Дагэтуль вялікія войны выклікалі вялікія зьмены. Калі грамадзтвам сталі й сяляне, пайшлі яны, вядома, сьледам за папамі, пакідаючы зямлю (правіла: дзе не было маёнткаў, там аруць і сеюць і ў сёньняшні пералом, і бязьлюдзьдзя няма). А кар'еры іх, як і яны самі, — парабіліся начнымі старажамі гэтыя нядаўнія гаспадары, а жонкі іхнія — нянькамі ўнукаў і служанкамі дачок сваіх, часамі прыбіральніцамі на службе. Дзеці, прайшоўшы ўжо школы, валакуць да сябе ўсянютка тое, што падгледжана ў колішніх панскіх пакоях. І старым гэтым нямаш месца, па гарадох начуюць яны ў кухнях, на раскладушках, а па меншых мясьцінах — рыхтуюць ім кануры з падлогаю ды ваконцам у лішніх хлявох (рамантаваных на гаражы й дрывотні). Холад там, хоць ты сабак ганяй! Песьні жальбы ім сьпяваць я павінен? О не, наадварот, крыкнуць мне на іх: «Так вам і трэба за тое, што панічоў сабе нагадавалі! Самі плявалі на сябе, дык чаму-ж гэта нашчадкі вашы любіць вас мусяць?! За што? Ганьба ня вырасьціць кветку пашаны!»
...У прыгарадзе добра, утульней у драбноце дзён. Пражывеш сабе іх, адзін за адным, без прэтэнзіяў на якую-колечы значнасьць. У прадвесьне, калі ўраньні хрумсьціць пад нагамі талы сьнег, прымарожаны за ноч, ідзеш у цяпліцу пасеяць першыя агуркі. Карміць будзеш курэй-нясушак. Потым, у позьні ўзыход сонца, пасьнедаеш з жонкаю ды дзяцьмі (яны сьпяшаюцца ў школу). Сядзеш у сваю зьежджаную легкавушку, штб стаіць за акном на падворчыку, і пунктуальна — дзякуючы ёй — пабудзеш на казённай рабоце, зь якое ясі хлеб (табе, вядома, напляваць на яе).
Час ад часу ў ваколіцы згвалтуюць чыюсьці дачку нейкія лайдакі або абкрадуць далейшага суседа прыежджыя зладзеі; бывае — кагосьці заб'юць бандыты (пазалетась — агародніка Рухаймозга). З прыцемкам ня трэба выходзіць у завулкі, нікуды. А калі хрысьціны спраўляеш ці паклічаш сваякоў на Каляду альбо іншы баль які надумаеш, дык няхай лепей заначуюць у тваім доме госьці (ёсьць-жа тых пакояў!).
...Эпоха сьмяецца з эпохі, заўсёды наступная з папярэдняй, як сын з бацькі (дачка з маці). І гэты сьмех, бы лямант гісторыі: быў, ёсьць і будзе. Веліч зьмяншаецца ў сьмешнасьць, трагедыя ходзіць пад руку з камэдыяй, швэндаючыся па задворках быту. Праклён валачашчае бабы заглушае плач Джульеты, а набабнік плюе на Рамэа.
І жывуць людкове, заглядзеўшыся ня столькі ў будучыню, колькі самі ў сябе. Гэта таму ніхто нікога не разумее, хоць і гавораць і думаюць. Іначай ня можа быць, адкажа хтосьці (маючы рацыю, на жаль).
Аднак калі мой сын стаў дарослым, я штораз зьдзіўляюся яго нясьпеласцю. І мне ўсё здаецца, што я, будучы ў ягоных гадох, ужо быў такім, як цяпер больш-менш... Гэта, напэўна, няпраўда — сваё пражытае памятаем не такім, якім яно было, а такім, якім хочам бачыць яго, азіраючыся за сябе. Мы безупынна менавіта хочам. І ў гэтым, магчыма, закон, які не абыйсьці бокам (праўда, ёсьць цывілізацыі, у якіх няма гэткага непрымушанага прымусу).
Мой сын. Я ўсё прыглядаюся да яго. Я не разумею яго. Іншы раз здасца мне, што я ўсё-такі, урэшце-ж... Тады ён ізноў учыніць або скажа нешта такое, ад чаго робіцца мне яшчэ цямней. Апускаюся ў роздумы пра нябожчыка бацьку, прызнацца дзякуючы яму, сыну свайму, а ўнуку ягонаму... Жыцьцё паўтараецца, як прырода, бы нарадзіны й сьмерць, паўтараецца й незразумеласьцю сваёю. У выбух спрэчкі — паміж намі, падобнай на майскі градапад, я навучыўся глушыць яе зьнянацку: ты не пад мяне гавары, ты пачакай і скажы гэта свайму сыну, калі яго будзеш мець!
Ён анямела моўкне.
І я ведаю, што сказаў яму, відаць, важнае, і потым сушу сабе галаву над тым, што менавіта сказаў я яму якраз і напэўна?! Як быццам навылёт ведаю й адначасна роспачна ня ведаю й ня ведаю! Мой-жа сьвет — гэта не яго сьвет, хоць ягоны пачынаўся ў маім. Маё жыцьцё ўсё далей і далей ад ягонага, бо гэта ён пойдзе наперад, павярнуўшыся да майго сьпінаю. І толькі калі ягоны доўгі крок запаволіцца на цяжкай вярсьце, мусіць тады прыпыніцца й сваім зрокам, ужо гэтак-жа немаладым, паглядзець на бацькоўскае (дабіўшыся да нудоты гэтаксама спозьненага розуму).
...Бы выява таемнага скарбу мігацеў заліўны Доўгі луг у Юр'еў дзень, калі бабуля выводзіла мяне глядзець поле. З жытнёвае руні не было ўжо відаць вароны, сеўшае ў яе, што прарочыла ўраджайнасьць і хлеб аж на ўсю зіму. Але нішто так не засела ў маёй памяці з тае вясны, як той мігат, быццам гэта самое сонца купалася ў тым лузе, пырскаючы ва ўсе бакі й пужаючы кнігаўкі. Хацелася стрымгалоў пабегчы туды й, схаваўшыся за вербалозамі, самому ўбачыць тую цудную гулянку (гэтак кавалеры падгледжвалі дзяўчатаў на сажалкам). Я ня цяміў, што прыгажэй ёсьць заўсёды здалёку (вада тая аказалася са страхотна грузкім дном з плоймаю апалонікаў).
Читать дальше