I дадае:
— Таня ўсяго раз купіла за гэты час.
Абое працуюць.
— Ого, дваццаць мінут да ад'езду аўтобуса, — сказаў Грыша. — Што яна робіць? — занепакоіўся. — Пабегла! Чаго ж яе панясло туды! — зазлаваў.
Юрка здагадауся, што тут Таня і яна зараз прыдзе.
Ён запытаў:
— Не сказала?
— Гаварыла, што ідзе на Рынак Касцюшкі, у Delikatesy накупіць цукерак для хросніцы, маем водпуск, едзем у вёску...
Сказаўшы гэта, Грыша паглядзеў на легкавую машыну Юркі і дакончыў:
—...халера, спознімся на аўтобус!
Падышоў шафёр і ні то запытаў, ні то сказаў:
— Едзем, пане кіроўнік.
— Так, так, — хутка адказаў Юрка і падаў руку Грышу:
— Ну, cześc, шчаслівай дарогі.
Развіталіся.
Юрка нырнуў у машыну, убачыў, як да Грышы падбягае Таня з пакуначкам у руцэ, яны загаварылі, ён паказвае рукою ўбок машыны. Машына кранулася і ехала, ад'язджала.
Юрка чуўся так, як бы вышаў з папяросаю ў зубах са складу бензіну.
Юрка бліскуча вытрымаў экзамены ў вячэрняй інжынерскай школе і неўзабаве назначылі яго кіраўніком. З аддзела кадраў прыслалі яму сакратарку, яна называлася Таня.
Юрка ўздрыгануў, пачуўшы яе імя, паглядзеў на зграбную незнаёмую Таню і запрасіў яе да сябе, у кабінет — растлумачыў ёй абавязкі.
Размова не цягнулася доўга, ён памаўчаў.
— Маю да пані просьбу, — загаварыў не сваім голасам.
— Слухаю, — яна насцярожылася.
I сказаў:
Дазвольце мне называць вас: «пані Тося».
Дзяўчына згадзілася.
Просьба была дурненькая і Юрка гаварыў да яе толькі — «пані».
Была калісьці такая размова. Гаварылі:
— Актывісты крычаць, што не даюць ім дзейнічаць! Але ж, калі ласка, дзейнічайце, колькі ўлезе!!
Юрка маўчаў, гаварылі далей.
— Ведаеце што? — не вытрываў Юрка. — Гэтае заахвочванне падобна да заахвочвання неграў на плантацыі. З той розніцай, што ёсць магчымасць ухіліцца ад такога заахвочвання.
Адзін паглядзеў на Юрку, бы на вар'ята, проста нічога не зразумеў з таго, што пачуў. Меў твар задаволенага нявольніка.
— Тое, што хтосьці камусьці не дае працаваць, выдумка гультаёў, — сказаў нявольнік.
— Працаваць, і працаваць? — сказаў Юрка. Ён думаў, як гэта выказаць?
Нявольніку ўсё ясна. Юрка сказаў:
— Працаваць і не мець вынікаў, гэта сумна. Капай яму, выкапай яму, паглядзі на яму, завалі яму, выраўняй зямлю, дзе была яма. I зноў капай яму...
Няясна сказана.
Але хтосьці дзесьці чуў пра такія практыкі з капаннем ямаў...
Юрка яшчэ раз сказаў:
— Праца павінна мець мэту. Калі я капаю яму, значыць яна мне патрэбна.
Прычым тут яма, думаў нявольнік. На яго наплывала санлівасць. А хтосьці каля яго сядзеў і думаў: дурненькія вы ўсе, я працаваў, добрасумленна дзейнічаў — прыходзіць сябра дзяцінства, што працуе ў высокапастаўленай установе і кажа: ты, пра цябе пыталі, што ты начоўп, цябе называлі ворагам, я бараніў цябе, кажу, які ён вораг, ён жа з маёй вёскі. Толькі, слухай, ціха, ша-а, нікому аб гэтым ні слова. Ведай, але сабе.
Балбаталі:
—Ніхто не капае ямы таму, што падабаецца капаць. Нават у спорце ёсць свая мэта...
Пачуўшы аб спорце нявольнік ажывіўся. Сказаў:
— Мы замнога думаем аб мэтах, а замала аб працы, дзейнасці.
Быў гэта ўсё-такі голас нявольніка. I голас Юркі:
— Праца для працы, не праца.
— Але і мэта без працы, не мэта, — нявольнік меў рацыю. Аж дзіва, што ён меў рацыю.
Юрка павіс.
— Чалавек не будзе намагацца не бачачы мэты (не помніць ужо хто сказаў?).
— Хто не хоча, то і з мэтаю не будзе працаваць, — нявольнік зноў меў рацыю.
Рацыю, ад якой было душна.
— Ну, так, — Юрка хацеў сказаць больш.
Нявольнік як бы пацяшаў яго, кажучы амаль уперабіўкі:
— Трэба працаваць, мэта сама прыдзе.
— Добра.
— Але.
— Так.
— Гм.
Доўга гаварылі.
Юрка быў далёка ад усіх і, калі знікалі яны на небакраі, Юрка сказаў:
— Час спаць, ужо адзінаццатая.
Нявольнік збіраўся да выхаду паволі і абыякава, як пасля гарачага дня на плантацыі недзе калісьці на Кубе ці ў Віргініі, хтосьці быў задаволены ім. Юрка не мог зразумець, адкуль бяруцца такія размовы? Гэта ад таго, што ёсць час, прыпомніў чыесьці словы.
На вуліцы крычаў п'яны голас і клікаў герояў, і страшыў героямі, і страшыў герояў, і доўга шумеў гэты п'яны голас.
Юрка заснуў на досвітку. Ён кідаўся на тапчане, яму снілася. Перад тым, як заснуць, ён думаў аб знаёмых і аб п'яным голасе на вуліцы...
Свядомасць мінулага часу пачынае мучыць ад дваццаць пятага года жыцця. Дагэтуль гарыць свядомасць будучага часу, а цяперашні час чалавек пражывае рэдка і трывае гэта мінуты, часамі некалькі гадзін, мо нат' дзень-два...
Читать дальше