На кладцы апынуўся без сіл.
Дзе Кіра?
Не дбаючы аб захаванне цішыні, ацверазелы ад болю ў левай назе, паклыгаў наперад, да бухты. Там паявілася перад ім нешта такое, ад чаго падняліся ў Сашы валасы і перастала балець у назе: стаяла высокая смерць з касою! Апрытомнеўшы, захацелася зарагатаць: гэта стаяла лодка з неразгорнутым парусам, а ў ёй насыпаная горба пяску. Да берага даходзіла цясніна, відаць глыбокая, аб якой ніхто не ведаў.
— Саша! — з цемені выйшла Кіра.
Уздрыгануў ад нечаканасці.
— Вось што мы бачылі штовечар у Зялёнай бухце, — сказаў Саша аб лодцы з парусам. Ён з цэлай сілы выганяў з сябе страх.
Кіра сказала:
— Яны вывозяць пясок на сярэдзіну бухты, каб не пакінуць ніякіх слядоў.
— Кіра, дзе ты схавалася?
Але Кіра казала:
— Яны не ўжываюць вёслаў, каб не палохаць птаства, і не нарабіць шуму.
Кіра добра разважала, у Зялёнай бухце аж кішэла ад дзікіх качак, што знаходзілі тут багатую спажыву.
— Кіра... — пачаў сваё Саша і абарваў у паўслове.
На кладцы, за імі, штосьці пляснула, забулькала гразь. Хтосьці чутна засоп, як бы вылазячы. Потым настала ціш. Аж цалкам блізка хтосьці затупаў раз і другі, усёроўна, бы назнарок. I як бы псычаў дзесьці вуж...
— Сюды! — Кіра тузанула Сашу за руку. Прыселі за кустом, на гнілым бярвенні, якое распадалася на дзве часткі і заплывала граззю, перамешанай зеллем. Саша пастанавіў атакаваць таго, хто паявіцца, збіць з ног, пакаціць у багнішча і ўцякаць з Кіраю ад праклятага мес-ца. Пяройдзе пяць мінут і будуць па пояс у, багне! Бярвенне пад імі прарывалася глыбей іглыбей.
Высунуўся вялікі цень, які прыцішана загаварыў голасам бацькі:
— Саша!, Кіра! Дзе вы?
— Тата! — амаль уголас крыкнула Кіра і замахаўшы ад радасці рукамі ссунулася ў дрыгву. Саша скочыў у куст, упёрся нагамі ў спле-ценыя карэнні, і з цэлай сілы цапнуў Кіру за руку, цягнучы яе да сябе.
Бацька падбег да іх. У Кіры падралася сукенка. У Сашы да крыві падзёрты голлем твар.
— Затрымаем іх перад кладкаю, калі будуць нясці кошыкі з зямлёю, — гаварыў бацька. — Тут няма як...
Калі, прайшоўшы праз небяспечную кладку ўбеглі ў лес, цень дзяўчыны стаяў каля валуна на гары.
— Чагосьці замарудзілі яны, — бацька ўсміхнуўся ў цемнаце. — Тым ляпей для нас. Ідзем.
Ад лесу падкраліся да валуна з таго боку, адкуль не было відаць дзяўчыны. Пад валуном скрыгат лапаты.
Бацька вышаў з-за валуна. Дзяўчына віснула і кінулася ўцякаць.
— Не ўцячэш, — засмяяўся бацька і грозна крыкнуў у нару шахты: — Вылазь, хлопча!
Кіра і Саша паабапал.
З чорнай нары выскачыў дзікі крык.
— Ратунку!!! — залямантаваў хлопец. Яго лямант заглушыла бульгатанне, быццам пасыпаўся на ваду раптоўны вялікі град.
Бацька прысеў ля нары і пасвяціў ліхтарыкам. Першае, што кінулася ў вочы, гэта пабялелы твар у вадзе, якая гвалтоўна падымалася. Пад валуном студня з дубовых бярвенняў, са шчылін сыплецца пясок, засыпаючы хлопцу вочы. I ён ніяк не можа намацаць звісаючую вяроўкавую леску.
Перакрыкваючы жудаснае бульгатанне бацька тлумачыў:
— Леска налева ад тваёй рукі!!
Крыкнуў заголасна, у студні загрымела бы выбух і хлопец яшчэ страшней завыў.
— Ратуй!!! Ратун-нку-у!!
Аслеплены пяском штораз хапаўся абедзвюма рукамі ў надзеі адшукаць леску, але чапляючыся за бярвенні студні тапіўся з галавою. Зноў выплываў і зноў гэтаксама тапіўся.
Бацька ўзяў канец лескі, прымацаваны ў падножжа валуна, махнуў ёю раз і другі так, як робіцца гэта з ланцугом, калі апушчанае ў студню вядро не чэрпае вады. Стараўся падаць леску проста ў рукі хлопцу.
— Зважай, татачка! Упадзеш! — непакоілася Кіра.
Саша свяціў у студню ліхтарыкам і маўчаў. Вада падымалася, пясок сыпаўся і сыпаўся са шчылін паміж бярвеннямі. Урэшце, за каторымсьці разам, бацьку ўдалося падаць леску і хлопец заціснуў на ёй рукі, як шалёны. Ён ані мог ані не быў здольны вылезці на верх па гэтай турыстычнай лесцы.
— Выцягнем! — крыкнуў бацька, не было чаго траціць ні мінуты. Хлопец, калі самлее, загіне тут! Бацька падаў Сашы канец лескі, памагала Кіра. Саша кінуў ліхтарык у траву; ляжаў непагашаны і свяціў дзесьці на Зялёную бухту.
— Не тузайце, бо ўпадзе! — гаварыў бацька. I ўсе цягнулі далікатна і плаўна, як скарб, які павіс на апошняй нітцы.
Твар хлопца паявіўся ў нары, бацька мамантальна абхапіў яго за шыю і вывалак. Ён ледзь дыхаў, цэлы дрыжучы, мокры і халодны. На свежым паветры страціў прытомнасць і трызніў.
Бацька ўзваліў хлопца сабе на плечы.
Читать дальше