Цёткі з маладзіцамі пасміхаліся вечарамі, што Надзя, пэўне, ужо замуж выйшла нарэшце за Супруна ў гэтакі час доўгі, няйначай, на Коляды другія хрысціны спраўляць прыдзецца. А мужчыны нашы, як мужчыны — свае плёткі маюць і яшчэ зіма гэта не скончылася, а другой ужо чакаюць, каб паглядзець, як Супрун пачне марыць голадам сябе, Надзю, дзетку чужую і худобіну ўсенькую; відаць, скнэра з яго страшэнны ды на зямлі не знаецца, толькі другіх па-вучаць прывык, што — там нядобра, тут нядобра, гэтак нядобра! Адзін ён, Супрун, разумны знайшоўся, прыблуда абарваны!
Перад Вялікаднем, ля царквы, прызналася Надзя шчыра перад суседкамі цікавымі, што, мабыць, запішацца незадоўга з Супруном, бо ён усё дурыць ёй галаву, каб жонкаю ягонаю стала, разам зажыць, гаспадарку на ногі паставіць. Нічога, што з яго валакіта быў бяздомны, сын парабка даўнейшага, але абрыдла яму па будовах вапну мяшаць, у гарадах абману рознага зажыў — зямлю любіць, гаспадарку любіць моцна, таму і на вёску падаўся. Што праўда, хітрасці мала мае, жыць з ім труднавата будзе, аднак на гаспадарцы патрэбны рукі моцныя, мужчынскія. Прытым, пахарашэў цяпер ён на месцы адным, як не кажы, апека мужчыне патрэбна. Мужык з яго нябрыдкі вельмі ўжо, а далей яна, Надзя, пакіруе ім, нябось, каб добра было. I спакойны ён, і не сварлівы, а паслушны, што не папросіш, усянютка зробіць. Не курыць, не п'е...
Разгаварылася Надзя пра Супруна свайго, аж кабеціны пазай-здросцілі ёй, і ніхто болын не гаварыў ні аб чым іншым з тых пор, як аб тым, ці доўга Супрун нагадуе дзіця не сваё, калі даведаецца пра Надзіны заляцанкі кавалерскія з хлопцамі распуснымі. А яна, напэўна, у нічым не прызналася перад ім, разяваю гэткаю!
Першым днём Вялікадня, не ведаю добра па-праўдзе, як гэта здарылася, але даволі, што той Васіль, кавалер былы Надзін, які аліменты плаціць ёй за Зінку, перапыніў п'яны на вуліцы Супруна, ды з нажом скочыў да яго біцца, усё роўна бы апантаны. I пагнаўся за Супруном далёка за вёску, і лаяўся ўслед ад апошніх. Так ці іначай, Супрун не паявіўся ўжо болей, хаця і не дагнаў яго Васіль, гарэлкаю аслаблены. Уся вуліца рагатала праз цэлы ранак святочны...
Што Васілю стрэльнула ў лоб, а мо людскімі падсмешкамі пераняўся, чорт яго ведае?! Бо ж яго жонка мнагадзетная безустанку сварылася з Васілём за тое, што нібы і надалей да Надзі заходзіць папоцемку. А цяпер нічога, не сварыцца, якаясьці як бы задаволеная сама смяецца, калі аб усім гэтым расказваць пачынаюць. Скаліць зубы і цешыцца, бы сыр згледзеўшы, што Надзі не быць ужо ніколі гаспадыняю; што ў старых дзеўках паміраць ёй з дзіцём няшлюбным, і нат «качайкаю» празвала яе, і ўсякімі яшчэ агіднейшымі словамі...
А людзям адна ўцеха з бяды Надзінай ды ўсё на жывот яе пазіраюць. Каб маглі, дык жывым у зямлю закапалі б чалавека! I што яна каму зрабіла кепскага, хаця б і Васілю гэтаму мсціваму?!
МАЦІ ЕЗДЗІЛА ДА ЛЕКАРА
Дарагая мая дочанька, Шура! У першых словах свайго пісьма паведамляю Цябе, што я жывая і пакуль здаровая. I, каб Бог даў Табе ўсяго найлепшага ў жыцці. Пішаш, што Генічку, сыночку маленькаму, дохтар прыпісаў кроплі ў нос запускаць, бо штосьці прастыў ён. Глядзі, шануй дзяцінку сваю мілую — майго ўнучка даражэнькага. Нічога, што лета гарачае цяпер; прадуць ветрам заўсёды можа. Мо ўначы раскрываецца ля акна прыадчыненага, пацее пад коўдаркаю, і вось, маеш — хвароба гатовая.
Мне таксама нездаровіцца здаўна. На тым тыдні так пачало ныць у крыжы, што не магу нагнуцца. Няйначай, у жніво перамучылася я. Авёс нам чыста высушыла на Александроўскім палетку. Пасярэдзіне палоскі бацька яшчэ мог захапіць яго касою, але па баках трэ' было сярпом жаць аж на каленні станавіцца — гэткім малым парос у нас, проста на пні паслеў увесь. У суботу ды і ў нядзелю звозілі снапы ў гумно; яксьці хмары паказаліся — думалі, дождж памочыць усенька...
Абрабіўшыся збольшага, кажу я да бэцькі, каб пусціў мяне ў горад, да лекара добрага. Вытрымання ніякага нямаш, не сплю, а мучуся, хоць ты енч на цэлы голас. Пайшла я ранкам да Сойчынай Горкі на паўстанак аўтобусны. А ў тым аўтобусе пусцюсенька; у час жніўны рэдка хто ездзіць, калі работы ў полі навала. Кандуктар адразу ўзяў грошы за дарогу, а білет меўся потым выдаць. Што ж мне да яго спраў? Абы даехаць да месца шчасліва і як найхутчэй. Ах-шо за Слаянскім лесам як не затармазіць машына, чуць не звалілася я на памосце са свайго месца, гэтак раптоўна шафёр прыпыніўся. У той жа момант ускоквае спераду адзін чалавек службовы ні то кандуктар, ні то які-лень ураднік адзеты па форме.
Читать дальше