I ён азваўся:
— Вучыцеся ў акадэміі? — не ўжыў слова «пані», і таму пытанне прагучэла ненатуральна.
— Так, на другім курсе.
— Цяжка вучыцца?
— Залежыць у якога прафесара, — сказала яна даволі свабодна.
— Калі я вучыўся... — і ён расказаў забаўную гісторыю з часоў сваёй вучобы.
Дзяўчына смяялася.
— Пану не цяжка? Мо разам будзем нясці? Яна прапанавала. Юрку здалося, што яна запрапанавала нешта больш, чым сваю руку пры чамадане.
— Не. Што вы! — хутка адказаў. Захацелася, каб яна не згадзілася, запярэчыла.
Але яна загаварыла аб ветлівасці, нейкі хам у цягніку наступіў ёй на нагу, абдзёр абцасам бок зграбнага туфля. Паказала на левы туфель.
— Змарнаваў туфель.
— Шкада туфля.
— Падабаюцца мне гэтыя туфлі.
Паставіў чамадан на асфальце алеі. Каля кіёска з напоямі натоўп дарослых і дзяцей, дарослыя п'юць з бутэлек, дзеці ліжуць lody і пішчаць.
— Цяжка пану.
— Не, — яму захацелася піць.
— Я панясу.
— Што вы! Я не з слабых.
Яна паглядзела яму ў рукі.
— Вып'ем, — сказаў ён.
— Я не люблю піва.
— Ёсць аранжада.
— Аранжаду можна.
Ёй таксама хацелася піць.
— Няма аранжады, — сказалі ў кіёску. — Ёсць ліманад, ёсць садовая вада.
— Бутэльку ліманаду і бутэльку піва, — сказаў.
Падаў дзесяцізлотавую манету.
— Капернік! — сказала з захапленнем дзяўчына.
На манеце адціснуты партрэт Каперніка.
— Капернік, — ён паглядзеў на манету, зразумеў, што гэтакіх манет пакуль мала і некаторыя захоўваюць іх сабе.
— Пані збірае манеты? — зноў нязграбнае пы-танне.
— О, так, — сказала яна. — А пан? Ёк узяў манету назад і падаў яе ёй.
— Проша.
— Але ж гэта грошы, — яна гаварыла няшчыра.
— Невялікія.
Сунуў манету ў яе далонь.
— Проша.
— Але ж...
— Проша, проша.
— Дзякую.
— Няма за што.
— Я маю дзве пяцёркі, — і пачала шукаць іх у торбачцы.
Падаў ёй бутэльку ліманаду.
— Вазьму не менш, як сто злотых.
Гэта быў жарт.
I яны засмяяліся.
Выпілі і пайшлі. Ішла блізка яго. Ужо відаць інтэрнат акадэміі і трэба запытаць дзяўчыны, як называецца яна.
— Прыгожы інтэрнат, — сказаў.
— Цесна ў ім, — сказала яна. — Многа студэнтаў не можа знайсці кватэры ў горадзе, жыве ў інтэрнаце нелегальна. Начуюць то ў адным, то ў другім пакоі. Цесны інтэрнат.
— Пабудуюць большы.
— О, ля! Калі гэта будзе.
Дайнілі да сходаў, дзверы расчыненыя, відаць у вестыбюлі студэнтаў, глядзяць на яго і на яе, гавораць паміж сабою.
Пастаялі. Зразумела, што ён не адважваецца і закончыла размову.
— Вельмі дзякую пану за дапамогу.
— Можа аднесці чамадан у пакой?
— Дам сама рады. Вельмі дзякую за дапамогу.
— Я магу аднесці. Пані будзе цяжка нясці па сходах.
— Не. Я і так замнога выкарыстала пана, — яна рашылася сказаць больш.
Усміхнулася яму ў вочы. Адкрыла рот і не сказала нічога. Потым сказала:
— Да пабачэння.
— Да пабачэння, — Юрку мацней захацелася адысці адсюль.
У вестыбюлі студэнты.
— Да пабачэння, — сказала яна яшчэ раз.
Ён хутка пайшоў назад. I колькі потым не прыглядаўся да студэнтак, не ўбачыў яе. Ён не помніў яе вачэй і носа.
Таня ад пяці год замужам у Вроцлаве.
Юрка вельмі кахаў Таню. Ездзіў да бацькоў у веску, дзе была жонка з дзяцьмі, дзень праводзіў на гутарцы — увечары выходзіў. Ішоў гародамі пад хату Тані і прастойваў там дапазна. Сабака. пазнаваў яго і не брахаў. Хадзіў пад хату Тані цёмнымі вечарамі, калі мог плакаць, не саромеючыся нават самога сябе.
ІОрка рэдка ездзіў у вёску. Вярнуўшыся, не ішоў дадому, заходзіў у «Асторыю» або «Крышталь», танцаваў. Потым быў спакойны.
Вецер дзярэ ў вочы, уначы задуваў мокрым снегам. Асабліва непрыемна праходзіць каля будынка суда, дзе рабочыя перабудоўваюць вялікія ўсходы, валяюцца кавалкі бетону і цэглы, і крушні пяску. Вецер кідае пяском, з высокіх усходаў ляціць пясок уніз, на тратуар. Проста ў вочы.
Юрка ідзе абы ісці, гэта добра асвяжае галаву. Ён некалькі дзён рыхтуецца да залікавых экзаменаў у вячэрняй інжынерскай школе, у якой настойліва вучыцца. Па вуліцы праязджаюць аўтобусы, яны доўгія і на міг засланяюць ад прыдзірлівага ветру. Вецер выскаквае з-за аўтобуса і кідаецца; бы шалёны. На ўсходах суда працуюць рабочыя, павярнуўшыся плячыма да ветру.
На рагу вуліц Складоўскай і Весялоўскага глядзіць на Юрку вясковая жанчына, адразу відаць, што вясковая яна. Ён паглядзеў на яе і яна сказала:
— Дзень добры.
— Добры дзень.
Была гэта кабеціна з мястэчка, яна пазнала яго, і ён пазнаў яе.
Читать дальше