Цешча была хітрай, але й спагадлівай кабетай (дачка, усё-ж, удалася ў бацьку). Яна не пахваляла зяця. Аднак-жа, калі й спрабоўвала навязаць яму сваё, дык праводзіла гэта без сьвятой упэўненасьці, якую наглядалася якраз у Кіры, яшчэ замаладой на тое, каб што-кольвек прадумаць дарэшты. З ваганьнем. Было-б, аднак, памылкай дапускаць, што старая ня мела сваіх меркаваньняў. Хутчэй за ўсё, яна не імкнулася да іх, існавала трохі па-расьліннаму. Ніколі цешча — як памятае Сьцяпан — не папракаля цесьця ў яго вяртаньнях поначы, не дапытвала яго, дзе быў i што рабіў, не ачарняла бабскімі падазрэньнамі, абвінавачаньнямі: "Мела я лепшага ад цябе, але, дурная, не пайшла за яго й таму цяпер пакутую!" У начной кашулі, стоячы, старая тлумачыла яму, якое ежыва i ў чым яно (капуста — у сінім гаршку; бульба — у гаршчэчку, вынесеным для прахалоды ў сенцы; кампот — у рондліку).
Цесьць аднойчы, даволі п'яны, учыніў ёй дзікую авантуру; няголасна й настойліва. Насіў ён тое ў сабе, відаць, здаўна. "Чаго ты плюскаеш на мяне вачыма, бы сына нарадзіўшы? Пакажы мне, дзе ён? Ня маеш яго, ага. А я гаварыў табе: трэба нам хлопца! Дачка добрая ўпрыдатак, як ніштаватае курвяня, але яна — што нам дасьць? Пабяжыць у сьвет, задраўшы хвост! Але ты — не й не, няхай падрасьце дачушка, зь пялёнак выйдзе, тады й разыкнем мы... Потым ты спрытна! — давай хварэць. О як-жа любіш ты нажываць сабе хваробы!.. Ну, згода, ты не магла: ні то высокі крывяны ціск паявіўся ў цябе, ні то ныркі пачалі рэзаць цябе, ні то сэрца табе паслабела... Усё перашкоды былі й перашкоды: як не дрыстачка, дык балячка! Жывот табе разросься, як торба, як гарбуз; хадзіла, бы блудная авечка: то ў плот, то ў вароты... А так, папраўдзе, дык не хацелася табе зноў паднатужыцца. Баялася ты болю, скажу, во, табе ў вочы! Вядомая справа: дзяцей радзіць — ня грошы лічыць. Ды й гадочкі не аглядаліся на тое, калі гэта вяльможная пані мая надумаецца другое дзіця мець: пабеглі, паімчалі яны, i століькі па іх засталося, што пылу на дарозе. Ну, скажы, i як гэта з намі будзе далей? Цяпер ужо нічога не павернеш назад... Ня верыла ты, што ў нас быў-бы сын. А быў— бы ён! У майго бацькі дочкі сыпаліся, але, дзякаваць Богу, i сыны таксама. I ў дзеда... Ты, аднак-жа, не была-б сабою, калі-б не зашанавалася, каб, крый Божа ад нячыстай сілы, не ахваціцца, не пабрыдчэць, ня выклікаць радасьці ў суседак сваёй распоўзлай фігурай i ня страціць чароўнага позірку на сябе ў мужчынаў. А з сынам — не бяда, купім... Гатовага, не? Абы толькі дочанька не знаравілася на публічную дзеўку..."
Ён не сьціхаў.
Яна выслухала ягоныя жалі. Цесьць стаміўся гэтым, лёг i нечувана захроп.
Яе паводзіны дасьведчанай жанчыны Сьцяпан дацаніў нядаўна. З бліжэй не названымі заўвагамі. "Ці яе Кіра здольная кахаць мяне, наогул мужчыну? Страх мець зь ёю дзіця! — неспакоіўся Сьцяпан. — Выйшла яна за мяне, магчыма, зь дзяўчынскай патрэбы жыць пры кімсьці... Гэта не вельмі й рэдкі стымул быць замужняй; па грамадзкай інэртнасьці. Ёсьць у жанчыны этапы захапленьня мужчынам. Цалкам іншымі запатрабаваньнямі выкліканае яно ў маладосьці, у пэрыяд непаўнацэннасьці, жаданьня стацца самастойнай. Сьпелы-ж узрост высоўвае на першы план матэрыяльную значнасьць прэтэндэнта на мужа, ініцыяваньне ім дабрабыту, што эмацыянальны бок жыцьця зводзіць да аздобы. Шлюбныя здрады маюць адпачынкавы характар. Жонка, якая перайшла жыць да каханка, не зьяўляецца курвай". Сьцяпан не лічыў за лепшае забывацца на непазьбежны допыт у міліцыі. Прымушала яго да гэтага заганная асаблівасьць ягонага характару, няўмельства перастраўляць ім, перамешваць, галоўнае з надзённым, дачасным. (Калі верыць пагалоскам, дык старшыня, як правіла, выпрацоўваў сабе варыянты рэагаваньня, не дапускаў ён да самацёку — жартавалі ў каапэратыве — нават у гутарцы з прыбіральніцай; зласьліўцы дадавалі да таго, што й крывіўся ён на нарадах таксама згодна з дакладным сцэнарыем.)
23.
У камісарыяце сяржант прывітаў Сумленевіча з рухавай заклапочанасьцю.
— Сядайце, калі ласка. Я зараз, — і ён пазваніў кудысьці. — Гэта я. Няхай зойдзе ён да мяне заўтра а адзінаццатай. Так. — Тады зьвярнуўся да Сьцяпана: Пакажэце, калі ласка, свой пашпарт.
Сумленевіч падаў яму дакумант.
Міліцыянт дастаў з бакавой шуфляды пісьмовага стала прасторны фармуляр і прыняўся запаўняць яго.
Папярэдзіў ён Сьцяпана аб судовай адказнасьці за несапраўдныя паказаньні падчас допыту.
— У тым, што я вам скажу, можаце не сумнявацца, — адказаў яму на тое Сьцяпан.
Читать дальше