— Кудою тут у суд?
Яна хацела запытаць яго па імені, але чамусьці не запытала.
— Суд тут, — ён паказаў на ўсходы, якія абселі рабочыя-каменшчыкі.
Вецер ламатаў поламі плашча і дзёр за вочы. У жанчыны вочы схаваны ў моршчынах. Ён наклаў цёмныя акуляры.
— Ну, і сыпле пяском, — сказаў, каб не падумала, што ён мондрыцца.
«Памарнаваў вочы над кніжкамі», — падумала жанчына. — «Не трэба так забівацца навукаю».
Не адыходзіла, пра суд спытала так сабе. Ведала, дзе суд.
— Як жывецца? — спытаў ён, каб пачаць размову. Яму захацелася пагаварыць, усёроўна аб чым пагаварыць.
Ведаў, што трэба пачаць размову. Жанчына будзе стаяць і маўчаць. Ёй штосьці патрэбна, але яна будзе стаяць і маўчаць.
— От, дзякаваць Богу, — адказала яна. Спачатку трэба гаварыць мала.
— Як там жывуць мая мама і тата?
— Бачыла тваю маці ўчора, добра выглядае.
— А тата?
— Твой тата малоў жыта. Таксама добра выглядае.
— Здаровыя?
— Здаровыя.
Вясковыя размовы такія самыя.
— Паедзеш на вяселле?
Жанчына паглядзела.
— Вяселле? — здзівіўся ён.
— Стрыечны брат жэніцца.
— Жэніцца! — яму было ўсёроўна, хто жэніцца.
— Бярэ лясунку. Чыстая дзеўка. Жанчына яшчэ штосьці гаварыла, вецер здуваў яе словы на асфальт вуліцы і далей, уніз, да Рынку Касцюшкі. Юрка думаў, хто гэта яго стрыечны брат? Потым перастаў думаць і слухаў паабрываных слоў.
— Будзе вяселле, — сказаў ён, калі яна змоўкла.
— О, ля! Яшчэ якое!
— Добра.
— Пэўна, што добра...
— Калі жэніцца?
— Хутка. Ужо на запаведзь падалі.
— Добра...
— Мілая такая.
— Хто?
— Нявестка. Мілая такая, спакойная...
— Харошая?
— Харошая. Сёння бачыла іх у аўтобусе, ехалі ў Беласток па справункі.
— Ага.
— Не заходзілі?
— Яны?
— Не запрашалі яшчэ?
— Зойдуць, — Юрка хацеў сказаць што другое, але трэба сказаць менавіта так.
Магчыма, прыходзілі на кватэру тады, калі ён спаў? Як бы і памятае, што хтосьці стукаў, снілася вайна ў Карпатах і біла артылерыя. Потым плакала жонка... Добра, што не прачнуўся, не хо-чацца валачыцца па вяселлях, а адмовіцца не было б як. Зрэшты, можа і не прыходзіў брат. Яго амаль не ведае. Мала помніць яго. Ніколі не гаварыў з ім. Бачыў яго. Столькі ўсяго сваяцтва.
Жанчына ўсё гаварыла.
Чаго ты, кабеціна, тут у Беластоку і то ўвечары? Колькі ты стаптала парогаў за гэты дзень і ў якой справе? Чаго?
Прагаварылі хіба з паўгадзіны.
Жанчыне патрэбна было вырабіць метрыку праз суд і яна не ведала, як пісаць у суд і дзе пішуць?
I Юрка памог ёй. Жанчына спрабавала даць яму дзесяць злотых.
Ад'ехала апошнім аўтобусам, што перад восьмай. У дарозе спала і ёй сніўся хлеб. Ёй моцна хацелася есці.
Вуліца ветрылася, вецер дзьмуў прама, уздоўж тратуара. Хтосьці сказаў «дзень добры», Юрка паглядзеў за ім, гэта быў галоўны бухгалтар, адзіны начальнік, які першы вітаецца з падначаленымі і як бы спецыяльна сочыць ён за тым, каб хто не сказаў яму «дзень добры» хутчэй за яго. Гэта рабіла мілы настрой і многія па сённяшні дзень думаюць, чаму галоўны бухгалтар вітаецца з усімі без разбору, са сторажам і дырэктарам.
Аднойчы Юрка выклікаў службовую легкавую машыну і цэлы дзень правёў на візітацыі будоваў, дзе абсталяваны цяжкія будаўнічыя механізмы. Да канца працы заставалася дваццаць мінут. Юрка рашыў не заязджаць ужо ў бюро, вярнуцца проста дамоў.
Едуць Юравецкай вуліцай, праязджаюць каля аўтобуснага вакзала. Шафёр спыніўся і кажа:
— Адну хвілінку, пане кіроўнік, я толькі на пару слоў са знаёмым шафёрам.
Юрка не кіраўнік, ён намеснік кіраўніка, але шафёр мае справу.
— Проша, — адказвае Юрка.
Шафёр вылез з машыны, перабег на другі бок вуліцы, знік у дзвярах будынка вакзала. Юрка паглядзеў яму ўслед і напаткаў знаёмыя вочы, Вочы глядзяць не на Юрку, яны кіруюцца на машыну і ўбок ад яе, так глядзяць вочы людзей, якія намераны перайсці цераз вуліцу.
Юрка пазнаў: гэта Грыша, муж Тані.
Падышоў да яго і штурхнуў яго ў плячо.
— Ты чаго? — загаварыў Юрка так, як бы яны бачыліся ўчора і меліся кончыць някончанае.
Гавораць, перабіваючы адзін другога.
— Бачу, начальнік з цябе, машынаю разбіваешся, — азваўся Грыша пасля некаторага маўчання.
Глядзіць Юрку ў твар.
— Э, што ты, — Юрка махнуў рукою.
У руках Грышы папяровая торбачка. Чамадан лашчыцца да ног.
— У Беластоку апельсіны прадаюць, а ў нас няма, — кажа Грыша і паказвае торбачку.
— У Вроцлаве няма апельсінаў?
— Мо і ёсць, але пакуль вернемся з працы, ужо няма іх у крамах.
Читать дальше