З дому, відаць, часта некуды званілі - да іх раз-пораз даносіліся тэлефонныя званкі, адбоі.
- Калі вас паслаў ваш камісар, то я магу пайсці сказаць ім, што вы чакаеце.
- Не варта турбавацца.
Інспектар паціснуў плячыма. І зусім збіўся з тропу, калі пабачыў, што Мэгрэ глытае пілюлю.
- Вам нядобра?
- Вы не ведаеце, як усё гэта пачалося?
- Што пачалося?
- Вы былі сёння на Набярэжнай Арфеўр?
- Быў. Якраз збіраўся на аблаву ў квартале Лявіет. Камісар Барадэ дапытваў аднаго тыпа.
- Невысокі, у клятчастым гарнітуры?
- Так. Арол-хлопец.
- Барадэ званіў камісару?
- Не. Яго выклікаў да сябе галоўны. На той час мне нават прыйшлося пасцерагчы хлопца. Блазен. Папрасіў цыгарэту, а ў мяне якраз не было.
- А потым?
- Калі месье Барадэ вярнуўся, то на хвілю яшчэ раз зачыніўся з тым субчыкам у клятчастым гарнітуры, а нам загадаў быць напагатове.
- Каму?
- Ну, з опергрупы. Нас было трое, апрача камісара. Двое іншых зараз у доме. Гэты, што капаў, - Барор, месяц назад быў паранены пры арышце аднаго паляка з вуліцы Каленкур.
Кожнае вымаўленае інспектарам слова ўваскрашала ва ўяўленні Мэгрэ пакой інспектароў на Набярэжнай Арфеўр, прыязную ўладнасць Барадэ, які ўсіх сваіх падначаленых называў «хлопчыкамі».
Чаму яны гэтак абышліся з ім? Хіба ён дапусціў які промах? Хіба ён сам не справіўся б тут? Хіба сам ён не быў гранічна шчыры?
Камісар Лё Брэ, развітаўшыся з ім на бульвары Рышар-Ленуар, пакінуў яго ва ўпэўненасці, што яму прадстаўлена поўная свабода дзеяння. А сам кінуўся на Набярэжную Арфеўр! А пасля, мажліва, явіўся яшчэ і сюды?
- Адным словам, абвінавачваецца дварэцкі?
- Калі я правільна зразумеў. Ва ўсякім выпадку, мурло ў яго гнюснае.
- Анічога ўжо не разумею.
- Вы яшчэ намагаецеся нешта зразумець?
Гэта быў, бадай, першы сапраўдны ўрок сціпласці, пададзены Мэгрэ. Інспектар быў шмат старэй за яго. Яму, відаць, пераваліла за трыццаць. Ён валодаў тым спакоем, той абыякавасцю, што ўласціва людзям, якія шмат пабачылі на сваім вяку. Ён нетаропка папыхваў люлькай, нават не спрабуючы падслухаць, што адбывалася ў доме.
Ва ўсякім выпадку, гэта куды лепш, чым аблава на ўчастку Лявіет. Бог ведае, колькі часу яна забрала б...
Ля тратуара спыніўся аўтамабіль. З яго лёгка выскачыў малады доктар з цёмнай бародкай і з баульчыкам ў руцэ, і Мэгрэ адразу пазнаў яго, прыгадаўшы здымкі, якія часта з'яўляліся ў газетах. Гэта быў доктар Поль, судова-медыцынскі эксперт, амаль славутасць.
- Дзе нашы следчыя?
- Тут, доктар. А труп у садзе. Але вы, мусіць, хацелі б спачатку пабачыцца з пракурорам?
Усе мелі доступ у святая святых, за выключэннем аднаго Мэгрэ, прыгаворанага скрыгатаць зубамі ў парадным.
- Вось пабачыце, - не сунімаўся яго субяседнік, - уся гэта гісторыя не зойме ў газетах і трох радкоў.
- Чаму?
- Таму!
І сапраўды, вечарам у газеце «Ля Прэс» можна было прачытаць наступнае:
«Ноччу з 15 на 16 гэтага месяца ў асабняк сям'і Жандро-Бальтазараў на вуліцы Шапталь уварваўся грабежнік. Дварэцкі Луі Віё, пяцідзесяці шасці год, уражэнец Ансеваля, Ньеўр, забіў яго напавал стрэлам з рэвальвера, трапіўшы проста ў сэрца».
Мэгрэ ў гэты час ляжаў у пасцелі з трыццацідзевяціградуснай гарачкай, а мадам Мэгрэ не ведала, як збавіцца ад флейтыста, які не хацеў ісці дадому і, як ніколі, меў выгляд прыблуднага цюцькі.
Раздзел IX. СНЕДАННЕ ЗА ГОРАДАМ
Так працягвалася тры дні. Спачатку ён меў надзею, што сапраўды захварэе і што гэта падзейнічае на іх сумленне. Аднак, калі на чацвёртыя суткі ён уранні асцярожна расплюшчыў вочы, то выявіў у сябе ўсяго толькі моцны насмарк.
І тады ён пайшоў на хітрасць. Нават перад жонкай было смешна валяцца з насмаркам, і ён застагнаў, закашляў, стаў скардзіцца на боль у грудзях.
- Давай пастаўлю гарчычнікі. Каб хоць бранхіт не прычапіўся.
Бадзёрасць ніколі не пакідала яе. Яна з пяшчотай даглядала яго. Можна сказаць, проста песціла. І ўсё ж, ён адчуваў, што яе не ашукаеш.
- Заходзьце, месье Мінар, - данёсся да яго яе голас з прыхожай. - Не, яму ўжо не кепска. Толькі прашу вас не дужа стамляць яго.
Гэта азначала, што яна таксама ўступала ў гульню.
- Якая тэмпература? - занепакоена запытаўся флейтыст.
- Не дужа пагрозлівая.
Ёй страшэнна падабалася гатаваць усялякае зелле, прыпаркі, булёны і гогалі-могалі. Падабалася старанна зашторваць вокны і хадзіць на пальчыках, час ад часу прыадчыніць дзверы і правяраць, ці спіць ён.
Бедны Мінар, тут было не да яго! Мэгрэ нават дакараў сябе за гэта. Ён вельмі палюбіў яго. І быў бы рады зрабіць яму прыемнасць.
Читать дальше