- У іх распараджэнні быў пэўны час. Яны маглі патэлефанаваць уладам: «Вось, маўляў, што ў нас здарылася. Гэта не злачынства, а няшчасны выпадак. Мы вымушаны былі забіць вар'ята, які пагражаў нам». Думаю, менавіта і вы зрабілі б тое ж самае, месье камісар?
Як гэта мяняла сітуацыю - тое, што ён знаходзіўся тут, дома, ва ўласным ложку, у ложку, а не ў камісарыяце! За абабітымі дзвярыма ён не асмеліўся б сказаць і чвэрці з таго, што сказаў тут. Галава яго расколвалася на часткі, але якое гэта мела значэнне! Мадам Мэгрэ на кухні, мабыць, прыходзіла ў жах, чуючы, з якой упэўненасцю ён размаўляе. А ён нават пераходзіў у наступленне.
- Дык вось, месье камісар, якраз гэтага яны і не зрабілі. А зрабілі вось што. Спачатку труп ці параненага некуды перанеслі. Магчыма, у адзін з пакояў па-над стайняй - адзінае памяшканне, якое мне не паказалі.
- Гэта ўсяго толькі ваша меркаванне.
- Абгрунтаванае на тым факце, што, калі я прыйшоў, цела ў доме ўжо не было.
- А што, калі Боб пайшоў сам?
- Тады яго сябар Дэдэ ўчора не паклаў бы ў кішэню пяцьдзесят тысяч франкаў, і тым больш не рашыўся б выехаць у Бельгію разам з Люсіль.
- Магчыма, вы маеце рацыю.
- Такім чынам, шаноўныя пестункі лёсу з вуліцы Шапталь мелі ў сваім распараджэнні ўсяго з паўгадзіны. Гэтага ім аказалася дастаткова, каб навесці парадак, сцерці самыя нязначныя сляды таго, што адбылося. І ім прыйшла ў галаву амаль геніяльная думка. Найлепшы сродак звесці на нішто паказанне флейтыста, прымусіць паверыць, што ўсё гэта толькі трызненне п'янчужкі, пераканаць, што пакой, на які той паказваў, пусты. Гэта давала яшчэ адну перавагу. Мажліва, Эліз Жандро, нягледзячы на ўсё, была, груба кажучы, на мяжы істэрыкі. Паказаць яе ў ложку і запэўніваць, што яна спала? Прадставіць яе мне і сцвярджаць, што яна нічога не чула? І тое, і другое было б аднолькава рызыкоўна.
Яе запхнулі ў пакой служанкі, які, на шчасце, аказаўся не заняты. Хіба нейкі няшчасны паліцэйскі разбярэцца ў гэткіх тонкасцях?
І дастаткова будзе сказаць, што яе няма дома, што яна ў сваім замку ў Ньеўры. Нічога не чулі! Нічога не бачылі! Стрэл? Які стрэл? Дзе? Калі?
Людзі, якія швэндаюцца па вуліцах а гадзіне ночы, часта бываюць занадта ўзбуджаныя.
А назаўтра настане дзень. І хто пасмее ў чым-небудзь абвінаваціць Жандро-Бальтазараў?
- Вы суровы, Мэгрэ. - Лё Брэ ўздыхнуў, падняўся. - Але, магчыма, вы маеце рацыю. Ну што ж, я параюся з шэфам Вышукной.
- Вы лічыце, гэта неабходна?
- Калі сапраўды мела месца забойства, у што вы прымусілі мяне паверыць...
- Месье камісар! - прыціхла, амаль умольна аклікнуў Мэгрэ.
- Слухаю вас.
- Вы не маглі б пачакаць трошкі, ну хоць суткі?
- Толькі што вы амаль папракалі мяне ў тым, што я не пачаў дзейнічаць раней.
- Паверце мне, я магу ўстаць. Зірніце.
І, нягледзячы на пратэст Лё Брэ, ён адкінуў коўдру. Яго трошкі павяло ўбок, але ён устояў, збянтэжаны, што стаіць перад сваім начальнікам у адных сподніках.
- Гэта мая першая справа...
- І я віншую вас з тым запалам, з якім...
- Калі вы сёння заявіце ў Вышукную, то справу давядзе да канца група шэфа.
- Магчыма. Перш за ўсё, калі Боб забіты, трэба адшукаць яго труп.
- А калі ён мёртвы, то можна ж і пачакаць, праўда?
Ролі памяняліся зноў, і цяпер ужо камісар хаваў усмешку, адварочваючы галаву ўбок.
Мэгрэ, літаральна хвіліну назад гэткі з'едлівы і ўпэўнены Мэгрэ, цяпер у сподняй кашулі з чырвонай вышыўкаю на каўняры набыў раптам выгляд вялікага дзіцяці, якое бачыць, што яго ашукалі ў паабяцанай радасці.
- Мне зусім ні да чаго гэтая заваруха.
Мэгрэ памкнуўся сарваць з галавы павязку.
- Я магу хадзіць і закончыць расследаванне сам. Дазвольце мне толькі дапытаць Дэдэ і Люсіль, асабліва Люсіль. Што яны кажуць?
- Сёння раніцай, калі дзяжурны камісар дапытваў Дэдэ, той спытаў: «Жуль мёртвы?» Мяркую, ён меў на ўвазе вас.
- Калі да заўтра, да гэтай гадзіны я не спраўлюся, можаце перадаваць справу ў Вышукную.
Занепакоеная мадам Мэгрэ прыадчыніла дзверы і стала як укопаная, убачыўшы мужа на нагах.
У гэты момант у кватэру пазванілі. Яна пайшла адчыняць. Мэгрэ і камісар чулі, як яна з некім зашапталася на лесвіцы.
Калі яна вярнулася адна, Мэгрэ запытаў:
- Хто гэта?
Яна падала яму нейкі знак, але ён не зразумеў, і, калі перапытаў, ёй прыйшлося прызнацца:
- Музыкант.
- Ну, я пайшоў, - сказаў Лё Брэ. - Лічу, што будзе непрыстойна адмовіць вам у вашай просьбе.
- Выбачайце, месье камісар. Я хацеў бы яшчэ... Калі будзе дадзены ход падзеям і калі, так сказаць, разварочваць іх прымецца Вышукная, ці дазволіце вы мне, калі ў гэтым узнікне неабходнасць, звярнуцца да мадэмуазель Жандро?
Читать дальше