Янка СІПАКОЎ
МАЯ БІБЛІЯТЭКА
ПАЛІЦА ПЕРШАЯ
Я заўважыў яе каля рынку. Яна ласкава трымала на руках кацянятак, пяшчотна тулячы іх да грудзей. Кацяняткі былі вельмі чысценькія, дагледжаныя як і сама жанчына. Яны былі такія ж ужо харошанькія, такія пушыстыя, што хацелася ўсіх адразу перасадзіць на свае далоні.
Кацяняткі разумнымі, даверлівымі вачанятамі, здаецца, глядзелі мне ў самую душу.
А перад імі стаяла кардоначка-ўмова з надпісам: «Аддам у ласкавыя рукі».
Вочы чалавека, які набывае кнігу, заўсёды радасныя і шчаслівыя. А калі ён з ёю развітваецца — зажураныя, вельмі зажураныя.
Але ж як яны загараюцца зноў — у таго, каму ты аддаеш сваю кнігу!
«Усяму свой час, і час кожнай рэчы пад небам... Час раскідаць камяні, і час збіраць камяні», — кажа Эклезіяст.
«Час збіраць камяні, і час думаць пра тое, як яны, камяні, будуць жыць без цябе і што, урэшце, рабіць з імі, сабранымі», — хочацца дадаць нам ад сябе.
Цікава, а дрэвам не бывае скрушна, калі яны ўвосень развітваюцца са сваімі лістамі?!
1
За ўсё сваё жыццё я не сабраў сабе аніякіх скарбаў — ні золата, ні брыльянтаў, ні нават самых звычайных, пакамечаных і зашмальцаваных у шматлікіх кішэнях, папяровак.
І ўсё ж адна вельмі вялікая каштоўнасць, найдаражэйшы мой скарб, у мяне ёсць.
Я кажу пра маю хатнюю бібліятэку. Усё маё багацце — яна, яна, яна...
І, вядома ж, яны — кнігі .
Кнігі заўсёды былі маімі сябрамі. І іх было ў мяне шмат.
Часта я вітаўся з імі: «Добрай раніцы!» і, стомлены за дзень, жадаў ім: «Дабранач!»
З любым настроем і ў любы час дня і ночы падыходзіў я да кніжных паліц і заўсёды знаходзіў тое, што мне трэба было менавіта зараз, што ўціхамірвала, утаймоўвала, супакойвала мяне. Ці, наадварот, узбуджала.
Сваёй бібліятэцы я, можна сказаць, аддаў усё сваё жыццё. Здаецца, я амаль ніводнага дня не прыходзіў дадому без кнігі. А, здаралася, што вяртаўся і з двума важкімі пакункамі ў абедзвюх руках.
Што такое бібліятэка? Мой «Слоўнік замежных слоў», які я купіў 18 снежня 1957 года яшчэ студэнтам-трэцякурснікам аддзялення журналістыкі адзінага на той час Белдзяржуніверсітэта, сведчыць:
«Бібліятэка — 1) збор кніг; 2) памяшканне для захоўвання кніг; 3) установа, якая выдае кнігі для чытання».
Не, не і яшчэ раз — не! Ні першае, ні другое, ні трэцяе! Усё суха, дробязна. І прыблізна.
Бібліятэка — гэта, на мой погляд, сабраны разам увесь розум чалавецтва за ўсе часы і народы з таго моманту, як патухлая зорка Зямля зрабілася жывою, скарб, якім можа бесперашкодна і з радасцю карыстацца кожны чалавек на планеце.
Бібліятэка — гэта сувязь часоў. Яна прыбірае ўсе межы, яднае адлегласці, эпохі, народы. Тут жа Гамер і тут жа Карл Маркс. Вавіланяне і вось яны побач, паэты Украіны. Канфуцый, Цыцэрон, Герадот, Авідзій і нашы Максім Танк і Алесь Пісьмянкоў.
Усе даступныя, усе як сучаснікі. Пазамінулае тысячагоддзе і тысячагоддзе, якое толькі пачалося. Дванаццатае стагоддзе і поручкі стагоддзе дваццаць першае.
Бібліятэка — гэта схова, прыстанішча ад мітусні і зласлівасці. Кнігі — гэта наш спакой. Душэўны.
Бібліятэкі не даюць чалавеку расчалавечвацца. Можа, таму толькі сёй-той ужо спрабуе бібліятэкі называць перажыткам сацыялізму. І пачынае змагацца з імі, як яшчэ нядаўна змагаліся з рэлігіяй.
Але ж чалавек, які чытае кнігу, — шчаслівы чалавек.
Ды і бібліятэка — гэта сама чысціня, давер, парадак. І цішыня. Дзе яшчэ, як не ў бібліятэцы, можна пачуць затоенае, як дыханне, шалясценне кніжных старонак?! Якое не парушае цішыні, а, наадварот, упрыгожвае яе.
Маё дзяцінства — гэта кнігі. Мы, дзеці вайны, чыталі апантана. На перапынках у школе хуценька рабілі ўрокі на заўтра, каб дома нішто не замінала нам сустрэцца з любімаю кнігаю, з любімымі героямі, каб хутчэй даведацца, што з імі адбывалася далей.
Разумеючы час і эпоху, усё ж з болем успрымаеш відавочнае: сённяшняя моладзь, пакаленне Пепсі, Маўглі, камп’ютарных монстраў ды памперсаў, кніг амаль зусім не чытае...
Кнігалюбы лічылі маю бібліятэку адной з лепшых у Мінску. Я ж так не лічыў. Бо ведаў сапраўдных асаў «палявання на кнігу», сярод якіх быў і мой самы блізкі — ад студэнцкіх год і на ўсё жыццё — сябра Барыс Сачанка.
Я ж збіраў жывую бібліятэку.
Значыць, кнігі былі мае сябры, і было іх у мяне шмат.
Я шанаваў кожную кнігу. Браўся разглядаць новыя набыткі свае толькі шчыра памыўшы рукі. Нікому не дазваляў загінаць у кнігах старонкі, крэсліць іх. Я любіў кнігу і таму шанаваў яе, даражыў ёю.
Читать дальше