Жустэн з'яўляўся штораніцы, гадзін ў дзевяць-дзесяць; ён не званіў, а сціпла шкрабаўся ў дзверы, каб часам не патрывожыць Мэгрэ, калі той раптам яшчэ спіць. Потым шэптам пытаўся пра яго самаадчуванне ці хутка прашмыгваў у пакой, падыходзіў да ложка.
- Не, не, не падымайцеся! Я толькі праведаць прыйшоў. У вас няма для мяне ніякіх паручэнняў? Для мяне было б вялікім шчасцем...
Гаворка была ўжо не пра тое, каб высочваць злачынцаў. Ён гатовы быў да любой паслугі. Ён прапаноўваў сваю дапамогу і мадам Мэгрэ:
- Дазвольце мне схадзіць вам за пакупкамі. Я выдатна спраўлюся, вось пабачыце!
У рэшце рэшт, ён «усяго на адну хвілінку» прысаджваўся ля акна - і заставаўся на гадзіны. Калі ў яго пыталіся, як маецца яго жонка, ён жвава адказваў:
- Якое гэта мае значэнне!
Надвячоркам, перад работай, ён прыходзіў зноў, ужо ў фраку, таму што ён іграў цяпер на балях дзесьці на бульвары Сэн-Мішэль. Іграў ён ужо не на кантрабасе, а на карнет-а-пістоне, што, мусіць, было цяжкавата для яго, бо вакол рота ў яго доўга трымаўся ружовы след.
Лё Брэ таксама штораніцы прысылаў з камісарыята дзяжурнага праведаць Мэгрэ. Гэтая акалічнасць прывяла канс'ержку ў вялікае расчараванне. Яна, канешне, ведала, што яе кватарант службовец, але яна ніколі не падумала б, што ён служыць у паліцыі.
- Камісар загадаў перадаць, каб вы папраўляліся і не хваляваліся. Усё будзе добра.
Мэгрэ з галавой зарываўся ў падушку. Гэта дапамагала мысленна засяродзіцца. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта ўвойдзе ў прывычку, што ён даволі часта будзе карыстацца ёй ў хвіліны адчаю ці скрутнага становішча.
Усё пачыналася, як па камандзе. Замест таго каб думкі ўдакладняліся, святлелі, яны блыталіся, як у гарачцы. Ён паступова правальваўся ў напаўзабыццё, і ява мянялася, набывала новыя формы, пераблытвалася з успамінамі дзяцінства. Усё спрыяла гэтаму: і асвятленне ў пакоі, і кветкі на шпалерах, нават пахі з кухні і мяккія, каціныя крокі мадам Мэгрэ...
Ён узнаўляў усе падзеі з самага пачатку, расстаўляў усіх удзельнікаў, як шахматныя фігуркі на дошцы - стары Бальтазар, Жандро-бацька, Эліз і Рышар, Луі, Жэрмена, маленькая пакаёўка Мары.
Ён ажыўляў іх, прымушаў рухацца. Затым наставала чарга Лё Брэ: ён выходзіў з кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, садзіўся ў свой экіпаж, коратка загадваў фурману: «Набярэжная Арфеўр!»
Ці быў ён на «ты» з вышэйшым начальствам - з Ксаўе Гішарам? З гэтай хвіліны ўсё набывала асаблівую вастрыню. Што казаў Лё Брэ Гішару там, у прасторным кабінеце шэфа, куды Мэгрэ заходзіў толькі двойчы і які быў для яго самым свяшчэнным кутком на зямлі?
«Мой сакратар, - той малады чалавек, якога вы мне рэкамендавалі, - займаецца зараз адным расследаваннем. Я не змог зрабіць інакш і вымушаны быў даверыць справу яму. Цяпер, здаецца, ён наламае нам дроў».
Ці гэтак казаў ён? Зусім верагодна. Лё Брэ - свецкі чалавек, перш за ўсё. Ён штораніцы займаецца фехтаваннем у клубе Гоша, бывае на прыёмах, прысутнічае на ўсіх прэм'ерах і з'яўляецца на скачках у светла-шэрым парадным гарнітуры.
А Ксаўе Гішар? Ён быў сябар бацькі Мэгрэ і паходзіў з аднаго з ім асяроддзя. І жыў ён не ў даліне Мансо, а ў цеснай кватэрцы ў Лацінскім квартале, праводзячы свой вольны час хутчэй са сваімі талмудамі, чым з шыкоўнымі дамамі. Не, ён не здольны ні на свінства, ні на кампраміс.
Аднак ён выклікаў да сябе Барадэ. Што ён яму загадаў?
Ну а калі ўсё было менавіта так - хіба гэта сведчыць пра тое, што Мэгрэ дапусціў нейкую памылку? Ён не давёў да канца сваё расследаванне, хай! Ён не ведае, хто стрэліў у графа. Як не ведае і таго, чаму стрэліў. Але ён дазнаўся б!
Ён адчуваў, што і хутка, і добра справіцца са сваім заданнем. Нездарма ж гэтак перапужаўся камісар!
Тады - чаму?
Газеты болей не ўсчыналі гаворкі пра здарэнне. Справу замялі. Труп Боба, мабыць, адправілі ў морг, будуць ускрываць.
Мэгрэ зноў уявіў сябе ў двары дома на вуліцы Шапталь, у баку ад усіх гэтых месье, якія не звярталі на яго ўвагі. Барадэ, які не ведаў яго ў твар, мабыць, прыняў яго за каго-небудзь са слуг. Пракурор, суддзя і сакратар суда думалі, што ён з групы Барадэ.
Адзін Луі кінуў на яго насмешлівы позірк. Безумоўна, ён ад Жэрмены ведаў пра яго дзейнасць.
Усё гэта зневажала, прыводзіла ў роспач. Часам ён з заплюшчанымі вачыма, расслаблены ўтульнасцю пасцелі, маляваў сабе план ідэальна праведзенага расследавання.
«У наступны раз я зраблю вось так і вось гэтак...»
І вось нечакана на чацвёрты дзень яму збрыдла хварэць, і ён яшчэ да прыходу флейтыста падняўся, вымыўся, не шкадуючы вады, старанна пагаліўся, зняў павязку, якая ўсё яшчэ была на галаве.
Читать дальше