- Разумею.
- Мадэмуазель Жандро паехала ў Швейцарыю, у яе зусім развінчаны нервы, і яна, відаць, прабудзе за мяжой некалькі месяцаў. Луі пакуль на волі і, верагодна, адсвяткуе спыненне следства. Яго адзіная віна ў тым, што, будучы ў замяшанні, ён, замест таго каб неадкладна прызнацца ва ўсім, закапаў труп у садзе.
- Ён сам закапаў яго?
- Пастаўце сябе на месца Рышара Жандро. Я бачу, вы ўсё яшчэ ніяк не можаце зразумець, але некалі вам усё стане ясна. Ёсць выпадкі, калі мы не маем права...
Ён замяўся, падбіраючы словы, і тады Мэгрэ падняў галаву і роўна, абыякава, амаль наіўна закончыў:
- ...паступаць так, як загадвае нам наша сумленне?
Голас Лё Брэ адразу ж загучаў суха і высакамерна, высакамерна, як ніколі.
- Маё сумленне не мае ў чым папракнуць мяне, - абрэзаў камісар, - і я лічу, што яно ў мяне гэткае ж далікатнае, як і ў любога іншага. Вы юнак, Мэгрэ, і толькі пагэтаму я не магу крыўдзіцца на вас.
Роўна апоўдні ў службовым памяшканні зазваніў тэлефон. Інспектар Бесан зняў слухаўку і аклікнуў Мэгрэ:
- Гэта вас. Усё той жа тып. Трэці дзень ужо звоніць, і заўсёды ў адзін і той жа час.
Мэгрэ схапіў слухаўку.
- Алё! Жуль?
Ён пазнаў голас Дэдэ.
- Як у вас - парадак? Вы ўжо зноў упрэгліся? Скажыце, вы збіраецеся снедаць?
- А што?
- Ды мне тут цюкнула ў галаву адна ідэя. Я даўно - з пэўнага часу - прагну выцягнуць вас снедаць за горад. Не бойцеся. Я прыеду за вамі на сваёй таратайцы. Не да камісарыята, разумеецца, я не дужа люблю падобныя мясцінкі. Буду чакаць вас на рагу вуліцы Фантэн. Згода?
Небарака-флейтыст, зноў яму не пашанцавала!
- Перадайце яму, што я вымушаны быў адлучыцца па важнай справе і абавязкова пабачуся з ім сёння ўвечары ці заўтра раніцай.
Праз чвэрць гадзіны ён ужо сядаў у шэры «дыён-бутон». Дэдэ быў адзін.
- Як вам - усё роўна куды? Вы любіце смажаных печкуроў? Толькі найперш трэба забегчы да Маё, прамачыць горла.
Яны сапраўды спыніліся каля бара, зайшлі туды, і Дэдэ ўладна заказаў дзве чаркі густога абсенту.
Настрой у яго быў вясёлы, але ўглыбіні вочы прытойвалі сур'ёзнасць. На ім быў усё той жа клятчасты гарнітур, туфлі колеру гусінага памёту і крыкліва яркі, пунсовы гальштук.
- Кульнём яшчэ па адной? Не? Воля ваша. Сёння ў мяне няма прычын спойваць вас.
Выехалі з горада, потым дарога пайшла берагамі Сены, на якой пагойдваліся рыбацкія лодачкі, і, нарэшце, спыніліся ля невялікага шынка ля самай ракі, з садам з альтанкамі.
- Ану, Густаў, скумекай нам абед на славу! Пачнём са смажаных печкуроў.
І растлумачыў Мэгрэ:
- Ён зараз закіне сетку, і мы атрымаем іх проста жывенечкімі.
Затым зноў да гаспадара:
- А што падасі нам потым?
- Як наконт пеўня ў віне, у ружовым бажале?
- Давай пеўня!
Дэдэ пачуваўся тут, як дома - пайшоў на кухню, потым спусціўся ў склеп і вярнуўся адтуль з пляшкай белага луарскага віна.
- Гэта зацьміць усё пітво свету. А цяпер, пакуль прычакаем смажанку, можаце набіваць люльку. Можна і пабалаболіць.
Ён, відаць, адчуў, што трэба растлумачыць свае паводзіны:
- Ведаеце, чаму мне захацелася пабачыцца з вамі? Таму што ў глыбіні душы вы мне дужа даспадобы. Вы яшчэ не струхлі, як большасць вашых калег.
Ён таксама будзе трошкі падмалёўваць праўду - Мэгрэ выдатна разумеў гэта. Людзі такога гатунку, як Дэдэ, - страшэнныя балбатуны, і гэта часта губіць іх. Яны настолькі ганарацца сваёй персонай, што амаль заўсёды адчуваюць патрэбу расказаць пра свае ўчынкі.
- Дзе Люсіль? - запытаў Мэгрэ, які чакаў, што ўбачыць тут і яе.
- Хочаце верце, хочаце не, але яна сапраўды захварэла. Ці ведаеце, гэтае дзяўчо па вушы ўліпла ў Боба. Дзеля яго яна разбілася б на друзачкі. Уся гэта гісторыя проста даканала яе. Спачатку яна і слухаць не хацела пра тое, каб пакінуць вуліцу Брэй: там, ці бачыце, усё нагадвае ёй пра яго. Учора я нарэшце ўгаварыў яе паехаць у вёску. І адвёз яе туды. Потым я паеду да яе. Але досыць! Можа, яшчэ калі-небудзь вернемся да гэтага.
Ён запаліў цыгарэту, павольна выпусціў дым праз нос. Віно іскрылася ў чарках, пад свежым ветрыкам трымцела маладая лістота альтанак, было відно, як гаспадар, стоячы ў яліку, пільна ўзіраўся ў ваду, гатовы закінуць сець.
- Думаю, вы з цікаўнасці кінулі вокам у заведзенае на мяне дасье і змаглі пераканацца, што я ніколі не ўліпаў у сур'ёзную справу. Усё па дробязях. Мне двойчы давялося адседзець па паўгода, і я пакляўся, што ўсё, завяжу, з мяне досыць!
Ён выпіў і працягваў:
- Газеты чыталі?
Мэгрэ сцвярджальна кіўнуў галавой.
Читать дальше