- Для ўсемагутных і яны ўсёмагутныя. Калі б вы толькі бачылі Люсіль. Яна збялела як палатно. Памкнулася ляцець туды і выдаць хаўруснікаў. Я ледзь супакоіў яе.
«Што гэта дасць?» - даводзіў я.
Трэба было загадзіць яго, вось яны і загадзілі, ці ж не так? Калі б мне давялося сустрэць дзе-небудзь у цёмным кутку гэтага крываносага Рышара, ці як яго там, ох, з якой асалодай я натоўк бы яму лыч!
Гэта ж трэба, харкнуў мне пяцьдзесят тысяч канцоў - і не лыс. Ну што ж! Між намі, хоць гэта і ваш хлеб, запомніце, нашы дарожкі з ім яшчэ сыдуцца. Рана ці позна. Падла ёсць падла. А гэтакіх асабіста я за вярсту нюхам пазнаю.
А што ў вас?
- Мне не дазволілі прадаўжаць расследаванне, - прамармытаў Мэгрэ.
- Ведаю. І мне плоцяць за тое, што я гэта ведаю.
- Яны і вам загадалі маўчаць?
- Мне сказалі, каб я не соваў свой нос - тады квіты. Яны тады скрозь пальцы будуць глядзець на маю дзейнасць.
І азначала гэта, што яны заплюшчваюць вочы на ўсе дробныя грашкі Дэдэ, што яму даруюць удар, які ледзь не адправіў Мэгрэ на той свет, і не стануць дапытвацца, адкуль узяліся сорак дзевяць тысяч франкаў, знойдзеных у ягоным партманеце.
- Але ад каленца з дварэцкім я проста вочы вылупіў. Вы верыце ў гэта?
- Не.
- Разумна! Іначай я перастаў бы паважаць вас. Трэба ж было знайсці некага, хто стрэліў, - дык хай ім і акажацца лізаблюд. Як па-вашаму, хто згуляў у «піф-паф»? Тут можна быць шчырымі, праўда? Толькі ўлічыце, што калі вам узбрыдзе ў галаву пакарыстацца тым, што я вам тут наказаў, я прысягну, што ні пра што падобнае я і не заікаўся. Па-мойму, гэта - дзеўка.
- Я таксама так думаю...
- З той розніцай, што ў мяне нямала падстаў думаць менавіта так. Дадам, што калі яна і кокнула Боба, дык зусім памылкова. Бо ўгробіць яна хацела свайго мілага браточка. Бо яны так ненавідзяць адно аднаго, як толькі могуць ненавідзець у падобных сямейках.
Шкада, што вы не былі знаёмы з Бобам. Шыкоўнейшы хлопец! Ці ж дзіва, што яны не пераварвалі яго!
Але ён не быў злы, скажу я вам. Ён не меў ні кропелькі зласлівасці. Ён быў вышэй гэтага. Ён настолькі пагарджаў імі, што яму было проста смешна.
Калі гэтая дзеўка пачала круціцца вакол яго...
- Калі гэта пачалося?
- Восенню. Бог ведае, хто навёў яе на розум. Кожны знаў, што Боба можна знайсці пасля скачак а палове шостай у бары на авеню дэ Ваграм.
- І яна пайшла туды?
- Яшчэ б! Нават без вуалеткі. Яна прадставілася яму, сказала, што жыве ў замку д'Ансеваль, што цікавіцца ім і палічыць за шчасце прымаць яго ў сваім доме.
- Ён спаў з ёю?
- Дзіва што! За ім прысылалі. Ён нават прыводзіў яе ў вядомы вам гатэль на вуліцу Брэй. Каб паглядзець, да чаго яна можа дайсці, разумееце? Слаўны хлопец. Але яна зусім не тая лялька, каб пайсці ў гатэль дзеля адных любошчаў.
Тэмпераменту ў яе не болей, чым у бетоннай сцяны. Ад Люсіль ён нічога не ўтойваў. У яе не хапіла б рэўнасці да ўсіх, што прайшлі праз яго рукі! А вось і печкуры! Цікава, ці спадабаюцца яны вам?
Ён умеў і есці, і гаварыць адначасова, і не прамінаў ні таго, ні другога, у дадатак не забываючы прылашчыць другую пляшку, пастаўленую на стол.
- Не спрабуйце зразумець. Самому Бобу, не ў крыўду будзь вам сказана, які быў хітрэй нас абодвух разам, спатрэбіўся час на гэта. Што яго найбольш здзіўляла, дык гэта яе прага выйсці за яго замуж.
Яна выклала яму свае ўмовы. Працаваць, зразумела, ён не будзе мець патрэбы, кожны месяц яму будзе выдавацца пэўная сума на кішэнныя выдаткі - і ўсё. Боб і вухам не павёў. Ён разумеў, што яна проста шалее стаць графіняй д'Ансеваль. Ёсць такія людзі. Спачатку яны купляюць замак. А потым іх бярэ сквапнасць насіць яго імя, купіць і продкаў былога ўладальніка замка. Гэтак Боб мне растлумачыў.
Ён паглядзеў Мэгрэ ў вочы і, задаволены зробленым уражаннем, сказаў, як адрэзаў:
- Дык вось, справа была зусім не ў гэтым!
Ён грыз хрумсткія печкуры, раз-пораз паглядваў на Сену, дзе марудна праплывалі баржы, якія пачыналі гусці яшчэ за некалькі соцень метраў ад шлюза.
- І не спрабуйце звесці канцы з канцамі. Не зведзяце. Боб, калі дазнаўся пра гэта, аж задыхнуўся ад ярасці. Хоць і ведаў назубок гісторыю гэтай сямейкі. Ведаеце, ад каго зыходзіла думка пра шлюб? Ад старога!
Ён трыумфаваў.
- Прызнайцеся, што дзеля такой навіны варта паехаць снедаць ажно ў Божываль. Вы чулі пра старую мумію, якая завяшчала свой дом і карціны пад музей? Калі хочаце ад душы нарагатацца, дык слухайце, што было далей. Заўважце, я таксама не ўсё ведаю. Дый Боб ведаў не ўсё да канца. Аказваецца, стары, які пачаў з таго, што валэндаўся са сваім корабам па вёсках, марыў пра ўнукаў і праўнукаў высакароднага паходжання. Хочаце ведаць, што я пра ўсё гэта думаю? Гэта было б ягонай помстай. Бо, здаецца, Ансевалі не дужа цырымоніліся з ім. Яны прадалі яму свой замак і фермы. Сціпла выбраліся. Аднак ні разу не запрасілі яго ні на абед, ні хоць на снеданне. І тады ён у сваім завяшчанні паставіў умовы, якія ўсхвалявалі ўсю сям'ю. Яшчэ была жывая яго дачка, калі ён памёр, але мільянеры - не дурні, яны загодзь распараджаюцца сваімі мільёнамі. Стары ўсё прадугледзеў. Пасля смерці дачкі акцыі павінны былі быць падзелены на дзве часткі: пяцьдзесят адзін працэнт - паненцы, сорак дзевяць працэнтаў - крываносаму. Відаць, такі падзел мае вельмі вялікае значэнне, бо ён, як яны кажуць, забяспечвае большасць галасоў дзяўчыне. Асабіста я не надта разбіраюся ў гэтым. Ды ліха з ім. Завяшчанне павінна ўвайсці ў сілу, калі ёй споўніцца дваццаць адзін год.
Читать дальше