- Спадзяюся, вам це здрадзіць пачуццё такту? Будзьце, аднак, вельмі асцярожны.
Мэгрэ свяціўся радасцю. Ён пачуў, як дзверы зачыніліся, і стаў апранацца. У пакой у суправаджэнні мадам Мэгрэ ўвайшоў Жустэн Мінар. Музыкант быў збянтэжаны, занепакоены.
- Вы паранены?
- А, дробязь.
- У меня нядобрыя весткі.
- Кажыце.
- Яна ўцякла.
Мэгрэ ледзь не разрагатаўся, настолькі разгублены быў флейтыст.
- Калі?
- Учора ўвечары ці, дакладней, сёння ноччу. Яна настаяла пайсці са мной у рэстарацыю «Клішы», даводзячы, што проста задыхаецца без музыкі і хоча паслухаць маю ігру.
Прысутнасць мадам Мэгрэ перашкаджала прызнанню. Тая зразумела і зноў знікла на кухні.
- Жэрмена сядзела на тым самым месцы, дзе і вы, калі прыходзілі да мяне. Мне было няёмка. Я не хадзіў абедаць, за цэлы дзень ні разу не заглянуў дадому, таму кожную хвіліну чакаў з'яўлення жонкі.
- І яна прыйшла?
- Прыйшла.
- І яны пачалі выясняць адносіны?
- Якраз у перапынку паміж выступленнямі. Я сядзеў за сталом. Жонка наляцела на Жэрмену, сарвала ў яе з галавы капялюшык і - у залобіцу.
- Іх папрасілі за дзверы?
- Абедзвюх. Я вярнуўся на эстраду. Самі разумееце, трэба было іграць, каб неяк згладзіць скандал. Але сварка працягвалася і на вуліцы. Да мяне потым падышоў гаспадар і папрасіў далучыцца, як ён сказаў, да свайго гарэма.
- Яны чакалі вас?
- Толькі жонка. Яна адвяла мяне дадому і замкнула туфлі, каб я не змог нікуды пайсці. Але гадзіну назад я ўсё-такі вырваўся, пазычыў туфлі ў канс'ержкі. Жэрмены ў гатэлі няма. Знікла разам са сваімі рэчамі. Што ж мы цяпер будзем рабіць? - закончыў ён.
Раздзел VIII. АДЗІН МАЎЧЫЦЬ, ДРУГІ ЗАШМАТ ГАВОРЫЦЬ
- Зрабі мне хоць гэтую ласку, апрані цёплы плашч, - папрасіла мадам Мэгрэ.
Тады ў яго было два плашчы: адзін цёплы - чорны, з аксамітавым каўняром, які ён насіў ужо тры гады, і другі прарызінены, кароценькі, які ён прыдбаў нядаўна і якога яму хацелася даўно, яшчэ з пары яго хлапецтва.
Мэгрэ ж напэўна не здалося, што, калі яны выходзілі з кватэры, жонка шапнула Мінару: «Галоўнае, не пакідайце яго аднаго!».
Хоць яна, можа, трошкі і падсмейвалася над флейтыстам, але адчувала да яго шчырую прыязнасць, лічачы музыку выхаваным, сардэчным, сціплым. Шэрыя друзлыя хмары паволі зацягвалі неба. Было падобна на тое, што хлыне густы цёплы лівень - першы за апошнія два тыдні, - і цяжкі плашч Мэгрэ гэтак набрыняе, што ад яго адразу стане патыхаць вымаклай псінай.
Свой кацялок ён трымаў у руцэ - це мог надзець яго, таму што галава была па-ранейшаму забінтавана. Мінар правёў яго на бульвар Вальтэра да доктара, ад якога Мэгрэ дамогся толькі аднаго: той наклаў больш лёгкую павязку.
- Вам сапраўды пазарэз трэба ў горад? - Доктар працягнуў яму кардонавы карабок з жоўтымі пілюлямі: - На выпадак, калі закружыцца галава.
- Па колькі штук прымаць?
- Па адной. Чатыры-пяць на сёння. Я ахвотней бачыў бы вас у пасцелі.
Мэгрэ не ведаў, што рабіць з музыкантам, адправіць дадому цяпер, калі ён болей не меў у ім патрэбы, і гэтым засмуціць яго, - не хацелася.
Пераканаўшы Мінара, што яму даручаецца вельмі сур'ёзная справа, ён паслаў яго на вуліцу Шапталь.
- Насупраць вядомага вам дома, трошкі ўбаку, маецца невялікая рэстарацыя «Стары Кальвадос». Мне б хацелася, каб вы адтуль паназіралі, што адбываецца ў Жандро.
- А калі вам стане кепска?
- Я буду не адзін.
Мінар развітаўся з ім толькі ля дзвярэй турмы на Набярэжнай Арлёж. У той момант Мэгрэ яшчэ поўніўся верай у сябе. Нават пах змрочнага пад'езда ён удыхаў з задавальненнем. Усё тут было бруднае, агіднае. Менавіта сюды штоночы паліцэйскія зводзілі ўсё, што выклікала іх падазрэнне пры дзяжурствах на вуліцы, увесь зброд, падабраны «чорным воранам» у час аблаў.
Ён увайшоў у каравульнае памяшканне, якое патыхала казармай, запытаўся, ці можа прыняць яго камісар. Яму здалося, што глядзелі на яго з нейкай дзіўнай цікаўнасцю. Але ён не надаў гэтаму ўвагі. Відаць, падумаў ён, сакратара з квартальнага камісарыята лічаць тут асобай даволі пасрэднай.
- Пасядзіце.
Паліцэйскіх было трое, адзін пісаў, двое сядзелі без справы. Кабінет камісара знаходзіўся побач, але ніхто і не падумаў пайсці папярэдзіць яго, ніхто не звяртаў аніякай увагі на Мэгрэ; з ім паводзіліся так, нібыта ён не меў да гэтай установы ніякага дачынення. Становішча было настолькі няёмкае, што ён не пасмеў нават набіць сваю люльку.
Праз чвэрць гадзіны ён асмеліўся запытацца:
- А што, камісара няма?
Читать дальше