Прыемная цеплыня ўсё яшчэ поўніла яго цела. А ў паходцы, у позірках, якімі ён абменьваўся з прахожымі, у тым, як ён назіраў за рухам трамваяў і фіякраў, праменілася невядомая яму дагэтуль упэўненасць.
Зусім нядаўна, седзячы ля акна рэстаранчыка на вуліцы Шапталь, ён адчуваў глыбокую крыўду на свайго камісара за тое, што шэф дазволіў яму заняцца гэтай справай. Мэгрэ ўжо гатовы быў нават думаць, што Лё Брэ наўмысна сыграў з ім злы жарт!
Хіба аднаму-адзінаму чалавеку пад сілу ўзяць такую крэпасць, як асабняк Бальтазараў? І хіба гэтак працуюць яны, «вялікія», з групы шэфа? У іх распараджэнні ўсё неабходнае - дасье і картатэкі, супрацоўнікі, памагатыя. Калі ім трэба высачыць дзесяць чалавек, яны без вагання пасылаюць па следзе дзесятак шпегаў.
Але цяпер Мэгрэ раптам адчуў задавальненне, што ён сам сабе гаспадар і можа ўласнаручна абмацаць усе закуткі.
Ён яшчэ і не падазраваў, што гэты метад з часам стане яго любімым метадам, што нават калі ён зойме месца шэфа спецыяльнай аператыўнай групы і будзе мець у сваім распараджэнні цэлую армію паліцэйскіх, яму давядзецца асабіста наладжваць сочку, хадзіць за падазроным па вуліцах, гадзінамі тырчаць у якім-небудзь «бістро»...
Перад тым як пакінуць «Стары Кальвадос», дзе Памэль толькі што выказваў да яго поўную абыякавасць, ён яшчэ двойчы патэлефанаваў. Спачатку набраў нумар Упраўлення гарадскім транспартам, бо фіякр, у які села Эліз Жандро, меў апазнавальны знак гэтай кампаніі. І вымушаны быў доўга чакаць ля апарата.
- Нумар сорак восем, - адказалі яму, - належыць парку Лявійет. Рамізніка завуць Эжэн Карні. Сёння ён выехаў пасля паўдня. Наўрад ці вернецца ў парк раней поўначы.
- Вы не маглі б сказаць, дзе я мог бы яшчэ сёння адшукаць яго?
- Звычайна ён спыняецца на плошчы Сент-Аўгусція, але гэта, канешне, залежыць ад маршрута. Недалёка ад плошчы маецца рэстаранчык, які называецца «На рандэву дзю Масіў Сантраль». Здаецца, ён заўсёды, як толькі мае такую магчымасць, менавіта туды і заходзіць перакусіць.
Другі званок быў у аўтамабільнае ўпраўленне прэфектуры. Тут яшчэ даўжэй не маглі адшукаць у даведніках нумар аўтамабіля. А так як Мэгрэ сказаў, што звоніць з камісарыята, то яму прапанавалі перазваніць.
- Я лепей пачакаю на провадзе.
Нарэшце яму паведамілі прозвішча і адрас: маркіз дэ Базанкур, авеню Габрыеля, дом 3.
Зноў багаты квартал, зноў, безумоўна, які-небудзь прыватны асабняк з відам на Елісейскія палі. Ён не пасмеў заявіцца туды асабіста, вырашыў лепей пазваніць з тытунёвай крамкі.
- Папрасіце, калі ласка, да тэлефона маркіза дэ Базанкура.
- Па асабістай справе? - данёсся хрыплы голас з другога канца провада.
І ў адказ на яго сцверджанне пачулася:
- Месье маркіз памёр тры месяцы назад.
- А... хто замест яго? - міжволі вырвалася ў Мэгрэ.
- Выбачайце! Не зразумеў. Уся маёмасць маркіза распрададзена, застаўся толькі асабняк.
- Скажыце, а вы часам не ведаеце, хто купіў «дыён-бутон»?
- Нейкі механік з вуліцы Акацый, што ў раёне авеню Гранд-Армэ. Запамятаваў яго прозвішча, але, калі не памыляюся, на той вуліцы толькі адзін гараж і маецца.
У пяць гадзін вечара Мэгрэ выйшаў з метро на плошчы Этуаль. На вуліцы, якую яму паказалі, ён сапраўды адшукаў гараж, але той быў на замку, а на шматку паперы, прымацаванай да дзвярэй, было напісана: «За даведкамі звяртацца побач».
Па адзін бок гаража стаяла майстэранька шаўца, па другі - «бістро». За даведкамі належала звяртацца ў «бістро». На жаль, гандляр віном не мог сказаць нічога пэўнага.
- Дэдэ сёння і не з'яўляўся тут. Мабыць, падзарабляе недзе. Ён падчас выконвае даручэнні сваіх кліентаў.
- А дзе ён жыве?
- У мэбляваных пакоях дзесьці каля плошчы Тэрн, дзе дакладна - не ведаю.
- Ён жанаты?
Мэгрэ не адважваўся працягваць доўгія роспыты, але ён, хоць і не дужа пэўны быў у сваіх меркаваннях, адчуваў, што Дэдэ - чалавек асаблівай пароды, што калі Дэдэ і меў сяброўку, то найболей шанцу на сустрэчу з ёю можна было мець на панелі ў раёне паміж плошчамі Этуаль і Тэрн.
Рэшту дня Мэгрэ правёў у пошуках рамізніка Карні. Урэшце ён адшукаў рэстаранчык «На рандэву дзю Масіў Сантраль»:
- Ён вельмі рэдка наведваецца сюды, - сказалі яму там.
На жаль, такое адбылося якраз сёння. Выпадковасць ні разу не наблізіла маршрут Карні да ягонага прыстанку на плошчы Сент-Аўгусцін.
Мэгрэ вяртаўся, нарэшце, дадому. Калі ён увайшоў у пад'езд, у фортку, умайстраваную ў зашклёныя дзверы, выглянула канс'ержка і аклікнула яго:
Читать дальше