Горка далёка за горадам, куды ўзіму ніхто не прыходзіць, толькі ён. Прыходзіць сюды тады, калі надакучыць яму быць тым, кім ужо ёсць.
Спрацівіла Юрку размова з кімсьці другім; да таго спрацівіла, што мог паважна гаварыць ўжо толькі сам з сабою. З тым кімсь другім прахадзіў ўсю ноч у ціхай алеі. Лета датлявала і зоркі на небе былі моцна выразныя.
Гаварылі аб Сусвеце.
— Галактыкі аддаляюцца ад нас з хуткасцю, блізкай хуткасці святла, — сказаў той другі ўдумлівым голасам філосафа.
— Наша зямная куля, як пылінка ў Сусвеце, — сказаў Юрка. — Зусім, як пылінка на гасцінцы...
— Сусвет бясконцы, — ўдакладніў філосаф. Закруцілася ў галаве. Юрку закруцілася ў галаве, філосаф чуўся нармальна.
— Сусвет, яго будову прыраўноўваю да будовы атама, — гаварыў філосаф. — Людзі лічылі, што атам, бы зерне маку, бы жвірынка, з якіх складаецца матэрыя. Атам меў быць цвёрды і не-падзельны. Маналіт. Аказалася аднак, што ў атама шмат пустога месца і па гэтай пустцы круцяцца электроны, бы планеты вакол Сонца. У атаме Сонцам з'яўляецца яго ядро, але і ў ядры шмат пустога месца і там розныя нейтроны, пратоны, і г.д. Калі ж прыгледзеліся, скажам, да электрона то аказалася, што гэта нешта такое, што цяжка прыраўнаць да нашага паняцця аб матэрыі, аб цэгле, каменнях. Электроны, гэта электрычнасць, якой ні зважыць, ні падняць. А колькі ў ёй моцы ўсякай!
— Чым глыбей у матэрыю, тым пусцей, — сказаў Юрка. Ён аблізаў губы, яму захацелася піць.
— Можна меркаваць, што калісьці ўся матэрыя нашага Сусвету з'яўлялася адным пунктам, — філосаф паўтарыў вядомыя тэорыі.
— Пункт не мае памераў, — заўважыў Юрка.
— Вось, менавіта!— дзіўна ўцешыўся філосаф. Ён як бы не баяўся пропасці без дна. — І з гэтага аднаго пункта яна пачала расшырацца: паўстаюць і гінуць зоркі, сістэмы, галактыкі. Усё разбягаецца, але не па простай лініі. Простай лініі няма. Гэта выдумка чалавека. Святло разыходзіцца па крывой лініі, галактыкі таксама. Кола замыкаецца. Усё, усе галактыкі зноў зыдуцца, так сказаць, ляснуцца ў адным пункце, ляснуцца з хуткасцю святла...
Філосаф гаварыў гэта з ідыятычнай прыемнасцю. Ад яго слоў не панясло нават трупамі, не панясло нават пылам руін, у вушах не было нават ляманту, ні стогнаў, ні памірання. Ні канца свету.
Нічога не было.
— Вып'ем? — спытаў філосаф.
— Толькі піва, — пацвердзіў Юрка.
У «Асторыі» піва прадавалі ля ўваходу. Далей поўна мужчын і жанчын, аблівае іх музыка.
Мужчыны штосьці гавораць да жанчын, а жанчыны да мужчын, усё штосьці гавораць і гавораць вельмі непатрэбнае, мабыць, глупствы. Гавораць да сябе і не чуюць сябе. Прышла міліцыя і забрала п'яных з-пад крайняга століка.
— Вольны столік, — уцешыўся філосаф. Пацягнуў за сабою Юрку, той пашоў за ім. Было горача.
Філосаф паглядзеў на ногі прыгожай жанчыны і зблудзіў дзесьці, потым сказаў:
— Глупства, брат. Усё глупства.
Галактыкі аддаляюцца з хуткасцю святла, думаў Юрка. Аддаляюцца па крывой лініі. Аддаляюцца па гіганцкаму колу, па такому колу, якое цяжка і абхапіць людскім уяўленнем. Па колу, дзе мера не мае сэнсу. Кола замкнецца, будзе пункт. Будзе пункт.
— Так, — адказаў Юрка філосафу. Пацёр вочы.
— Што ты такі белы стаў? — філосаф толькі на момант угледзеўся ў Юрку.
Зноў пачапіў вочы на ногі прыгожай жанчыны. Юрка бачыў гэта.
Кельнер доўга не прыносіў піва.
Пілі два разы, хацелася есці. Філосаф меў вялікі апетыт і заказаў катлету з зялёным гарошкам. З'еў з апетытам. Юрка не мог адчапіцца ад думак: катлета складаецца з атамаў, у атамах пустка, нішто. Нішто: нішто з'ела нішто, філосаф з'еў катлету.
— Гм, — ікнуў весела Юрка.
— Нябрыдкая, — сказаў паўголасам філосаф, ён не думаў.
— Затанцуем, — ні то сказаў, ні то спытаў філосаф і, нягледзячы на Юрку, пашоў да прыгожых ног.
Узыходзіла сонца, Юрку штурхнулі ўбок. Гэта кельнер, на ім невінаватая ўсмешка, яго губы заварушыліся і сказалі:
— Зачыняем рэстаран. Выбачайце.
Юрка ўстаў і вышаў. Была шостая гадзіна раніцы. На вуліцы бразгітаў вядром стары чалавек з мятлою, ён замятаў вуліцу. Каля ўсходаў «Асторыі» кінута паперка, на ёй напісана: «Элька! Цікавы тып. Пазнаёмлю. Твая сяброўка». Паперка пакумячаная, але можна прачытаць, што напісана, не падымаючы яе з зямлі і не беручы яе ў рукі.
Юрка пастаяў каля «Асторыі» і рушыў дахаты цераз пустую плошчу. Выразна чуў свае крокі, і гэта памагала яму думаць. Дайшоў да кватэры ў сем гадзін: скінуў плашч, зайшоў у лазенку, адкруціў кран, дачакаўся халоднай вады і падставіў пад кран галаву.
Читать дальше