— Ну, так, — непрыемна здзівіўся Юрка ад слоў знаёмага які сказаў: — Nie było nas, był las — nie będzie nas, będzie las/.
Пачалася іх размова.
— Чытаў ты «Стары і мора» Хэмінгуэя? — знаёмы першым рушыў уніз вуліцы.
— Не.
— Такія рэчы трэба чытаць!
Паспрачаліся.
— Цяпер у мяне шмат працы...
— Праца, праца...
— Праца стварыла чалавека, — Юрка спрабаваў усміхнуцца. Лішне пасварыліся за кніжкі.
Гэта Юрка пасварыўся.
— Праца не вучыць разумець, — прыцяў знаёмы. — Чытай, брат, чытай. Добрыя рэчы чытай, за адну хвіліну зразумееш больш, чым за цэлыя гады працы.
— Чытанне таксама праца.
— Так, — у знаёмага настаўніцкі голас. — Але мы гаворым аб працы ў вульгарным сэнсе, аб працы для грошай.
— Ну, — згадзіўся Юрка, абы згадзіцца.
— Агідна праводзіць жыццё для грошай, — скрывіўся настаўнік.
— Займіся грамадскай дзейнасцю.
— Каб другія зарабілі на ёй грошы?
— Якія грошы...
— Я сарганізаваў выстаўку, памятаеш? А іншыя адно чакалі таго: раскрытыкавалі, паказалі свой розум перад начальнікамі і ў надзеі павышэння.
— Значыць, няма сэнсу дзейнічаць?
На тратуары гулялі дзеці, намалявалі вялізны, самалёт з бомбамі.
— Няма, — сказаў настаўнік. — Будзь пэўны.
— Мудрасць самому сабе таксама не мае сэнсу.
— Няма сэнсу гаварыць аб сэнсе.
— Дык як?... Размова ў тупіку.
П'яны тлумачыўся перад міліцыянерам, што ён цвярозы. Міліцыянт моўчкі паглядзеў і, не спяшаючы дастаў палку, п'яны заціх і паслухмяна пайшоў.
— Давай будзем гаварыць аб тым, як пражыць дзень з чыстым сумленнем?
— Ну... — Юрка ўпэўнена амаль перабіў яму, не хочучы спыніць шарэнгі дасканалых слоў, якія з'явіліся нецярпліваю чаргою. Прыпыніў іх, пачуўся так, быццам спатыкнуўся, зачапіўся аб неспадзяванае.
Пытанне, як калок, што выстае з лёду каля берага рэчкі, па якой катаешся на каньках. Гнецца пад табою лёд, дзе глыбокая плынь. Хвіля страху, прыемнага страху, уцякаеш да берага, спатыкаешся канькамі аб калок, разбіваеш нос. Не баліць, не баліць! Зноў едзеш на сярэдзіну рэчкі.
— Не аб тым гаворыш.
— Гавары аб працы.
— Праца і праца, — настаўнік ізноў разышоўся.
— Гэта найлепш могуць растлумачыць табе немцы, працавіты народ.
На Рынку Касцюшкі развіталіся. Настаўнік пайшоў шэрым крокам, ён рухавы і ніякі. Юрка паглядзеў на яго і засмяяўся. — «Паглядзі»... — прамармытаў сам сабе пад носам.
Настаўнік перайшоў на другі бок вуліцы, губляўся ў людскім натоўпе.
У парку адны і тыя знаёмыя, у тых самых мясцінах. I тыя самыя размовы.
З часам знайшоў уваходы цераз густы алешнік каля меліярацыйнага рова: ціха г прыгожа, буйнае зелле і кветкі.
Вясною, у лесе за ровам, дзе нікога няма, хадзіў з сынам, каб палазіцЬ па старых клёнах і ліпах. Вучыў яго як узлазіцца на дрэва. Сыну страшэнна спадабалася гэта.
Юрка пашоў. Ён не пашоў дадому, яму трэба было на вакзал. Спадзяваўся прыезду жонкі, але жонка не прыехала.
За саборам святога Мікалая сеў у аўтобус і заехаў на вакзал. Зайшоў у прывакзальны рэстаран, дзе прадаюць добрае нямецкае піва ў бутэльках. Папіў піва і вярнуўся ў цэнтр горада.
У цэнтр ехаў аўтобусам, абазначаным шостым нумарам. У месцы, дзе пачынаецца Алея Першамая, аўтобус раптоўна хібнуўся ўбок: з Алеі Першамая выехала проста на аўтобус малая легкавая машына, кіраваў ёю малады хлопец, побач яго таксама хлопец сядзеў, раскірачыўшы ногі. На заднім сядзенні відаць было дзяўчат. Шафёр аўтобуса прыадчыніў дзверцы і аблаяў усіх у легкавой машыне, але там не пераймаліся, праехалі міма аўтобуса. Дзяўчаты смяяліся.
Юрка зышоў з аўтобуса на Рынку Касцюшкі, на паўстанку каля рэстаўраванай старой ратушы. Прапусціў наперад дзяўчыну з вялізным чамаданам, яна хісталася, чамадан вельмі цяжкі. Юрка не бачыў, дзе і як яна сядала ў аўтобус з гэтакім чамаданам.
— Памагу пані, — сказаў да дзяўчыны.
«К чорту, знаёмыя ўбачаць», — падумаў. Чамадан быў сапраўды цяжкі.
Дзяўчына нічога не сказала, нясмела ўсміхнулася і пайшла побач.
— Цяжкі чамадан, — сказаў ён. — Не на вашы рукі чамадан.
— Мне недалёка, — сказала яна.
Чуўся нялоўка з чужою на Рынку Касцюшкі. Увайшлі ў спакойную вуліцу да парку, даходзілі да стаянкі таксі.
— Пані куды? — запытаў яе.
— Мне недалёка.
Ёй чамусьці стала смешна.
— Мне недалёка, — сказала. — Мне трэба да інтэрната Медыцынскай акадэміі.
Інтэрнат акадэміі амаль на ўскраіне парку, таксі непатрэбнае, смешна наймаць таксі. Але ў таксі можна было б не гаварыць, а ідучы пехатою не выпадае маўчаць.
Читать дальше