На ўскраі сваёй палоскі мы расьсьцілалі радзюжку, каб прысесьці на сырой зямліцы паесьці. На ручнік выкладвала бабуська пару гатаваных яек, па скібцы хлеба, і ставіла адмысловую, малую, гладышку з кіслым малаком (акуратненька абвязаную хусьцінкаю). Знаходзілася й крышынка солі.
Яна памерла ў тое-ж маё маленства, нясьпешна й урачыста. Пасьля яе сьмерці людзі пачалі пакідаць сярпы, перасталі пасьціць, а потым кінуліся рабіць усенька машынамі, багацець ды страчваць розум. Я тым часам вырас, паканчаў усякія школы й шумна палепшваў сьвет зь Беларусьсю, каб, у рэшце рэшт, пастарэць і задумацца над тым, што казала яна, мая непісьменная бабуля... Пахаваў я яе, бы тысячагадовы беларускі лёс, і, пакруціўшыся па жыцьці, сам цяпер ня ведаю, як мне быць. Новы час адказвае неяк няшчыра, у яго што ні дзень — то іншая праўда. І бацькі мае гэтак-жа разгубіліся.
Сьцяна
У нашым калодзежы, у Каралёўшчыне, калісьці злавілі дзіўнага шчупака — амаль бяз тулава ды зь вялізнай галавою. Ён,, відаць, рос у голадзе...
(З успамінаў Маці)
1.
Сьцяпан Сумленевіч глядзеў у вакно.
Выпаў першы сьнег, i было сьветла, добра. Невысока кружылася птушка, голуб. Беляхцелі пярэстыя дахі складаў, пабудаваных на пустэчы, на якой, як казалі старыя людзі, знаходзіліся могілкі. На панадворку блізкага будынку зграя дзяцей білася сьнежкамі й адтуль, час ад часу, даляталі вывіскі радасьці.
Сумленевіч, заклаўшы рукі за сьпіну, прайшоўся па пакоі, абмінаючы вялізны пісьмовы стол, крэслы. Гэты сьнег доўга не паляжыць, міжвольна думаў ён. Яшчэ — зарана. Будзе тапеліца, балота на тратуары. Стане імгла, ад якой сонна й невыносна абыякава...
Ён адчуваў сябе неспакойна. Першы раз ахапіла яго так моцнае пачуцьцё неспакою, якое — баяўся таго — было блізкае страху. Не знаходзіў ён выразных прычынаў, якія тлумачылі-б гэткі стан духу. Вышукоўваў адну прычыну, галоўную.
Кіра, вядома, мела рацыю, калі ўчора наракала, што Сьцяпан рэдка бывае дома. Ён i сам зьдзіўлены тым, што яно, сапраўды, так ёсць. Прадумаўшы, дзень за днём, цэлы тыдзень, ён усьвядоміў сабе, што яго чамусьці не прыхіляе да жонкі. Бачыў у ёй усяго нейкую ціхую прыстань пасьля турботнага дня, ня болей. Да ягонай сьвядомасьці даходзіла гэта цяжка, як бы з натугай. Зь вялікай неахвотай.
Лагодныя вочы Кіры засмучона глядзелі на Сьцяпана. У іх было, можа, больш заклапочанасьці... Гаварыла яна пра яго здароўе, пра тое, што ён крычыць праз сон, беспрытомна кідаецца ў пасьцелі, пацее да ўмакрэласьці. Прасіла, каб схадзіў да лекара. Яе жаночая мудрасьць у штодзённых справах нават прыгнявіла Сьцяпана, але ён прыкінуўся дабрадушна-паслухмяным, паабяцаў ёй. Да лекара, фактычна, трэба яму пайсьці: мо ў аўторак? Не, у се раду.
Яна ня ведала пра забойства сакратаркі.
Пры распазнаньні трупа пачаўся ў яго галаўны боль, працяглы й тупы, які ўжо колькі дзён не сьціхае. Дзяўчына загінула ва ўласнай кватэры, ля Выгодаўскай. Яе цела, аголенае й жахліва пакалечанае, ляжала на атаманцы; з глыбока парэзаных грудзей пакрысе выцякала кроў; бзычэла агідная зеленаватая муха. На падлозе, на крэслах i на гасьцінна застаўленым стале цяляпаліся шматкі адзеньня; дзяўчыну згвалцілі. Яна, напэўна, баранілася, што разьлютавала бандытаў — іх было трох. Капітан дапускае, што, прынамсі, адзін зь іх быў добра знаёмы ёй. Сьцяпан ня чуў пра тое, ці ў сакратаркі быў жаніх.
Была яна, несумненна, прыгожай. I даволі інтэлігентнай. Прытым — бойкай, такой борздай у дзеяньні, трошкі нэрвовай. Якраз адпаведнай для свае працы. Кіра — калі параўноваць — усяго мілая кабетка, i нічога больш. "У такой сыгуацыі яны зрабiлi-б зь ёю, што захацелі-б, i яна засталася-б жывою", Сумленевiч з прыкрасьцю падумаў пра жонку.
Ён чакаў візыту каштана. Патрэбна дакладна расказаць яму, што ведаў пра нябожчыцу. Парабіў сабе занатоўкі: няшмат. Мала мог паведаміць сьледчаму. Калі чалавек жыве, дык, здаецца, вядома нам пра яго амаль усё. Толькі потым аказваецца, што ведалі мы пра дробязі, пра пылінкі ад існаваньня, якое згасла. У Сумленевіча зараз склалася падазрэньне, што сакратарка спэкулявала. Некалькі разоў, бадай, тры, ён незнарокам пачуў яе размовы па тэлефоне, якія запамяталіся яму не сваёй двухзначнасьцю або наіўнай зашыфраванасьцю, але настойлівым старгоўваньнем чагосьці. Досыць сварлівыя размовы. Ён пакутліва намагаўся ўспомніць ix зьмест.
Ён наўрад ці зможа дапамагчы капітану ў разблытаньні гэтай справы. Гутарка зь ім зойме яму час, працягнецца да вечара, i Кіра скажа, прывітаўшы мужа ў дзьвярох кватэры: "Хадзі есьці".
Читать дальше