшы нешта зусім дробязнае, прамовіў:
- Дарэчы, вось ужо шэсць ці сем гадоў, як Фелісьен Жандро-бацька знаходзіцца пад сямейнай апекай, нібы юны ветрагон. З таго часу як памерла маці, усе справы фактычна вядзе Рышар. Як здароўе вашай жонкі? Трошкі прывыкае да Парыжа, да сваёй новай кватэры?
Жылістая рука шэфа паціснула руку Мэгрэ, і ён апынуўся за абабітымі дзвярыма. Усё яшчэ разгублены і прыгнечаны, ён машынальна падаўся да свайго стала, і раптам яго позірк спыніўся на адной з постацей на лаве па той бок бар'ера.
Там сядзеў флейтыст Жустэн. У чорным, але на гэты раз ужо не ў вячэрнім, фраку і без плашча, ён пакорліва чакаў сваёй чаргі, прымасціўшыся паміж нейкім бадзягам і таўстухай у зялёнай шалі, якая карміла грудзьмі немаўля.
Музыкант глянуў на Мэгрэ, нібыта пытаючыся дазволу падысці да бар'ера. Мэгрэ прывітальна кіўнуў яму, сабраў паперы і перадаў справы аднаму з калег.
- Іду ў водпуск!
- У водпуск?! У красавіку, ды яшчэ калі ў нас на шыі яго вялікасць?!
- Уяві сабе, водпуск!
Тады другі саслужывец, ведаючы, шго Мэгрэ нядаўна ажаніўся, запытаў:
- Што, дзіця?
- Не.
- Захварэў?
- Не.
Гэта ўжо збівала з тропу, і саслужывец недаўменна пакруціў галавой:
- Ну што ж. Справа твая. Прыемнага адпачынку! Шанцуе ж людзям!
Мэгрэ ўзяў свой кацялок, надзеў манжэты - ён скідаў іх, прыходзячы на работу, - выйшаў за барь'ер, які аддзяляў службоўцаў ад наведвальнікаў. Жустэн Мінар таксама падняўся і вельмі натуральна моўчкі рушыў следам.
Ці не задала яму чосу зласлівая жонка, пра якую расказваў Бесан? Як бы там ні было, н быў тут. Светлавалосы, шчуплы, з румянымі скуламі і блакітнымі вачыма, ён не адставаў ад Мэгрэ, як прыблудны цюцька ад выпадковага прахожага.
Вуліцы былі заліты сонцам, над вокнамі развяваліся сцягі. Здавалася, аж паветра трымціць ад наярвання труб і пошчаку барабанаў. Людзі ішлі саяточна прыўзнятыя і вясёлыя, і ад таго, што то тут, то там на вочы трапляліся ваенныя, міжволі і цывільныя падцягваліся і распраўлялі плечы.
Калі Мінар нарэшце асмеліўся параўняцца з Мэгрэ, ён спагадліва запытаў:
- Вас звольнілі?
Ён, мабыць, лічыў, што паліцэйскага чыноўніка звольніць гэтак жа проста, як флейтыста з аркестра, і яму было невыносна ад думкі, што гэта здарылася па яго віне.
- Не звольнілі. Мне далі водпуск.
- Вось як!
Гэта «вось як!» вырвалася вельмі ўзрушана. У ім гучала занепакоенасць і прытоены папрок.
- Яны палічылі за лепшае часова адхіліць вас ад спраў, так? Выходзіць, яны намераны ўсё замяць? А як жа мая скарга?
Голас яго загучаў сушэй.
- Прынамсі, хоць маю скаргу яны не пакладуць пад сукно? Хачу адразу ж папярэдзіць вас, што гэтага я не дапушчу.
- Скарга разбіраецца ва ўстаноўленым парадку.
- Выдатна! Тым болей што ў мяне ёсць для вас сякія-такія навіны. Ва ўсякім разе, адна...
Яны ўжо дайшлі да правінцыяльна-ціхай плошчы Сэн-Жорж з невялічкім «бістро», дзе вечна пахла белым віном. Мэгрэ прывычна штурхнуў уваходныя дзверы. У гэтыя гадзіны пасля полудня ў паветры і сапраўды, здавалася, веяла адпачынкам. Цынкавая стойка была надраена да бляску, а налітае ў чаркі віно аж прамянілася зеленаватымі водбліскамі, наганяючы смагу.
Читать дальше