Якогасьці года, у чэрвені, накіравалі Юрку на wczasy ў Гіжыцку, ва ўзнагароду за добрую працу.
— Ну, а жонцы? — спытаў Юрка.
— Што жонцы? — не зразумелі Юркі.
— Каб разам паехаць, — выясніў.
— Што ты!? — здзівіліся. — Нашто табе там жонка? — паціснулі плячыма. — Самому ляпейі — засмяяліся.
Яна спакавала Юрку чамаданчык і правяла яго на вакзал Białystok Centralny. На пероне жонка ўсхліпнула. Юрка хацеў штосьці сказаць, але не сказаў. Пашоў у вагон.
У яго вачах прыкрасць і нічога больш.
У Гіжыцку ішоў густы дождж з ветрам. Негацінскае возера мела халодны колер і пахла рыбамі. Атрымаў кватарунак у пакоі з двума ложкамі, выбраў сабе ложак пад сцяною, другі застаўся камусьці, хто яшчэ не прыехаў. Ужо вечарэла і не пашоў у сталоўку, адчуваў сябе стомленым і лёг спаць. Прачнуўся ад шэптаў за дзвярыма, хтосьці асцярожна ўвайшоў у пакой, штосьці рабіў і ўлёгся на другім ложку, што пад акном. Юрка заснуў.
Быў гэта слёсар з Вроцлава, пазнаёміўся з ім назаўтра.
Гулялі ў карты.
На трэці дзень вечарынка ў сталоўцы, Юрка не танцуе. Кіраўнік падпіты, стаіць пасярэдзіне і камандуе танцамі, і паглядае на Юрку, і выкрыквае:
— Усе танцуюць: Усе танцуюць!!
Юрка сядзіць за столікам і п'е піва. Зайгралі блакітнае танга, падышла да яго дзяўчына, ён затанцаваў з ёю. Пратанцаваў з ёю да кэнца вечарыны, праводзіў яе і гаварылі яны аб чымсьці страшэнна няважным.
Калі вярнуўся да сябе, на кватэру, слёсар яшчэ не спаў. Ён сказаў:
— Ой, прыгожая!
I цмокнуў.
Але Юрка не загаварыў аб дзяўчыне. Яна была вельмі падобнай да Тані. Ён ведаў, што Таня выйшла замуж за Грышу, пажаніліся ў восень.
Пагода ўсталёўвалася, і Юрка дамовіўся з дзяўчынаю, што паплывуць лодкаю на возера Мамры. Напраўду было наадварот: гэта яна дамовілася з ім.
Белае неба над азёрамі: і гарачы вецер, і плыткі пляж, і далечыня. Падплылі да вострава, доўга ляжалі ў пяску. Дзяўчына ўстала і пабегла па вадзе, Юрка штосьці крычыць ёй услед, яна вяр-нулася і пырскае на яго вадою, ён адбіваецца гэтаксама. Дзяўчына пабегла ў кусты, ён паганіў яе, яна ўпала, ён пастаяў над ёю, прысеў і зняў смяцінку з яе пяты, яна дыхае яму ў плячо, глядзіць на яго вільготнымі вачыма. Устала, крыкнула «Дагані мяне!» і пабегла ў глыб вострава. I зноў упала.
— Добра нам тут, — сказала дзяўчына.
— Добра, — сказаў Юрка.
— Сядзь, — папрасіла яна.
Юрка глядзіць у неба, дзяўчына на Юрку.
Раптам усхапілася і са смехам адбегла за другі куст. Юрка здагадліва адвярнуўся спіною і адыходзіў прэч, яна выглянула з-за куста і паклікала яго:
— Хадзі сюды!
Дзяўчына ляжала і моцна дыхала, яе губы чырванелі. Ён падышоў да яе. Сказаў:
— Хадзем да лодкі.
Яна паглядзела на яго чужымі вачыма. Пайшлі.
Дзяўчына больш не адзывалася, а ўвечары яна ішла са слёсарам — уваходзілі яны ў рэстаран «Пад альбатросам». Там ігралі танга, па-чаўся дансінг.
Юрка быў у сябе ў пакоі. Ён хадзіў з кута ў кут і многа курыў. Лёг у дзесяць.
Прачнуўся, калі яшчэ не днела і зазлаваў сам на сябе за гэта, мацней нацягнуў коўдру. Па акне крапаціць дождж. Зноў падае дождж. I пачуў выразны шэпт за дзвярыма:
— Асцярожна, добра, ціха! спіць! хто спіць? ціха будзь, асцярожна...
Адчыніліся дзверы і ўвайшло двое: слёсар і дзяўчына.
Яна прашаптала:
— Хто там?
А слёсар:
— Ціха.
Заціхлі.
Ён пасадзіў яе на свой ложак, зняў туфлі і далікатна паставіў іх каля ложка, памог зняць сукню.
— Хто там спіць? Мне сорамна, — зашаптала дзяўчына.
— Ціха.
Засланіў яе і ўкладавіліся ў пасцель. На досвітку яна пайшла, слёсар правёў яе на калідор.
Заснуў ён справядлівым сном. Юрка разбудзіў яго ў палове восьмай, на снеданне.
Будучы ўжо ў Беластоку, аднаго дня Юрка атрымаў паштоўку ад слёсара з Вроцлава. Ён пісаў, што жэніцца з дзяўчынаю. Юрка купіў віншавальную тэлеграму і паслаў на дзень шлюбу маладой пары.
Маладосць — гэта мары аб будучыні. Будучыня, як далёкая рэчка ў гарачы дзень, да якой даволі дайсці, каб купацца і цешыцца. Не думаем аб вірах і бяздонных ямах, хаця ведаем, што якы ёсць.
Рэчка кліча. Толькі кліча.
Ёй усёроўна, ці ты добра паплывеш, ці кепска паплывеш і ўтопішся.
Унізе ішоў па тратуары той. Юрка адступіўся ад кветніка на балконе і падаўся назад. Той мог задраць галаву і ўбачыць яго. Юрка не баяўся, але рад быў не бачыцца з ім. Калісьці, Юрка і той, былі сябрамі.
— Чэсць! — сказалі адзін аднаму ў мінулую восень.
— Сядай.
— Вольнае крэсла?
— Так. Сядай, ну, сядай.
— Адзін. Без нікога.
Читать дальше