— А чаму тая, вунь, паляна называецца Змеевай? Там няма змеяў, — пацікавілася Кіра. Саша непрыхільна скрывіўся, даючы зразумець, што замнога пытае.
— Ого, — ляснік дастаў люльку і напіхаючы яе махоркаю расказаў дзіўную гісторыю. — На гэтай паляне ўсюды рос буйны маліннік, у якім вяліся змеі. Змеі любяць маліннікі. Пан Валовіч загадаў, каб не забіваць змеяў, прысылаў сюды нарочных людзей аж з Ваўкавыска, якія лавілі самыя тоўстыя змеі і сушылі іх у печах. I малолі іх на восыпку панскім коням. Ад такой восыпкі конь стаецца гарачым, быстрым, і добра на такіх конях ваяваць. Апрача таго, змяіны тлушч памагае на хваробы...
Ляснік расказваў і расказваў, але Кіра ўжо не чула яго слоў. Яна думала аб тым малінніку і сцежцы, на якой знайшла манету, угледзела сляды, што завялі яе да каменя-валуна. Наважылася расказаць пра ўсё гэта лесніку Мацюкевічу, ды штосьці паўстрымоўвала яе.
Ляснік выдаіў кароўку, Саша і Кіра памаглі працадзіць малако ў бляшаную банку.
— Ну, піце на здароўе, — сказаў Мацюкевіч. Калі выходзілі ад яго, Саша штурхнуў локцем Кіру і паказаў галавою на куст шчыльнага ядлаўцу за плотам, за якім пачынаўся лес. За кустом хістаўся цень чалавека.
— Патрымай малако, — сказаў да Кіры, падаючы ёй банку.
— Ты з аднаго боку, а я з другога... — Кіра не паспела даказаць свой план.
Цень знік. Саша забег за куст, дзе хтосьці доўга стаяў, падслухваючы расказ лесніка і размову з ім. Трава за кустом цвёрда ўтаптана. Саша пабег далей.
— Саша! — крыкнула Кіра і ён вярнуўся. Кіра мела рацыю: пагоня без сэнсу, тым больш, што невядома, у якім напрамку ўцёк чалавек, цень якога Саша заўважыў, дзякуючы ранняму сонцу, што сыпала серабром паміж верхавінамі прыазёрнага сасонніку.
— Саша!
— Чаго, Кіра?
— Не баішся?
— Чаго баяцца!
— Аднак, трэба ўсё расказаць для таты.
Саша не адразу адказаў:
— Што з таго, калі раскажам. Мы ж нічагусенькі не ведаем, хто круціцца... Няма чаго расказваць, — Сашу вельмі хацелася адкрыць.
— Я не баюся, Саша, — сказала Кіра проста ў вочы.
Саша пераконваў яе ў сваёй слушнасці:
— Трэба б хоць даведацца, хто круціцца ўночы ля валуна: дзеці ці дарослыя людзі? Калі дарослыя, тады зусім другая справа...
— Падкрадземся туды?
— Вядома.
ЦЕНІ
Увечары, калі маці, накрыўшы ногі пледам, сядзела ў ляжаку перад домікам, а бацька рыхтаваў вуды да ранішняй лоўлі рыб, Кіра і Саша зышлі да возера пашпацыраваць перад сном.
Маці прыпыніла Кіру:
—Чаму ты без світэра?
— Мне цяпло, маманька.
— Накладзі світэр, — сказала маці. Кіра вярнулася па світэр.
Змрок снаваў сваё начэплівае чорнае павуцінне, абплятаючы зямлю, кусты, дрэвы, неба. Ад Чортавай затокі падкрадаўся туман. Па-над Залатым Рогам пашыбавала чапля, выпучыўшы пражорлівае воле. Вада рабаціць ад машкары і дзівосных мух, за якімі бегае водны павук, і сям-там плюскае, як дзіцячыя пацалункі, рыба, паядаючы бесклапотных насякомых. Гэта шлоткі пачалі працавітае паляванне. З глыбокай вады за чаротам выпырснула банда маленькіх акунёў, уцякаючых перад шчупаком. У месцы, дзе шчупак завярнуўся, утварыўся вірок не большы, чым дзесяцізлотавая манета. У возеры невядома чаго тырчэла крачка, замест даўно адплысці спаць у зялёным ціхаводдзі.
Кіра і Саша, дайшоўшы да крыніцы, накіраваліся ўглыб лесу, выбіраючы напрамкі паміж ядлоўцамі. Непрасветныя ядлаўцовыя зараснікі дасканала скрываюць людскую постаць і глушаць ход. Высока, на сасне, застагнала чайка-кнігаўка, залапатала крыламі і зляцела да блізкага берага. Жабы кумкалі аднастайнім хорам, апавяшчаючы добрую пагоду.
Кіра ішла наперадзе, яна ляпей арыентавалася пасля таго, як разам з лесніком і бацькам шукалі плачучага дзіцяці. Кіра прадчувала, што бацька ўстрывожаны ўчарашняй прыгодай. Сёння раніцай ён не паплыў на лоўлю, хадзіў кудысці — няйначай, як па тое, каб пераканацца, ці напраўду не здарылася няшчасце ўночы? Прышоў стомлены, але не зусім спакойны.
Ззаду трэснула сухая галінка. Кіра прыпынілася і пачакала на Сашу, які адстаў.
— Асцеражней ідзі, — зашаптала яму ў вуха, калі падышоў да яе.
— Гэта не я, — прашаптаў Саша. — Можа хто ходзіць па лесе?
Затаілі дыханне. Лес маўчаў, як бы хацеў сказаць: «Чаго стаіце, ідзіце, не бойцеся, я вас схаваю».
— Пайшлі.
У ялінавым лесе заблудзілі.
— Чаму не ўзяла ліхтарыка?! — папракнуў Кіру Саша.
— Каб усё змарнаваць, — зашыпела Кіра. — Бляск здрадзіў бы нас.
Выходзілі з ялінавага лесу і траплялі ў нейкую балаціну. Зноў вярталіся. Дрыжэлі ногі ад безупыннай натугі, каб не паваліцца на нейкім пні або на коўзкіх карэннях. Саша ўспомніў, што кара на старых дрэвах, на ўзлессі, мацней абрастае мохам ад паўночнага боку, куды не даходзяць сонечныя праменні, не высушваюць вільгаці.
Читать дальше