Добры Дзядзька».
Кіра прачытала пісьмо яшчэ раз і моцна спалохалася. У той дзень нікому нічога не сказала.
— Чаму не хочаш есці? — дапытвалася маці. — Мо хворая ты?
— Можа двойку дастала! — сказаў Саша і пачырванеў ад сораму: сам па сабе не спадзяваўся, што пяройдзе яму праз горла такая зласлівасць!
Бацька нядобра паглядзеў на Сашу.
— Я буду есці, — сказала Кіра, намагаючыся, каб ніхто не прыкмеціў, што яна нешта тоіць. Ёй зрабілася цяжка ад таго, што не можа быць шчырай. Баялася паказаць страшнае пісьмо і не ведала, што рабіць? Хацелася ехаць у тыя аколіцы, туды, дзе возера Зэльва і вялізны камень у старым лесе.
Познім вечарам, калі ўсе паснулі, Кіра ціха ўстала з пасцелі, выйшла ў калідор, асцярожна зачыніла недамкнёныя дзверы ў пакой бацькоў. Вярнулася і запаліла начную лямпачку, абажур апусціла нізка, бляск падаў толькі на кавалак стала. Каля акна, на софе, спаў, раскрыжаваўшыся, Саша, ён мармытаў праз сон. Разбудзіла яго і паказала яму пісьмо. Саша спачатку нічога не зразумеў.
— Ціха ты, — прыцішыла Кіра яго хлапцоўскі голас. — Зачыні акно, а то машкара ляціць на бляск, і заслані фіранкаю.
— Так, — Саша перастаў пазяхаць, вытрашчыў вочы і думаў. — Дзіўнае пісьмо, дзіўнае... Яснае яно толькі нам. Мы ж нікому чужому не гаварылі, дзе знайшлі тую манету...
— Ага, — пацвердзіла Кіра, набіраючыся яшчэ больш страху.
— Ці ты заўважыла, што гэтае пісьмо выслана з Варшавы? — запытаў Кіру.
— Праўда, — Кіра паглядзела на канверт, на якім выразна чарнеў штамп варшаўскай пошты.
— Але пісьмо з Варшавы можа кожны выслаць, — сказала яна ўжо не спалоханым голасам. Не магла сабе дараваць, што адразу не звярнула ўвагі на штамп.
— Праўда і няпраўда, — адрэзаў Саша, які зноў штось заўважыў і не хацеў, каб Кіра папярэдзіла яго. — Паглядзі, як наклеена паштовая марка?
— Нічога незвычайнага не бачу...
— Тэ-тэ-тэ, — перабіў ёй Саша. — Ці людзі з горада так наклейваюць маркі? У горадзе часта пішуць пісьмы і не бавяцца ў прыгожае наклейванне марак.
Сапраўды, маркі на канверце наклеены вельмі дакладна і акуратна.
— Так робяць найчасцей тыя, якія рэдка пішуць пісьмы, — падхапіла думку брата Кіра. — Бач, рогі канверта сцёртыя, як бы хто доўга насіў гэтае пісьмо ў кішэні.
— Ну так, — згадзіўся Саша. — Хтосьці мог прывязці пісьмо ў Варшаву і там укінуць у паштовую скрынку. Мог зрабіць гэта пры аказіі або нат спецыяльна па тое прыехаць у Варшаву...
— Э там, гаворыш як малы, — Кіра выказала сваю рацыю. — Думаю, зроблена гэта пры аказіі, едучы да радні або ў службовых справах. Спецыяльна ехаць толькі па тое, замнога каштавала б кагосьці. Мог жа ўкінуць пісьмо ў Аўгустове або ў Беластоку, гэта бліжэй, чым Варшава.
— Хіба маеш рацыю. Той хтосьці меў аказію быць у Варшаве. А выслаць пісьмо з Варшавы гэта не тое самае, што з Аўгустова ці Беластока...
Саша сказаў прымаўку:
— Воўк крадзе авечкі далёка ад свайго гнязда.
— Пісьмо гэтае не пісала мужчынская рука, — сцвердзіла Кіра. — Напэўна.
— Але, — Саша аб гэтым не падумаў. Літары дбайна стаялі адна пры другой. Хлопцы не ўмеюць так цярпліва пісаць, а падпісваюцца з выкрутасамі, з фантазіяй... «Добры Дзядзька» напісана гэтаксама, як цэлае пісьмо.
— Не, не мужчынская рука, — Кіра яшчэ раз прыгледзелася да пісьма.
— I не дарослай жанчыны, — дадаў Саша.
— Па чым мяркуеш?
— Па словах, якімі напісана пісьмо, — сказаў Саша. — Дарослыя непрызвычаены пісаць коратка і прыгожа. Во, чытай... «цешся сонцам і вадою». Альбо: «I будуць плакаць маці з...» — Саша не дакончыў. Чамусьці пачуўся нядобра.
Кіра замаўчала.
— Пісала рука, якая не ведае цяжкай працы, — слушна заўважыла Кіра. I Саша пачуўся лягчэй.
Літары выведзены далікатна, без залішняга прыціскання пяра. Гэтая рука добра адчувае пяро.
— I ўмее роўна вырваць картку паперы з сшытка, — удакладніў Саша.
Пісьмо напісана на картцы паперы, вырванай з вучнёўскага сшытка.
— Каб гэтае пісьмо пісаў старэйшы чалавек, забаяўся б падпісвацца «Добры Дзядзька». Прыдумаў бы іншы псеўданім, — усё яшчэ разважаў Саша.
Кіра выглядала на зусім спакойную.
— Адкуль вядомы адрас тваёй школы ды імя і прозвішча? — паставіў пытанне Саша і тут жа адказаў сам сабе. — Мы многа гаварылі аб школьных сябрах і аб сваіх школьных прыгодах. Чуваць было гэта на цэлым возеры...
Саша не гаварыў ужо нічога цікавага і Кіра перабіла яму:
— Слухай, ведаем многа: пісьмо напісала добрая вучаніца, бо без памылак, жыве ў вёсцы, пісала сама, але на чыюсьці просьбу...
Читать дальше