Жорж Сімэнон
Першая справа Мэгрэ
Першая справа Мегрэ: Раман.[Для ст. школ. узросту/Пер. з фр. Н. Мацяш; Пад рэд. Я. Семяжона; Маст. Ул. Піменаў].— Мн.: Юнацтва, 1982.— 167 с., 4 л. іл.
РэдактарУ. Б. Ідэльсон
МастакУл. С. Піменаў
Мастацкі рэдактарВ. I. Кліменка
Тэхнічны рэдактарН. П. Дасаева
КарэктарЛ. I. Саўчанка
Раздзел I. ФЛЕЙТЫСТ ДАЕ ПАКАЗАННІ
Чорны бар'ер падзяляў пакой на дзве часткі. На палове, прызначанай для наведвальнікаў, самотна тулілася каля пабеленай сцяны, спярэшчанай службовымі плакатамі і аб'явамі, чорная лава. Другую палову займалі пісьмовыя сталы з чарніліцамі, паліцы, напакаваныя разбухлымі папкамі, таксама чорнымі, так што ўсё тут было чорна-белае. Але найбольшую ўвагу звяртала на сябе печка, якая красавалася на лісце жалеза, чыгунная печка-«буржуйка» з тых, што можна ўбачыць хіба толькі на вакзале якога-небудзь захалуснага гарадка. Труба з яе спярша імкнулася ўгору, да самай столі, потым крута выгіналася ўбок цераз увесь пакой і, нарэшце, утыкалася ў сцяну.
Прыгажунчык паліцэйскі па прозвішчу Лякер сядзеў у пакоі, расшпіліўшы мундзір, і ледзьве адольваў дрымоту.
Насценны гадзіннік у чорным футарале паказваў дваццаць пяць хвілін другой гадзіны ночы. Раз-пораз патрэскваў адзіны ў пакоі газавы ражок. І ў печы таксама час ад часу гуло без дай прычыны.
Спакой ночы ўсё радзей і радзей парушаўся то пошчакам ляскоткі вартаўніка, то вясёлай песенькай запозненага гулякі, то грукатам фіякра па крутой вуліцы.
За сталом злева, уткнуўшыся ў невялікую новенькую брашуру «Курс апісальных прыкмет (славесны партрэт) для афіцэраў і інспектараў паліцыі», як школьнік, варушыў вуснамі сакратар камісарыята квартала Сэн-Жорж.
На форзацы кнігі было акуратна выведзена ад рукі фіялетавым чарнілам: Ж.МЭГРЭ.
Ужо трэці раз за гэту ноч Жуль Мэгрэ, малады сакратар паліцэйскага камісарыята, уставаў з-за стала паварушыць у печцы жар. Памяць аб гэтай печцы ён пранясе праз усё сваё жыццё; амаль гэткая ж будзе стаяць у яго на Набярэжнай Арфеўр, а пазней, калі ва ўсе памяшканні крымінальнага вышуку правядуць цэнтральнае ацяпленне, Мэгрэ - тады ён ужо будзе камісарам батальёна паліцыі ці начальнікам аператыўнай групы - здолее дабіцца дазволу захаваць такую печку ў сваім кабінеце.
Было 15 красавіка 1913 года. Тады вышукная паліцыя яшчэ называлася Сюртэ. Раніцай на Лангшанскі вакзал урачыста прыбыў адзін каранаваны чужаземец, сустракаць якога ездзіў сам прэзідэнт рэспублікі. Афіцыйныя ландо пад эскортам нацыянальнай гвардыі пры поўным парадзе паволі прадэфілявалі па авеню дзю Буа і Елісейскіх палях між дзвюма шарэнгамі натоўпу і сцягоў.
У Оперным тэатры адбыўся вялікі ўрачысты вечар, і толькі пад ноч аціх развясёлы людскі гоман і пагаслі агні феерверкаў.
Паліцыя знемагала. Нягледзячы на прынятыя меры засцярогі - загадзя праведзеныя арышты і тайную дамоўленасць з пэўнымі падазронымі асобамі, - усё ж трэба было апасацца, што ў любы момант можа мець месца якая-небудзь выхадка з боку анархістаў. Так і пільнуйся, каб па маршруту следавання высокага госця не ўзарвалася бомба.
У камісарыяце квартала Сэн-Жорж на ціхай вуліцы Лярошфуко дзяжурылі Мэгрэ і паліцэйскі Лякер. Роўна а палове другой ночы абодва разам натапырылі вушы, пачуўшы знадворку таропкія крокі. Дзверы расчыніліся. Задыханы малады чалавек, жмурачыся ад яркага святла, абвёў вачыма пакой.
- Месье камісар? - спытаў ён, з цяжкасцю пераводзячы дыханне.
- Я сакратар яго, - адказаў Мэгрэ, не скранаючыся з месца.
Ён яшчэ не ведаў, што гэта пачыналася яго першая самастойная справа.
* * *
Малады чалавек быў светлавалосы, шчуплы, блакітнавокі, з хваравітым румянцам на шчоках. Паверх фрака - прарызінены плашч. У адной руцэ юнак трымаў кацялок, другою раз-пораз мацаў свой распухлы нос.
- На вас напалі хуліганы?
- Не. Я спрабаваў прыйсці на помач жанчыне, якая клікала на ратунак.
- На вуліцы.
- У нейкім прыватным асабняку на вуліцы Шапталь. Вы павінны неадкладна пайсці туды. Яны выштурхнулі мяне за дзверы.
- Хто?
- Нейкі... Не то дварэцкі, не то канс'ерж.
- А ці не пачалі б вы з самага пачатку? Што вы рабілі на вуліцы Шапталь?
- Я вяртаўся з працы. Мяне завуць Жустэн Мінар. Я другая флейта ў эстрадным аркестры Лямуро, але вечарамі іграю ў рэстаранчыку «Клішы», што на бульвары Клішы. Жыву на вуліцы Анг'ен, якраз насупраць рэдакцыі «Пці Парыз'ен». Ішоў, як звычайна, спачатку па вуліцы Балю, затым па Шапталь.
Читать дальше