— Глядзі, каб болей так не рабіў! — казаў бацька да Сашы. — Можа стацца няшчасце. З вадою няма жартаў.
Сёння бацька сказаў:
— Дзеці, увечары наладзім вогнішча. Ты, Кіра, назбіраеш смольных шышак, а ты, Саша, пойдзеш са мною па сухапад.
Падчас абеду маці сказала да Сашы:
— Чаму, Сашанька, не ўзяў ты сваёй гітары? Забыўся?
— Забыўся, мама, — прызнаўся Саша, дзівуючы, як гэта магло стацца.
Бацька і Саша пайшлі збіраць сухапад далёка ў лес. У густым маладняку заплакала дзіця і ўзняўся трэскат. Не паспелі добра ўслухацца, як выскачыў адтуль заяц. Бег проста на іх, пішчаў, бы заплаканае дзіця. — Воўк!
— Дзе? — Саша ні разу не бачыў жывога ваўка. Заяц уцякаў перад ваўком.
Ваўка ўгледзець цяжка, ён імчыць хутка і ціха, адчувае чалавека здалёку і знікае быццам цень.
Найбольш сухападу знайшлі на высокай гары ў старым лесе, дзе вятры і віхуры. З высокага месца відаць вялікі камень-валун і Саша раз-пораз паглядаў на яго. Здалося, што камень як бы варухнуўся і ад таго ў Сашы падзеравянелі рукі.
— Не марудзь. Паспяшай, — падганяў Сашу бацька, даўно забыўшыся пра расказ Кіры аб манеце.
Узбіранае галлё расклалі на пачварнай сасновай галініне, якую абламала бура. Бацька цягнуў, а Саша памагаў збоку. Раптам адчуў, што глядзяць ча яго вочы. Аглянуўся, але нічога не заўважыў, не калыхнулася ніводная галінка ў кустах, не замаячыў ніякі цень. Запацелі рукі.
Бацька ішоў спакойным крокам, пасвістваючы ўлюбёную мелодыю «Ой, бярозы ды сосны»...
Вогнішча ўвечары ўдалося надзвычай. Наладзілі яго ля самюсенькага берага; абкапалі раўчаком, адгарнулі навокал кастрыцу, каб не нарабіць пажару. Кіра назбірала проста крушню сасновых шышак, ад якіх добры жар. Прышоў стары ляснік Мацюкевіч і прынёс у брызентавай торбе сырой бульбы. Пяклі і смакавалі яе, як нешта найсмачнейшае ў свеце. Ляснік абяцаў на-вучыць за другім разам пячы рыбу на агні.
Ляснік Мацюкевіч прыбіраўся расказаць цікавую прыгоду — прасілі яго і Кіра, і Саша, і бацька, і маці, — калі ў тую ж хвілю данёсся далёкі ды выразны плач. Гэта не быў заяц, гэта напраўду плакала дзіця там, дзе ўдзень збіралі галлё.
Мацюкевіч аж устаў, і ўсе паўставалі. Па возеры паскакаў бляск ад полымя, у блізкім чароце сонна заквакалі дзікія качкі, пад ногі, раздуваючы жар, поўз халодны ветрык ад вялікай вады.
— Што гэта? — маці занепакоілася не на жарты, углядалася ў чорную сцяну бору.
— Ідзем, — сказаў ляснік да бацькі.
— I я з вамі, — папрасіўся Саша.
— I я, — Кіра таксама хацела ісці.
— Не ўсе, — сказаў бацька.
— Дзяўчынка можа ісці з намі, — сказаў ляснік, паказваючы на Кіру. — А хлопец павінен застацца пільнаваць домік. Трэба, каб хто з мужчынаў застаўся на месцы, — дадаў ляснік Мацюкевіч, каб пацешыць Сашу. Ляснік меў рацыю.
У Кіры загарэліся вочы. Саша і маці пайшлі да доміка.
— Ідзі, Кіра, пераабуйся ў гумовыя боты, — сказаў бацька. — Ноч. У туфлях пакалечыш ногі, наступіш на вужа... I вазьмі электрычны ліхтарык, — прыпомніў ёй.
— Добра, тата.
Пакуль ляснік Мацюкевіч выбіў махорку з люлькі, Кіра вярнулася з доміка ў гумовых ботах, куртцы, і з электрычным ліхтарыкам. Ляснік выясніў для Кіры, што яна павінна клікаць у лесе дзіця, якое можа забаяцца голасу дарослых людзей.
Ляснік узяў ліхтарык, Кіра ішла на другім месцы, а бацька ззаду. Ляснік час ад часу запальваў ліхтарык, калі праходзілі праз мокрыя мясціны ў ялінавым лесе, дзе так цёмна, быццам вочы перасталі бачыць. Чуваць, як парыпваюць старыя яліны, гудзіць бліз твару камар, потым два камары, потым многа. Злятаюцца на бляск.
Калі выйшлі з ялінавага лесу ў сасновы, зрабілася відней, на небе мігцелі зоркі. Месяц яшчэ не ўзыходзіў.
Пасталі.
— Здаецца, ужо недалёка? — сказаў бацька. Плач дзіцяці паўтарыўся, калі праходзілі яшчз цераз ялінавы лес.
— Так, — ляснік ляпей ведаў ваколіцу. — Яно павінна быць недзе тут, зараз гара.
— Крыкні, Кіра.
— Го-оо-гоо-о... гу-уу-гу-у... Дзе ты-ыы?!
Рэха паляцела аж за возера і распалася ў палянах. Лес маўчаў, растапырыўшы ў неба касалапыя цені. Рушылі пад гару, Кіра спатыкнулася на карэннях, якія, бы расшчэмленыя пальцы бруднай рукі выставалі ад пачарнелага пня. Ішлі асцярожна, як толькі маглі, каб не нарабіць шуму. Ляснік Мацюкевіч нешта пачуў і зашаптаў да Кіры, каб болей не клікала.
На гары, аднак, нічога падазронага не прыкмецілі. Цямнелі плямы сырой кастрыцы, разгрэбанай галлём, якое валаклі бацька з Сашам. Відаць адсюль кавалак возера, а дакладней, Зялёную бухту. Сосны і яліны ссоўваліся ўніз да бялеючых бярозак і пакудлачаных ляшчын у балаціне. Узыходзіў месяц — вялізнае чырвонае кола выкацілася памалу з падзёўбанай адзінокімі соснамі Змеевай паляны. У месячным бляску пабялеў камень-валун, аб якім ніхто не думаў і цяпер усе паглядзелі туды: за валуном задрыжэў заціхлы плач, закончаны імклівым шолахам у кустах.
Читать дальше