Але здарылася адна гісторыя, якая мне вельмі не спадабалася. Узнагароды нам уручалі ўрачыстым чынам – пасля вайсковага параду ў Вільнюсе, на плошчы Сталіна. Уручаў нам узнагароды сам камандуючы заходнім фронтам генерал Вазелінаўскі. Дзеля ўзнагароды выклікалі маёра, мяне і нейкую кабету. І тут я са здзіўленнем убачыў, што злева каля мяне стала Ірка. Узнагародзілі яе золата-чырвонай зоркай з дыяментамі імя Ванды Васілеўскай.
Пасля ўрачыстасці я наблізіўся да Іркі і спытаўся:
– Шаноўная Ірэна Антонаўна, ці пазнаеце мяне?
А яна аслупянела і сказала:
– Ідзі ты да халеры, хам, бо зараз табе ў пысу трэсну!
Даў я ёй супакоіцца і адышоўся, хаця было вельмі цікава: якім чынам такая гідкая і ардынарная дзеўка была ўзнагароджаная ордэнам такой вялікай польскай патрыёткі і найвялікшай пісьменніцы свету Ванды Васілеўскай? Потым маёр (цяперашні палкоўнік) мне растлумачыў:
– Гэта вялікая рэвалюцыянерка і ахвяра гестапаўцаў. Мы вызвалілі яе з турмы, дзе сядзела ў немцаў па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Савецкага Саюза. Трымалі яе ў турме амаль тры гады. Нейкі савецкі здраднік данёс на яе ў гестапа, што яна працавала на карысць нашай разведкі. Але яна трымалася гераічна і нічога немцам не паведаміла. Таму яе прызналі “нязломнай”, узнагародзілі ордэнам і, як асобу з выключна высокімі сацыялістычнымі маральнымі якасцямі, прызначылі старшынёй Аддзелу Апекі над Маці і Дзіцем пры тутэйшым Гаріспалкоме [6] Гарадзкі Выканаўчы Каммэт (заўвага аўтара).
. Цяпер яна можа зрабіць вялікую кар’еру, бо нашы ўлады звярнулі на яе асаблівую ўвагу і цэняць яе вельмі высока.
Вельмі прыкра мне зрабілася, што я сваім даносам на Ірку ў гестапа не толькі не нашкодзіў ёй, але і велізарна яе ўзнёс. Але хто ж такое мог прадбачыць?
7 снежня 1944 года.
Вільнюс.
Маёр цяпер – як я ўжо пісаў – палкоўнік і атрымаў пасаду начальніка НКВД у Вільнюсе. Да мяне ён ставіцца вельмі добра і больш не было выпадку, каб я ад яго па пысе атрымаў. Зрэшты, і я цяпер не абы-якая постаць. Я ж не толькі герой Савецкага Саюза, адзначаны высокімі ордэнамі, але і капітан Чырвонай Арміі.
Нядаўна маёр выклікаў мяне да сябе і спытаўся:
– Хочаш быць начальнікам раённай міліцыі? Гэта вельмі важная пасада. А паколькі добра ведаеш мясцовасць і насельніцтва раёну, дык гэта пасада для цябе цалкам адпаведная. Падначальваўся б непасрэдна мне. Арганізаваў бы належным чынам народную міліцыю. Меў бы для дапамогі тых польскіх камуністаў, якія былі ў нашым партызанскім атрадзе.
Я вельмі ўзрадаваўся той прапанове і з вялікай удзячнасцю яе прыняў. Гэта давала мне магчымасць самастойна і з карысцю працаваць дзеля шчасця пралетарыяту і Савецкага Саюза. І на фронт, дзе можна лёгка загінуць, мяне ўжо не маглі паслаць. Акрамя таго, я мог праводзіць ліквідацыю ворагаў працоўнага люду, якімі, несумненна, з’яўляюцца ўсе палякі. А такія ліквідацыі могуць быць вельмі карыснымі таксама і для таго, хто іх праводзіць. Таму я адказаў наступным чынам:
– Таварыш палкоўнік! Ахвотна прымаю гэтую прапанову і дзякую за гонар, адзнаку і давер. Буду намагацца нішчыць ворагаў Савецкага Саюза на гэтай пасадзе не менш старанна, чым у часе нашага супольнага змагання.
Палкоўнік загадаў мне ўладкаваць мае справы ў Вільнюсе і праз тры дні з’явіцца да яго па дакументы і інструкцыі. А потым я мусіў выехаць у райцэнтр для прыняцця пасады.
Адплацілася мне, аднак, тое, што я быў нязломным камсамольцам і сынам нашай святой Расіі. Быў шчодра ўзнагароджаны за маю безгранічную адданасць БАЦЬКУ Сталіну і камунізму!
1 студзеня 1945 года.
Вільнюс.
Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!
З 15 снежня я – начальнік раённай міліцыі. Арганізаваў ужо больш за дзесяць пастарункаў у раёне. Маю ў сваім распараджэнні асабісты аўтамабіль і шафёра. Карацей: я цяпер ВЯЛІКІ чалавек і велізарная асоба.
Зрабіў я, карыстаючыся інфармацыяй ад польскіх камуністаў, некалькі спісаў ворагаў працоўнага люду і даслаў іх у НКВД для прыняцця рашэння і ўрэгулявання. Аказалася, што ўсё тутэйшае насельніцтва, акрамя сем’яў камуністаў і іх сяброў, па-прафашысцку настроенае і рэакцыйна арыентаванае. Таму будзе шмат працы з арыштамі, высылкамі ў лагеры і іншыя аддаленыя месцы Савецкага Саюза. Але цяпер трэба будзе рашуча ачысціцца ад тых контррэвалюцыйных элементаў.
22 снежня я атрымаў ад начальніка НКВД з Вільнюса загад: знайсці ў раёне адпаведны маёнтак дзеля арганізацыі “падсобнага хазяйства” [7] Падсобнае хазяйства - дапаможная гаспадарка (заўвага аўтара).
для НКВД. Мне адразу прыйшоў у галаву маёнтак пані Юзэфы. Ён зручна размешчаны. Мае добрыя зямлю і будынкі. А жывы інвентар можна будзе ў навакольных мужыцкіх гаспадарках сацыялізаваць. Зрэшты, адразу далучыць да маёнтку пані Юзэфы некалькі суседніх мужыцкіх гаспадарак. Такім чынам, і маёнтак павялічыцца, і будзе добра ўсім забяспечаны. Гаспадарку Малугаў трэба будзе далучыць у першую чаргу, бо яны маюць добрых коней і кароў.
Читать дальше